Праграма БХД. Свабода слова і нацыянальныя медыя
3.3.4. Уступленне чалавецтва ў інфармацыйную эру, шырокі распаўсюд інтэрнэту і новых тэхналогіяў дазваляюць забяспечваць дзяржаўныя паслугі насельніцтву на якасна іншым ўзроўні. Паколькі БХД бачыць дзяржаву як інстытут, які закліканы да эфектыўнага задавальнення надзённых патрэбаў грамадства, то мы будзем рэалізоўваць і развіваць у Беларусі праграму “Інтэрнэт-урад” – сістэму мер па абслугоўванні грамадзян і павышэнні эфектыўнасці функцыянавання органаў улады і дзяржаўных устаноў праз выкарыстанне віртуальнай прасторы і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
3.3.5. Рэалізацыя праграмы “Інтэрнэт-урада” будзе ажыццяўляцца з удзелам бізнэсу як на рэспубліканскім узроўні, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, што будзе спрыяць павышэнню якасці бюракратычных і грамадскіх паслуг. Мэтазгодна паступова пашыраць гэтую практыку (выкарыстанне інтэрнэту і новых тэхналогіяў) на самыя розныя сферы жыцця грамадства.
3.3.6. БХД выступае за стварэнне ў Беларусі Нацыянальнага тэлебачання і радыё. Новая тэлерадыёкампанія будзе знаходзіцца ва ўласнасці грамадства, кіраванне якой будзе ажыццяўляць Рада з прадстаўнікоў вядучых палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, цэркваў, вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў. Гэта дазволіць выпрацоўваць збалансаваную і незалежную эфірную палітыку, не падпарадкаваную інтарэсам асобных груп. Фінансаванне грамадскай тэлерадыёкампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт адмысловага абаненцкага збору, які будуць сплочваць усе ўладальнікі тэле- і радыёпрымачоў. Нацыянальная тэлерадыёкампанія будзе мець цэнтральны офіс і рэгіянальныя аддзяленні, што дазволіць ствараць агульнанацыянальную частку эфіру, а таксама інфармацыйны прадукт спецыяльна для кожнага з рэгіёнаў.
3.3.7. Стварэнне Нацыянальнага тэлебачання накіравана на фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці, нацыянальнай самасвядомасці і маралі. Яно мусіць спрыяць пазітыўнаму грамадзянскаму і сацыяльнаму выхаванню, трансляваць у грамадства станоўчыя мадэлі паводзін, прапагандаваць здаровы лад жыцця, хрысціянскія маральныя прынцыпы і нацыянальную культуру. Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць стаць вядучым сродкам масавай інфармацыі па крытэрыі якасці эфіра, прафесіяналізму журналістаў і ахопу аўдыторыі. Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць ствараць інфармацыйны прадукт, накіраваны на ўсе ўзроставыя катэгорыі, разнастайны па сваіх жанрах: духоўны, аналітычны, навінны, навукова-пазнавальны, развіццёвы, забаўляльны, мастацкі і г.д., то бок мусіць арыентавацца на інтарэсы ўсяго грамадства.
З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года