Хрысціяне па-за палітыкай? Што пра гэта кажа Праваслаўная Царква
Хрысціяне па-за палітыкай. Гэты тэзіс вельмі папулярны ў нашых шыротах. Часта яго ўжываюць тыя, хто хоча неяк апраўдаць сваю палітычную пасіўнасць, ці ж наадварот аўтарытарныя ўлады спрабуюць пераканаць вернікаў, што лезці ў палітыку лепш не трэба. Безумоўна, ёсць і тыя, каму палітыка цікавая настолькі ж, наколькі шараговаму абывацелю структура лішайніку.
Але ці сапраўды хрысціяне па-за палітыкай? Што кажа на гэты конт царкоўнае вучэнне? Разгледзім асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, да якой адносіць сябе большасць насельніцтва Беларусі. Крыху пазней мы паспрабуем разгледзець па гэтым пытанні сацыяльнае вучэнне і Каталіцкай Царквы.
Згодна Асновам сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, маральны сэнс існавання дзяржавы — «выкарыстаць сілу дзяржавы для абмежавання зла і падтрымкі дабра». Царква загадвае сваім дзецям слухацца дзяржаўнай улады, незалежна ад перакананняў і веравызнання яе носьбітаў, маліцца за яе, «каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні» (1 Цім. 2:2).
Разам з тым хрысціяне «павінны ўхіляцца ад абсалютызацыі ўлады, ад непрызнання межаў яе чыста зямной, часовай і зямной каштоўнасці, абумоўленай наяўнасцю ў свеце граху і неабходнасцю яго стрымлівання». Сама ўлада таксама не мае права абсалютызаваць сябе, «пашыраючы свае межы да поўнай аўтаноміі ад Бога і ўсталяванага Ім парадку рэчаў, што можа прывесці да злоўжыванняў уладай і нават да абагаўлення уладароў». Пры гэтым пры ператварэнні дзяржавы ў самастойны інстытут губляецца яе сапраўднае прызначэнне, гаворыцца ў асновах сацыяльнай канцэпцыі РПЦ.
«Царква захоўвае лаяльнасць дзяржаве, але вышэй патрабаванні лаяльнасці стаіць Боская запаведзь: здзяйсняць справу збаўлення людзей у любых умовах і пры любых абставінах», — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Так, пры прымусе вернікаў да адступлення ад Хрыста і Яго Царквы, да грахоўных, душашкодных дзеянняў, «Царква павінна адмовіць дзяржаве ў падпарадкаванні». Яна «павінна ўказваць дзяржаве на недапушчальнасць распаўсюду перакананняў або дзеянняў, якія вядуць да ўстанаўлення цалкам кантролю за жыццём асобы, яе перакананнямі і адносінамі з іншымі людзьмі, а таксама да разбурэння асабістай, сямейнай або грамадскай маральнасці, абразы рэлігійных пачуццяў, нанясенні шкоды культурна-духоўнай самабытнасці народа ці ўзнікненню пагрозы свяшчэннаму дару жыцця».
Згодна з дакументам, святары і кананічныя царкоўныя структуры не могуць дапамагаць дзяржаве ў палітычнай барацьбе, перадвыбарчай агітацыі, кампаніі ў падтрымку тых ці іншых палітычных партый, грамадскіх і палітычных лідараў; вядзенні грамадзянскай або агрэсіўнай знешняй вайны; непасрэдным удзеле ў разведвальнай i iншай дзейнасцi, якая патрабуе захавання таямніцы нават на споведзі і пры справаздачы Свяшчэннаначаллю.
«Традыцыйнай галіной грамадскіх прац Праваслаўнай Царквы з’яўляецца зварот да дзяржаўнай улады пра патрэбы народа, аб правах і клопатах асобных грамадзян або грамадскіх груп. Такі зварот, які з’яўляецца абавязкам Царквы, ажыццяўляецца праз вусны або пісьмовы зварот да органаў дзяржаўнай улады розных галін і ўзроўняў з боку адпаведных царкоўных інстанцый», — гаворыцца ў дакуменце.
Царква заклікае паству быць законапаслухмянымі грамадзянамі зямной бацькаўшчыны. «Калі ж выкананне патрабавання закона пагражае вечнаму выратаванню, прадугледжвае акт вераадступніцтва або ўчынення іншага несумнеўнага граху ў дачыненні да Бога і бліжняга, хрысціянін пакліканы да подзвігу вызнання веры дзеля праўды Божай і выратавання сваёй душы для вечнага жыцця. Ён павінен адкрыта выступаць законным чынам супраць безумоўнага парушэння грамадствам ці дзяржавай пастановаў і запаведзяў Божых, а калі такі законны выступ немагчымы або неэфектыўны, займаць пазіцыю грамадзянскага непадпарадкавання», — абвяшчае дакумент.
У прыватнасці, хрысціянін можа не выканаць загаду ўлады, які прымушае да здзяйснення цяжкага граху. Ён можа ўступіць у прамы дыялог з уладай па узніклай праблеме; заклікаць народ прымяніць механізмы народаўладдзя для змены заканадаўства або перагляду рашэння ўлады; звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі і да сусветнай грамадскай думкі; звярнуцца з заклікам да мірнага грамадзянскага непадпарадкавання.
Так, «калі чалавечы закон зусім адхіляе абсалютную боскую норму, замяняючы яе процілеглай, ён перастае быць законам, становячыся беззаконнем, у якія б прававыя адзенні ён ні апранаўся. Напрыклад, у Дэкалогу ясна сказана: «Шануй бацьку твайго і маці тваю» (Вых. 20:12). Любая свецкая норма, якая супярэчыць гэтай запаведзі, робіць злачынцам не парушальніка яе, а самога заканадаўца», — абвяшчаюць асновы сацыяльнай канцэпцыі РПЦ.
«Ведай, што начальнікі і ўладары маюць уладу над целам толькі, а не над душою, і заўсёды утрымлівай гэтае ў думкі тваёй. Чаму, калі яны загадваюць, напрыклад, забіць або іншае што зрабіць недарэчнае, несправядлівае і душашкоднае, не павінна іх слухаць, хоць бы яны і мучылі цела. Бог стварыў душу свабоднай і самаўладнай і яна вольная паступаць як хоча — добра ці кепска», — цытуе дакумент прападобнага Антонія Егіпецкага.
Каноны забараняюць клірыкам браць на сябе ўдзел у справах дзяржаўнага кіравання. Але пры гэтым Царква ў асобе Сабораў, свяшчэннаначалля або ўпаўнаважаных асоб мае права выказваць публічна пазіцыю па грамадска значных пытаннях, прадстаўляць яе перад абліччам улады.
У тым жа час удзел праваслаўных свецкіх у дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, палітычных арганізацый, калі яно здзяйсняецца ў згодзе з веравучэннем Царквы, яе маральнымі нормамі і яе афіцыйнай пазіцыяй па грамадскіх пытаннях, з’яўляецца адной з формаў місіі Царквы ў грамадстве. «Міране могуць і пакліканыя, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, удзельнічаць у працэсах, звязаных з выбарамі ўладаў усіх узроўняў, і садзейнічаць любым маральна апраўданым пачынанням дзяржавы», — гаворыцца ў дакуменце.
Пры кіраванні дзяржавай і ўдзеле ў палітычных працэсах, праваслаўны свецкі чалавек закліканы засноўваць сваю дзейнасць на нормах евангельскай маралі, на адзінстве справядлівасці і міласэрнасці (Пс. 84:11), на клопаце пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт людзей, на любові да айчыны, на імкненні зменьваць навакольны свет па слове Хрыста. Аднак ён павінен ўсведамляць, што большасць прымаемых рашэнняў і прадпрымаемых дзеянняў прыносіць карысць адной частцы грамадства, абмяжоўваючы або ўшчамляючы інтарэсы і жаданні іншых. Хрысціянін, які працуе ў дзяржаўнай і палітычнай галіне, закліканы прыдбаць дар асаблівай ахвярнасці і асаблівай самаадданасці і быць уважлівым да свайго духоўнага стану, каб не дапускаць ператварэння дзяржаўнай або палітычнай дзейнасці з служэння ў самамэту, «якая сілкуе ганарыстасць, сквапнасць і іншыя заганы».
Удзел праваслаўных свецкіх у дзейнасці органаў улады і палітычных працэсах можа быць як індывідуальным, так і ў рамках асаблівых хрысціянскіх (праваслаўных) палітычных арганізацый або хрысціянскіх (праваслаўных) складовых частак больш буйных палітычных аб’яднанняў. Згодна з дакументам, існаванне такіх арганізацый Царква ўспрымае як станоўчую з’яву, якая дапамагае свецкім разам ажыццяўляць палітычную і дзяржаўную дзейнасць на аснове хрысціянскіх духоўна-маральных прынцыпаў. Праўда, калі заявы або дзеянні гэтых арганізацый і асоб істотна разыходзяцца з агульнацаркоўнай пазіцыяй па грамадскіх пытаннях або перашкаджаюць рэалізацыі такой пазіцыі, Свяшчэннаначалле мае права публічна абвясціць пра гэта, каб пазбегнуць збянтэжанасці і непаразуменняў сярод вернікаў і грамадства.
Такім чынам, як бачым з дакумента, прызнаючы важнасць дзяржавы і законапаслушэнства вернікаў, Руская Праваслаўная Царква, а такім чынам і Беларускі Экзархат як складовая яе частка, прызнае таксама ролю вернікаў у дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, палітычных арганізацый, калі яно здзяйсняецца ў згодзе з веравучэннем Царквы, яе маральнымі нормамі і афіцыйнай пазіцыяй па грамадскіх пытаннях, адной з формаў місіі Царквы ў грамадстве. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў вернікі вызваляюцца ад неабходнасці паслушэнства несправядлівым законам і патрабаванням улады аж да ўдзелу ў акцыях грамадзянскага непадпарадкавання.
У сваю чаргу Царква пакліканы звяртацца да «дзяржаўнай улады пра патрэбы народа, аб правах і клопатах асобных грамадзян або грамадскіх груп». Акрамя таго, у экстрэмальных выпадках Царква мае права адмовіць дзяржаве ў падпарадкаванні.