У Баранавічах пачынаецца набор у беларускамоўны клас
У новым навучальным годзе ў адной са школ горада можа
адкрыцца беларускамоўны 1-ы клас. Ці з’явіцца ён наогул і на базе якой з
устаноў адукацыі размесціцца, залежыць ад колькасці жадаючых вучыцца на роднай
мове.
Сёння ў Баранавічах ёсць адзіны беларускамоўны клас – у
гімназіі №4. Ён быў створаны па ініцыятыве бацькоў і спачатку існаваў у
сярэдняй школе №14.
У гэтым годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама
вырашыў набраць першакласнікаў у беларускамоўны клас, адкрыццё якога плануецца
ў школе №13.
– Ведаю са свайго досведу, што беларускамоўныя класы –
нешматлікія. Таму ствараць іх у перапоўненых школах будзе нерацыянальна. Тым
больш што ў нашым горадзе ёсць установы адукацыі, дзе колькасць вучняў дазваляе
адкрыць такі клас, – тлумачыцьСяргей Пузікаў, начальнік аддзела адукацыі,
спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама.
Аднак бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся на роднай
мове, лічаць, што беларускамоўны клас павінен з’явіцца ў прэстыжнай навучальнай
установе – у адной з баранавіцкіх гімназій. І пажадана, каб установа размяшчалася
ў цэнтры горада, куды з лёгкасцю могуць дабрацца вучні з розных мікрараёнаў.
Сяргей Пузікаў адзначае, што стварыць беларускамоўны клас
магчыма і ў гімназіі. Але для гэтага трэба сабраць поўны клас – 26 вучняў. Для
стварэння беларускамоўнага класа на базе, напрыклад, школы №13, дастаткова 5–7
жадаючых.
Жыхарка горадаВікторыя Ермаленка– адна з тых,
хто хоча, каб яе дачка вучылася ў беларускамоўным класе.
– Я сама карыстаюся дзвюма мовамі – рускай і беларускай. І,
на мой погляд, валоданне не толькі рускай, але і беларускай мовай вельмі
карысна. Да таго ж беларуская мова дазваляе спасцігнуць ментальныя моманты
нашай культуры, – тлумачыць Вікторыя.
Дачка Вікторыі зараз ходзіць у рускамоўную групу садка, але
раз на тыдзень у групе праводзяць беларускамоўны дзень. Дзяўчынка ўжо чытае
па-беларуску, а калі чагосьці не разумее, пытаецца ў маці.
– Я не думаю, што ў дачкі будуць праблемы ў зносінах з
аднагодкамі з-за беларускамоўнага навучання. Наадварот, гэта перавага, таму што
дзіця будзе аднолькава добра ведаць рускую і беларускую мовы, – лічыць Вікторыя
Ермаленка.
Усе, хто жадае, каб яго першакласнік навучаўся па-беларуску,
з 2 чэрвеня па 28 жніўня могуць напісаць заяву падчас падачы дакументаў у
навучальную ўстанову.
Аднак прадстаўнікі Баранавіцкай арганізацыі Таварыства
беларускай мовы, якія выступалі ініцыятарамі стварэння беларускамоўнага класа ў
нашым горадзе, прапануюць стварыць бацькоўскі камітэт. Такі камітэт, як лічыцьТаццяна
Малашчанка, актывістка Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі і старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай
мовы і адукацыі Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы,
дазволіць аб’яднаць бацькоў і калектыўна выказаць свае інтарэсы.
Жадаючых просяць патэлефанаваць па нумарах: 41-65-65,
8(029)723-53-60 да 1 чэрвеня.
“Сем плюсаў навучання па-беларуску
1. Якасны догляд за дзецьмі: павышаная ўвага да невялікай групы дзетак будзе
спрыяць лепшаму выхаванню i развіццю.
2. Дазваляе свабодна валодаць рускай і беларускай мовамі.
3. Развівае здольнасць да вывучэння замежных моваў.
4. Стварае асяроддзе аднагодак, якія карыстаюцца беларускай мовай. А гэта
спрыяе выхаванню сучаснага беларуса, здольнага канкурыраваць у шматнацыянальным
і шматмоўным свеце.
5. Вылучае ваша дзіця сярод іншых.
6. Развівае камунікабельнасць: папераменнае знаходжанне ў розных моўных
асяродках здымае бар’еры ў кантактах з рознымі людзьмі.
7. Стварае лепшыя ўмовы для канкурэнцыі за працоўнае месца: усё часцей
патрабуюцца людзі з валоданнем дзвюх дзяржаўных моў.