З’езд беларускага каталіцкага духавенства 24-25 траўня 1917 года ў Менску
Ужо цягам некалькіх тыдняў пасля пераходу ўлады да Часовага
ураду і ўсталявання ў Расеі дэмакратычнай рэспублікі кіраўнікі пецярбурскай
супольнасці стварылі арганізацыйны камітэт З’езду беларускага каталіцкага
духавенства, які прадбачліва вырашылі праводзіць у Менску. Менск, на той
момант прыфрантавы губернскі горад, укрыжаваны паміж занятай немцамі Вільняй і
запруджаным расейскімі войскамі Магілёвам, стаўся ідэальнай пляцоўкай для
пачатку беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.
У арганізацыйны камітэт З’езду ўвайшлі Люцыян Хвецька,
Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Францішак Будзька і
Андрэй Цікота.
На З’езд,
які адчыніўся раніцай 24 траўня 1917 году ў Менскім катэдральным касцёле, прыбыло каля 30 святароў, пераважна
з Усходняй Беларусі і Петраграду.
Парадак першага дня З’езду ўлучаў даклады арганізатараў і
стварэнне камісіяў. Ксёндз Адам Станкевіч падае поўную праграму гэтага
гістарычнага паседжання:
І. Даклады.
1.Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцёльнага, а
такжа да акцыі каталіцкай у Беларусі. Рэферэнт Адам Станкевіч.
2.Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на
Беларусі ў нашых часах. Стварэнне каталіцкай партыі. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт
Гадлеўскі.
3.Акцыя духавенства грамадска-эканамічная. Рэферэнт
ксёндз Вінцэнт Гарасімовіч.
4.Акцыя прасветная. Рэферэнт ксёндз Фабіян Абрантовіч.
5.Акцыя выдавецкая. Рэферэнт ксёндз Люцыян Хвецька.
ІІ. Выбар пяці камісіяў: жыцця касцельнага,
палітычна-арганізацыйнага, школьнай, грамадска-эканамічнай, выдавецкай.
Як бачым, першы з’езд беларускай хрысціянскай дэмакратыі выявіў і ключавыя кірункі
развіцця хадэцыі, і адначасова вызначыў лідараў, якія павядуць за сабой БХД. Галоўнымі рашэннямі З’езду былі:
1.Патрабаванне шырокай аўтаноміі Беларусі ў
Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы.
2.Навучанне ў школах па-беларуску.
3.Увядзенне памалу ў касцёлах казанняў і дадатковых
набажэнстваў у беларускай мове.
4.Выдаваць уласную беларускую газету.
З кнігі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе