Сяргея і Вольгу Верамеенкаў вінавацяць у правядзенні пікету

17 мая 2017 16:17  |  Палітыка

Сяргея і Вольгу Верамеенкаў вінавацяць у правядзенні пікету

 

Ці можа свабода
перакананняў у Беларусі быць утаптаная ў бруд? Так, можа. У гэтым пераканаліся актывісты
БХД Сяргей і Вольга Верамеенкі, якія за фотаздымкі, дзе яны стаялі з разгорнутымі
нацыянальнымі сцягамі, уцягнуты ў адміністрацыйны працэс.

Кажа Вольга
Верамеенка:

– Я нават не
разумею, што адбылося. Мо сумна было таму следчаму, які маніторыў інтэрнэт у
пошуку фотаздымкаў? Можа ў яго больш спраў ніякіх няма? Я ўвогуле не разумею,
чаму я не магу размясціць фота са сваім сцягам. І з гэтага робяць нейкае
пікетаванне. Гэта не ўкладваецца ў маёй галаве.

Гэта было
фатаграфаванне ў падтрымку Васіля Палякова, якога пасадзілі за тое, што той
разгарнуў нацыянальную святыню. Абвінавачванне Верамеенкаў, што фатаграфуючыся
са сцягам яны нібыта правялі адначасова пікет, – яшчэ трэба даказаць.

Абураны такім
абвінавачваннем Сяргей Верамеенка:

– Гэта была,
насамрэч, агульная кампанія ў падтрымку Васіля Палякова. Фатаграфаваліся не
толькі мы, фатаграфаваліся і іншыя людзі. Магчыма яшчэ супраць кагосьці будзе
падобны ціск. Фотаздымкі, якія я выкладваў, прайшлі кампутарную апрацоўку. Хай
ходзяць і даказваюць, што гэта арыгінал і ўсё так і было.

Пратакол
адміністрацыйнага правапарушэння складаў лейтэнант міліцыі Казлоўскі па
даручэнні вядомага ў асяроддзі нацыянальных актывістаў старэйшага лейтэнанта
Вайцешкі. Суд над мужам і жонкай Верамеенкамі мае адбыцца 25-га траўня, а 9-й
гадзіне раніцы ў Ленінскім раённым судзе Гародні.

Якуб
Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Болей навін