У Воршы рыхтуюцца сустрэць марш недармаедаў расейскай папсой
У Маладэчне адбыўся марш недармаедаў. У нядзелю, 12-га сакавіка, такі марш плануецца ў Воршы. Там мясцовыя ўлады загадалі развешаць гукаўзмацняльнікі на цэнтральнай плошчы горада. 10 сакавіка адбыўся поўнамаштабны тэставы запуск сістэмы, на плошчы гучала расейская поп-музыка, пры гэтым многія жыхары не разумеюць, навошта ў цэнтры Воршы так гучна ўключаць песні.
Сябра БХД Яўген Анішчанка не сумняецца: гукаўзмацняльнікі развешаны з мэтай заглушыць пратэстныя выступы аршанцаў. На яго думку, сваімі дзеяннямі ўлады толькі раззлуюць людзей:
– Улада крыху не разумее, яна забылася, што народ нельга сціскаць – калісьці гэта спружына выпраміцца. І тады выйдуць на вуліцу тысячы людзей і змятуць гэтую ўладу. На месцы ўлады трэба весці дыялог з людзьмі. Паляпшэння ў эканамічным плане не чакаецца, няма ніякіх зрухаў у той бок, думаю, эканамічны стан будзе толькі пагаршацца. Людзі пакрыўдзяцца яшчэ больш, асабліва тыя, хто заплаціў гэты падатак. Яны не разумеюць – вернуць ім грошы, ці не вернуць. Ніякай канкрэтыкі, што дэкрэт будзе адменены, ці істотна зменены, я не пачуў.
Раней на офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў Воршы адбыўся ператрус, былі канфіскаваныя кампутары і капіравальная тэхніка. Акцыя “Марш недармаедаў” запланавана на 12-га сакавіка, яна пачнецца а 13-ай гадзіне на цэнтральнай плошчы Воршы.