Баляслаў Ялавецкі: хрысціянскі дэмакрат і “кароль вузкакалейкі”
99 гадоў таму памёр адзін з пачынальнікаў
хрысціянска-дэмакратычнага руху на беларускіх землях Баляслаў Ялавецкі.
Баляслаў Ваўжынец
Ялавецкі(10 жніўня1846, Сылгудышкі, Свянцянскі павет Віленскай
губерні(цяпер Салдуцішкіс, Уцянскі павет, Літва) — 10 ліпеня 1918,
Петраград) – адзін з лідэраў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі
(1906), “кароль вузкакалейкі”.
Нарадзіўся ў
шляхецкай сям’і, бацька – Антон Ялавецкі (1819-1894) – валодаў 500 дзесяцінамі
зямлі. Скончыў Віленскую гімназію, у 1861—1865 гадах вучыўся ў Мікалаеўскім
інжынерным вучылішчы у Пецярбургу. У 1867 годзе паступіў у Мікалаеўскую
інжынерную акадэмію, якую выдатна скончыў у 1870 годзе— ягонае імя выбіта
на мармуровай дошцы ў будынку акадэміі,— і быў прызначаны ў інжынерны
корпус, у Галоўнае інжынернае ўпраўленне.
Вучыўся і стажыраваўся ў Аўстра-Венгрыі.
22 кастрычніка
1870года Ялавецкаму прысвоены чын штабс-капітана, але 13 красавіка
1871года, паводле ўласнага прашэння, ён звольнены са службы. Зноў
пакліканы на службу 21 верасня 1872года, 1 кастрычніка прызначаны ў
Пецярбургскае крапасное інжынернае ўпраўленне, а 27 кастрычніка камандзіраваны
на будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. У Пецярбург Ялавецкі вярнуўся ў
сакавіку 1873года, дзе яму было даручана кіраваць будаўніцтвам
Адміралцейскай набярэжнай. За паспяховае выкананне гэтай працы ён 26 снежня
1874года атрымаў асабістую падзяку імператара Аляксандра II, а 13
красавіка 1875года— чын капітана. Са жніўня 1875года па
снежань 1878-га ўдзельнічаў у будаўніцтве чыгункі Растоў—Уладзікаўказ.
30 сакавіка
1885года Баляслаў Ялавецкі падаў на імя імператара прашэнне аб адстаўцы
з-за хваробы, якое было задаволенае 16 ліпеня 1885года. За час службы
ўзнагароджаны ордэнамі святога Станіслава 3-й ступені і святога Ганны 3-й
ступені.
Таксама 15 гадоў
Баляслаў Ялавецкі быў дырэктарам Аляксандраўскага завода ў Пецярбургу, які не
саступаў лепшым заводам Еўропы. Быў аўтарам канструкцыі пабудаванага на заводзе
спецыяльнага цягніка для царскай сям’і. Там жа па праекце Ялавецкага наладжаны
выпуск вагонаў 2-га класа, якія мелі мяккія спружынныя сядзенні, або спальныя
аддзяленні (так званыя крэсла-ложкавыя вагоны). Да пачатку Першай сусветнай
вайны Аляксандраўскі завод асвоіў будаўніцтва адмысловых браняваных вагонаў і
санітарных цягнікоў.
Аўтар артыкулаў
на тэхнічныя тэмы, дакладаў і выступленняў у Рускім тэхнічным таварыстве. У
1878—1879 гадах у Пецярбургу выйшла праца Ялавецкага ў 2-х тамах «Вада, паліва
і паравозныя катлы», папулярная сярод расійскіх інжынераў-чыгуначнікаў. Вынаходца
пераносных чыгунак і абсталявання да іх сістэмы «Дольберг і Ялавецкі».
Баляслаў Ялавецкі
заснаваў і праз некаторы час узначаліў Першае таварыства пад’язных чыгуначых
шляхоў у Расіі, статут якога быў зацверджаны 26 сакавіка 1892 года імператарам
Аляксандрам ІІ. Першай будоўляй Таварыства была пракладкавузкакалейнай чыгуначнай лініі ад станцыі Свянцяны Пецярбургска-Варшаўскай
чыгункі да мястэчка Беразвеч (цяпер у межах Глыбокага), будаўніцтва якой
пачалося ў 1894 годзе. Першая чарга новай чыгункі (Свянцяны – Паставы, 66
вёрст) была адкрыта для руху 11 лістапада 1895 года, а 1 ліпеня 1897 года
пачала дзейнічаць другая чарга, Паставы – Беразвеч (53 вярсты). Чыгунка
паслужыла штуршком для эканамічнага і тэхналагічнага развіцця краю, дзякуючы ёй
з рэгіёну быў наладжаны экспарт малочных прадуктаў, прыйшоў дротавы тэлефон.
Да 1913года
Таварыству належала 1149 вёрст чыгуначных шляхоў— амаль палова
агульнарасійскай вузкакалейкі, а яго маёмасць ацэньвалася ў 27 млн рублёў. Найбліжэйшы
канкурэнт у Расійскай імперыі — Маскоўскае таварыства пад’язных шляхоў –
валодаў толькі 301 вярстой. Таварыству належалі Пятроўскі чыгуна-плавільны і
жалезаробчы завод (4200 рабочых), вугальныя шахты ў Екацярынаслаўскай губерні і
Данской вобласці. Апроч перавозкі пасажыраў і грузаў па сваіх чыгунках, Таварыства
таксама будавала на замову пераносныя рэйкавыя шляхі з рухомым складам,
вырабляла вагоны і ваганеткі, гандлявала машынамі і прыладамі для здабычы і
прасавання торфу і пераноснымі лесапільнымі заводамі.
Апроч таго,
Баляслаў Ялавецкі быў у ліку заснавальнікаў і стала прысутнічаў у складзе
праўлення Руска-Бельгійскага металургічнага таварыства з асноўным капіталам
20млн рублёў. Доўгія гады быў старшынёй праўлення акцыянернага таварыства
вагонабудаўнічага завода «Дызель».
У палітычным
плане належаў да кансерватыўнай плыні краёвага руху, ля вытокаў якога стаяў і
які папулярызаваў праз свае публікацыі “Літва, наша айчына…” і “Літва і яе
патрэбы. Нацыянальны катэхізм Літвы”, якія выйшлі адпаведна ў 1906 і 1907 гадах
у Санкт-Пецярбургу і Вільні. Фактычна сцвярджаў існаванне ў ВКЛ адзінага
польска-літоўска-беларускага этнаса, да якога таксама адносіў латышоў Інфлянтаў.
Не надаваў вялікай вагі існаванню розных моваў, але звяртаў увагу на тое, што
“ўвесь уклад ягонага (жыхара былога ВКЛ – рэд.) жыцця, звычаяў, сам сэнс
ягонага існавання настолькі паўсюдна аднолькавы, што апроч мовы цяжка заўважыць
якую-небудзь іншую розніцу. А гэта пацвярджае, што на ўсім абшары Літвы жыве
адна нацыя, спаяная на працягу стагоддзяў супольнай крывёй літоўцаў, палякаў і
беларусаў”.
Шлях да росквіту
краю Баляслаў Ялавецкі бачыў у салідарнай працы ўсіх яго грамадзянаў без
розніцы саслоўнай прыналежнасці, народнасці і веравызнання дзеля вырашэння
агульнакраёвых і агульнаграмадзянскіх праблемаў: “Мы ўсе роўныя – селянін,
шляхціч, рамеснік або купец – і павінны ўзаемна дапамагаць адзін аднаму”.
Паводле яго, карэнныя
жыхары краю павінны мець пяршынства пры прызначэнні на пасады ва ўсіх органах
самакіравання, а таксама ў адміністрацыі і судзе, а краёвыя мовы (польская,
літоўская і беларуская) таксама павінны дамінаваць у грамадскім і культурным
жыцці.
Баляслаў Ялавецкі
прапанаваў канкрэтную праграму сацыяльных, культурных і эканамічных
ператварэнняў, якая ў сваіх асноўных рысах стала асновай дзейнасці краёўцаў
кансерватыўна-ліберальнай арыентацыі. Падмуркам грамадскай і палітычнай
дзейнасці краёўцаў ён абвяшчаў царскі Маніфест 17 кастрычніка 1905 года і
далейшае развіццё канстытуцыйных прынцыпаў у заканадаўстве Дзяржаўнай думы і
Дзяржаўнай рады. Шэсць беларуска-літоўскіх губерняў павінны былі ўтварыць
Літоўскую правінцыю ў межах ВКЛ 1790 года з самакіраваннем у Вільні з
цэнтральным, акружным і гмінным самакіраваннем. Органы самакіравання выбіраліся
на падставе агульнага і бессаслоўнага выбарчага права. Усе народы краю атрымлівалі
магчымасць свабоднага адкрыцця грамадскіх, культурных, спартыўных ды іншых
арганізацыяў, у тым ліку народных школ з роднай мовай навучання. Падтрымліваў
ідэю, што “калі ўсё насельніцтва краю ператварылася ў народ”, то шляхта не можа
заставацца асобнай кастай і павінна абараняць інтарэсы ўсяго народу.
Выступаў супраць
спробаў умацаваць польскія пазіцыі ў краёвым руху і Паўночна-Заходнім краі.
Фінансаваў выданне ў Санкт-Пецярбургу літоўскай газеты “Lietuviškas lajkraštis”. Пры гэтым рэзка
пратэставаў супраць праяваў “моўнай агрэсіі” з боку дзеячоў
літоўскага нацыянальнага руху.
Як выбарны
прадстаўнік ад Свянцянскага павету Ялавецкі прымаў удзел у распрацоўцы
Палажэння аб земскіх установах у Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губернях. Уваходзіў
у кіраўніцтва Рымска-каталіцкага дабрачыннага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Быў
адным з ініцыятараў стварэння першай хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў
Беларусі -Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, у праграму якой
леглі многія яго ідэі. Ад ККПЛіБ у 1906годзе абраны ад Віленскай губерні
дэпутатам Першай Дзяржаўнай Думы. Уваходзіў у Краёвае кола Літвы і Русі. На яго
пецярбургскай кватэры праходзілі сходы сябраў ККПЛіБ і дэпутатаў ад Заходніх
ускраін Расіі. Сябар фінансавай камісіі Дзярждумы. Падпісаў законапраект “Аб
грамадзянскай роўнасці”.
Удзельнічаў у
спрэчках па аграрным пытанні. У прыватнасці, выступаў супраць адчужэння нават
часткі памешчыцкіх зямель, заяўляючы, што спрыяць вырашэнню эканамічных і
сацыяльных праблем павінны былі палітычныя змены: “Толькі свабодныя людзі,
грамадствы і народы ў стане зразумець адзін аднаго і стварыць найлепшыя формы і
ўмовы сумеснага пражывання”.
На перадвыбарчым
з’ездзе 1-2 верасня 1907 года ў Кіеве дэлегатаў губернскіх выбарчых камітэтаў
дзевяці Заходніх губерняў падпісаў рэзалюцыі з заклікам да будучых дэпутатаў абапірацца
на разуменне асаблівасцяў краю, клапаціцца пра інтарэсы ўсіх народаў
“Літвы і Русі”, спрыяць супрацоўніцтву паміж імі на падставе
роўнасці, у агульнанацыянальных справах дзейнічаць салідарна з прадстаўнікамі
Каралеўства Польскага, але не насуперак інтарэсам Краю.
Баляслаў Ялавецкі
крытыкаваў дзейнасць ўраду Пятра Сталыпіна і наогул не бачыў прынцыповай
розніцы паміж расійскімі кансерватарамі і лібераламі ў падыходах да вырашэння
нацыянальнага пытання. Ён быў упэўнены, што ўсе расійскія партыі падтрымліваюць
ідэю жорсткага цэнтралізму, якая караніцца ў светапоглядзе самой рускай нацыі:
“Мы з расіянамі не можам заставацца пад адной страхой і есці з адной
міскі. Гэта было б для нас вялікім няшчасцем”. Нармальнае сужыццё з Расіяй
бачыў толькі пры ўмове дзяржаўнай самастойнасці краю.
З 1909 года
супрацоўнічаў з віленскай газетай “Litwa”. Быў
дарадцам расійскага Міністэрства земляробства, дырэктарам акцыянернага
Паўночнага таварыства рускага знешняга гандлю. Падчас першай сусветнай вайны
служыў у званні палкоўніка ў Генштабе Расійскай імперыі. Атачаў апекай членаў
Лынтупскага зямляцтва ў Петраградзе, дапамагаў ім знайсці працу і атрымаць
адукацыю.
Памёр у пачатку ліпеня
1918 годзе ў Петраградзе і, магчыма, быў пахаваны на халерным Петраградскіх Мітрафаньеўскіх
могілках, якія былі ліквідаваныя ў 1930-я гады.
Жонка – Анеля
Віткевіч, родная сястра мастака, пісьменніка і архітэктара Станіслава Віткевіча
(1851-1915). Сын – польскі дыпламат Мячыслаў Ялавецкі (1876-1962). Дочкі –
Ядвіга (1875-1951), якая была замужам за польскім палітыкам і эканамістам
Уладыславам Жукоўскім і Юзафам Ліпкоўскім, і Анеля, замужам за Тадэвушам
Былінам.
У яго гонар і
падзяку за фінансавую апеку палярны даследчык Аляксандр Барысаў назваў мыс на
архіпелаге Новая Зямля ў Паўночна-Ледавітым акіяне. 1 ліпеня 2007 года на
станцыі Лынтупы (Пастаўскі раён) адкрыты бюст Баляслава Ялавецкага.
Максім Гацак