Віншуем з 85-годдзем Эрнста Сабілу!
Віншуем з 85-годдзем аднаго са старэйшых сябраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Эрнста Сабілу! Жадаем яму Божага дабраславення, моцы, вытрымкі і яшчэ доўгіх гадоў жыцця!
Эрнст Сабіла – вязень ГУЛАГу, заснавальнік Беларускай Евангельскай Царквы, сустаршыня Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці ў 1991-1995 гадах і сябра сучаснай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Нарадзіўся Эрнст Сабіла 18 сакавіка 1932 года ў Дзегцяроўцы, пад Мінскам. Сям’я Сабілаў як ненадзейная была выселеная падалей ад савецка-польскай мяжы — у Бабруйск. Падчас нямецкай акупацыі Cабілы далучыліся да евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Партызанілі.
У 1951-м студэнт Медыцынскага інстытута ў Мінску Эрнст Сабіла быў арыштаваны гэбістамі. Артыкул 72б савецкага крымінальнага кодэкса: «Актыўная антысавецкая агітацыя з ужываннем рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Прысуд — расстрэл. Расстрэл быў заменены на 25 гадоў пазбаўлення волі.
Быў голад. Былі здзекі. Былі хваробы. Спярша ў Падмаскоўі, потым на ўранавых шахтах у Усць-Каменагорску. Сабіла двойчы ўцякаў з лагера. Стралялі. Выжыў цудам: у найлепшага стралка аховы, які стаяў на вышцы, раптам заклініла зброю.
Вызвалены, Сабіла жыў пад пастаянным наглядам КДБ.
У 1988-м, ледзь толькі дыхнула Адраджэннем, Эрнст Сабіла арганізоўвае ў Мінску Беларускую Евангельскую Царкву. Вернікі з усёй Беларусі ехалі ў Сабілаву кватэру на Паўднёвым Захадзе. У 1989-м на І з’ездзе БНФ у Вільні менавіта пастар Сабіла зачытваў Божае Слова, а затым і правіў малітвы на першых фронтаўскіх мітынгах.
У 1990-я Сабіла як прадстаўнік пратэстантаў быў абраны адным з сустаршыняў Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці.
30 мая 2006-га ўлады пазбавілі Беларускую Евангельскую Царкву рэгістрацыі.
У адказ пастар Сабіла (сам — крэпасць Божая сярод беларускіх руінаў) збудаваў у Асіповічах гэткі ж магутны малітоўны дом. Гэта ж такую моц даў чалавеку Бог, што і пасля трынаццаці гадоў ГУЛАГа, дзесяцігоддзяў уціску, цярпенняў і барацьбы цягаў мяхі з цэментам на будоўлі Дома малітвы.
На будоўлі здарыўся цуд. Цікаўныя хадзілі глядзець на ўласныя вочы: дом меўся стаяць у нізіне, і нават лужыны тут не высыхалі, але вялізны катлаван, у якім магла б змясціцца цэлая хата з дахам, застаўся сухі.
Усе апошнія гады і рэшту сваёй цялеснай дужасці пастар Сабіла ўклаў у будынак на краі балота. Эрнст Канстанцінавіч верыць, што неўзабаве гэтыя вялізныя залы будуць запоўненыя евангельскімі вернікамі, якія славяць Бога па-беларуску.
На сустрэчах з Сабілам, палітвязнем савецкіх часоў, моладзь замірае. І ў цішыні словы ягонага сведчання кладуцца, быццам камяні ў падмурак. Сабіла сведчыць пра Бога ў сваім жыцці. Сабіла расказвае пра Беларусь, ягоны крыж. Сабіла гаворыць важка, вытрымлівае паўзы, і гэтыя паўзы цяжкія, як ягоны спакутаваны, але спакойны позірк спадылба, — каб да слухача дайшло.
— Набліжаецца мой час стаць перад Госпадам, — ціха, павольна, але так, што мурашкі па скуры, выгаворвае Эрнст Канстанцінавіч, — і ўжо адчуваю: свет рыхтуецца да таго, хто прыйдзе перад Хрыстом. Антыхрыста. Адчуваю вакол гэты дух.
Дух апошніх часоў…«Мы жывём сярод страшнага народа, які выракаецца сваіх продкаў», — сказаў калісьці Сабіла.
Маладыя і не вельмі вернікі ды пастыры, якія нават не мысляць шырынёй народа і глыбінёй краіны, дадзенай ім Богам, якія цураюцца казані на роднай мове, не заўважаюць тых нямногіх, хто, па грудзі ў твані, з астатніх сіл трымае на сваіх плячах і ўсю Беларусь, і іх саміх.
Павел Севярынец