Затрыманых у Маладзечне ноччу ўсё-такі вазілі ў суд
Затрыманых удзельнікаў Маршу недармаедаў у Маладзечне, які прайшоў 10 сакавіка, усё-такі вазілі ў мясцовы суд. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведаміў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
Паводле яго, затрыманыя знаходзіліся ў судзе прыблізна з 23:00 10 сакавіка да 01:00 11 сакавіка, аднак ноччу ў суд адмовіўся ехаць суддзя, з-за чаго іх адвезлі назад у Маладзечанскі РАУС і суды прайшлі ўжо раніцай.
Таксама на раніцу міліцыянты замянілі пратаколы ў дачыненні затрыманых і свае паказанні ў іх.
Нагадаем, што ўвечары 10 сакавіка ў Маладзечне гвалтоўным чынам былі затрыманыя каля 15 чалавек, сярод іх – лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі Віталь Рымашэўскі (БХД), Юрась Губарэвіч (РЗС) і Анатоль Лябедзька (АГП), кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і іншыя.