Бабруйскія актывісты патрабуюць вярнуць гістарычны выгляд бабруйскаму касцёлу (фота)
У Бабруйску актывістка
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Наталлі Волах ініцыявала кампанію «Вернем
гістарычны выгляд бабруйскаму касцёлу» за вяртанне першапачатковага выгляду
будынка мясцовага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У прыватнасці, актывісты
і вернікі парафіі размаўляюць з жыхарамі і гасцямі горада пра сённяшні стан
касцёла, раздаюць ім інфармацыйныя ўлёткі пра яго гісторыю, збіраюць подпісы пад
зваротамі да ўладаз і прапануюць стаць валанцёрамі, каб працаваць разам.
Касцёл быў
пабудаваны ў 1901-1906 гадах, але ў 1960-я гады камуністычныя ўлады разбурылі фасадную
сцяну і вежу касцёла разбурылі, замест іх дабудаваўшы пяціпавярховы
адміністрацыйны будынак, які схаваў храм ад мінакоў. У 1989 годзе касцёл
вярнулі каталікам, але прыбудова засталася, і толькі праз яе можна трапіць у
храм. Доўгі час яна была на балансе камунальнага прадпрыемства «Бабруйскі
домабудаўнічы камбінат», які ў 2012 годзе пераўтварылі ў ААТ «Бабруйскбудкомплекс»,
100% акцый якога належыць Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва. Прадпрыемства
без удзелу вернікаў прыватызавала прыбудову і агульную з касцёлам сцяну. Зараз
«Бабруйскбудкомплекс» банкрут. У красавіку ТАА «БанкротГруп» узялося кіраваць
прадпрыемствам і збіраецца прадаць прыбудову за даўгі.
Напачатку вясны
вернікі ды актывісты БХД сабралі 500 подпісаў пад зваротам у Бабруйскі
гарвыканкам з просьбай перадаць адміністрацыйны будынак каталіцкай парафіі, каб
разабраць і аднавіць першапачатковы выгляд касцёла. Аднак першы намеснік
старшыні гарвыканкама Алег Ковель паведаміў, што адміністрацыйны будынак
належыць «Бабруйскбудкомплексу» і па пытанні яго перадачы трэба звяртацца ў
Мінбудархітэктуры. А з міністэрства вернікаў перакінулі ў «БанкротГрупп».
Тады актывісты
вырашылі звярнуцца непасрэдна да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, ьо
ўсе ніжэйшыя інстанцыі ўжо прайшлі. У лісце падкрэсліваецца ігнараванне ўладамі
вернікаў пры прыватызацыі і продажы прыбудовы за даўгі. Прэзідэнта просяць не
перанакіроўваць зварот у ніжэйстаячыя інстанцыі, а асабіста разгледзець яго,
каб вырашыць пытанне перадачы ўсяго будынка вернікам для аднаўлення
гістарычнага выгляду касцёла.
Адказу з
Адміністрацыі прэзідэнта пакуль не паступала. А вось намеснік старшыні
гарвыканкама Алег Ковель, які атрымаў копію звароту, паведаміў, што будынак не
мае ўласніка, а з нагоды яго прыватызацыі параіў звярнуцца ў суд. Пры гэтым ён
падкрэсліў, што, “кіруючыся канстытуцыйным правам кожнага на свабоду сумлення і
веравызнання і прызнаннем духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай
Царквы на тэрыторыі Беларусі, Бабруйскі гарвыканкам не пярэчыць супраць
аднаўлення гістарычнага архітэктурнага аблічча будынка рымска-каталіцкай
парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Бабруйску».
Ініцыятара
звароту, актывістка БХД Наталля Волах не ведае, чым скончыцца гісторыя з
касцёлам, але ў каментары BCHD.INFO яна адзначыла, што частка парафіян ужо збіраецца падаваць
у суд, бо невядома, на якой падставе адбылася прыватызацыя і хто даў на яе
згоду. Пры гэтым верніца дадала, што яшчэ ў кастрычніку 1989 года Бабруйскі гарсавета
дэпутатаў пастанавіў бязвыплатна перадаць касцёла вернікам і абавязаўся знесці
пяціпавярховую прыбудову. “Але гэта рашэнне ўлады не давялі да канца”, –
адзначыла Наталля Волах.