Зварот Менскай абласной арганізацыі БХД
Шматпакутны беларускі народ не заслужыў жыцця пад прыгнётам дыктатуры аднаго чалавека. Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права самастойна выбіраць сабе ўладу, працаваць і атрымліваць годны заробак, ствараць сем’і і жыць у мірнай, незалежнай дэмакратычнай краіне, якую даў нам Бог.
Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Беларусі з’яўляецца народ. Але абраны ў 1994 годзе кіраўнік краіны вырашыў, што ён адзіны ўладар Беларусі, што выбары можна фальсіфікаваць, а Канстытуцыю зняважаць.
Вось ужо шмат год улада ў Беларусі не падсправаздачная свайму народу. І сёння, замест прызнання і выпраўлення сваіх памылак, Лукашэнка і яго прыкарытнікі зноў вырашылі выпраўляць сітуацыю хлуснёй, запалохваннем і адцягваць увагу грамадзян ад сваіх няўдач у дзяржаўным кіраванні стварэннем штучных ворагаў і тэрарыстычных пагроз.
Але беларусы – разумныя людзі і ўжо зразумелі, хто ў Беларусі галоўны вораг і тэрарыст.
Мы, Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны, выказваем сваё абурэнне ў сувязі з незаконнымі прэвентыўнымі затрыманнямі, гвалтоўнымі выкраданнямі, ператрусамі і збіццём грамадскіх актывістаў і журналістаў напярэдадні Дня Волі!
Мы патрабуем неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі і вызваліць усіх незаконна затрыманых і асуджаных!
Патрабуем спыніць ілжывую дыскрэдытуючую прапаганду ў СМІ!
Патрабуем неадкладна адмяніць зневажаючы дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”!
Патрабуем прыцягнуць да адказнасці ўсіх супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, даючых і выконваючых незаконныя загады затрымліваць і збіваць мірных грамадзян!
Патрабуем неадкладна вызваліць палітвязняў – Андрэя Бандарэнку, Міхаіла Жамчужнага, Аляксея Жалнова, Алеся Юркойця, Ірыну Моцную, Аляксандра Лапіцкага, Іллю Валавіка, Тараса Аватарава і ўсіх незаконна асуджаных беларусаў!
Патрабуем неадкладна вызваліць затрыманых па ілжывым абвінавачванням у арганізацыі так званых “масавых беспарадкаў”: Змітра Дашкевіча, Яўгена Афнагеля, Сяргея Пальчэўскага, Арцёма Леўчанку, Змітра Крамянецкага, Уладзя Яроменка, Рамана Васільева, Сяргея Стрыбульскага і ўсіх незаконна затрыманых патрыётаў!
Патрабуем спыніць кампанію запалохвання беларусаў напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, спыніць ганебную “размову” уладаў з грамадзянамі з пазіцыі сілы, спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народа!
Патрабуем паважаць законнае права беларусаў на мірны пратэст і забяспечыць права грамадзян на свабоду мітынгаў і шэсцяў, гарантаваных Канстытуцыяй!
Патрабуем неадкладна распачаць дыялог уладаў з усімі прадстаўнікамі беларускага грамадства з мэтай захавання міру, незалежнасці Беларусі і правядзення тэрміновых рэформаў ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі!
Заклікаем беларусаў 25 сакавіка годна адзначыць беларускае нацыянальнае свята – Дзень Волі, адчуць сваю еднасць, адчуць сябе народам, сапраўднымі гаспадарамі сваёй краіны і выказаць сваю волю! Запрашаем далучыцца да галоўнай акцыі ў Мінску – 14.00, Акадэмія навук Беларусі. З намі Бог!