Дзяніс Садоўскі: спраўджваюцца найгоршыя прагнозы адносна даты мясцовай кампаніі

16 чэрвеня 2017 13:10  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Садоўскі: спраўджваюцца найгоршыя прагнозы адносна даты мясцовай кампаніі

 

Рашэнне ЦВК
прызначыць мясцовыя выбары на 18 лютага 2018 года спраўджвае найгоршыя прагнозы
адносна магчымай даты, адзначыў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай
дэмакратыі і кіраўнік кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі.

“Зноў улада
абірае даты, якія найменш падыходзяць для любой выбарчай кампаніі ў любой
краіне. Збор подпісаў – найбольш цяжкі перыяд для любога кандыдата – будзе адбывацца
ў маразы, падчас абодвух святкаванняў Раства і Новага году. Відавочна, што гэта
будзе найбольш складаная кампанія для кандыдатаў”, – заявіў ён.

На яго думку,
гэта адмыслова робіцца, каб ніякіх рэальных выбараў у краіне на фоне ўсіх
святаў не было чуваць. “Агітацыйны ж перыяд прыпадае адразу пасля Новага году –
у мёртвы сезон і ў самыя лютыя маразы, калі немагчыма выставіць нармальныя
пікеты”, – падкрэсліў адказны сакратар БХД.

“Ужо зараз можна
казаць, што, на жаль, нават абіраючы дату, улады не збіраюцца праводзіць выбары.
Іх галоўная задача – каб пра выбары ніхто не пачуў, каб усё прайшло, як
звычайны. Але большасць дэмакратычных партый ужо прыняла рашэнне пра ўдзел у
выбарах. Кампанія “Права выбару” таксама ўжо рыхтуецца ўжо да кампаніі
назірання. І хоць абраныя даты будуць ускладняць працу, мы зробім максімальна,
што ад нас залежыць, каб прадэманстраваць Беларусі і міжнароднай грамадскасці,
як рэальна адбываюцца выбары ў Беларусі”, – заявіў Дзяніс Садоўскі.

Болей навін