З’езды і кіраўніцтва БХД
У самы плённы перыяд дзейнасці Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя правяла фактычна чатыры з’езды: у 1926, 1927, 1928 і 1931 гадах.
У лістападзе 1926 года большасць лідэраў Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці – 45 чалавек – сабраліся ў Вільні на святкаванне 10-годдзя партыйнай газеты – “Беларускай Крыніцы”. Былі прадстаўнікі ад Віленскага, Браслаўскага, Дзісенскага, Вялейскага, Ашмянскага, Лідскага, Баранавіцкага, Наваградскага, Ваўкавыскага, Косаўскага, Беластоцкага, Сакольскага паветаў. Гэты сход меў усе прыкметы з’езда, бо разглядаў пытанні партыйнай дзейнасці, зацвярджаў новае кіраўніцтва БХД і замацоўваў назву “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Менавіта на гэтай сустрэчы было вырашана сабраць праз год новы, 4-ты партыйны з’езд (адпаведна, пасля менскага 1917 г., піцерскага 1918 г. і віленскага 1926 г.).
У выніку з’езду 1926 года, такім чынам, у склад Цэнтральнага камітэту ўвайшлі дзевяць чалавек: кампазітар Павал Каруза (старшыня), ксёндз Адам Станкевіч (намеснік старшыні), выдавец і эканаміст Альбін Стэповіч (сакратар), медык Язэп Жук (намеснік сакратара), доктар медыцыны Баляслаў Грабінскі, студэнт Станіслаў Станкевіч (скарбнік), выдавец Яхім Красоўскі, культурны дзеяч Янка Пазьняк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (BiełaruskajaKrynica, № 38, 29 кастрычніка 1926 года). У склад кіраўніцтва БХД таксама ўпершыню быў уключаны адзін праваслаўны – Якім Красоўскі.
6 лістапада 1927 года у Вільні сабралася 129 дэлегатаў і каля 50 гасцей – найвялікшы сход за ўсю гісторыю міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. З’езд прыняў абноўленую праграму БХД (яе выдалі пазней асобнай брашурай), зацвердзіў склад ЦК БХД – 9 асобаў і двох заступнікаў.
У склад ЦК ўвайшліПавел Каруза, Янка Пазьняк, Альбін Стэповіч, публіцыст Янка Шутовіч, Я.Ушакевіч, ксёндз-дэпутат польскага Сойму Адам Станкевіч, Я.Яковіч, літаратар Мікола Дварэцкі, Баляслаў Грабінскі, Якім Красоўскі і Язэп Жук. Таксама была абраная і рэвізійная камісія партыі ў складзе Станіслава Станкевіча, В.Малея, М.Аўрыцэвіча, А.Лукашэвіча. Трое з вышэй пералічаных асобаў былі праваслаўнага веравызнання (BiełaruskajaKrynica, № 47, 18 лістапада 1927 года).
Менавіта гэты з’езд знакаваў пераход БХД ад канфесійнай каталіцкай да міжканфесійнай агульнахрысціянскай партыі. 6 лістапада можна лічыць днём нараджэння той канцэпцыі беларускай хадэцыі, якая працуе і ў сучаснай БХД.
25 лістапада 1928 года там жа, у Вільні, прайшоў 5-ты з’езд БХД. З увагі на цяжкі матар’яльны стан людзей, лік дэлегатаў быў скарочаны – прысутнічала 72 дэлегаты з амаль усіх паветаў Заходняй Беларусі і 31 прыхільнік. Папраўленая, асабліва ў частцы зямельнай палітыкі, праграма была зноў перавыдана ў 1929-ым.Старшынём Прэзідыюму ЦК БХД быў абраны медык Ігнат Гагалінскі, яго намеснікам – Якім Красоўскі. Сакратаром стаў Янка Пазьняк, скарбнікам – Янка Шутовіч, а заступнікам сакратара – Мікалай Дварэцкі. “Таксама ў склад ЦК увайшлі ў якасці сяброў кс.Адам Станкевіч, паслы Павел Каруза і Альбін Стэповіч, Язэп Жук, кандыдатаў – кс. П.Татарыновіч і Галец. Дэпутаты Сойму Каруза і Стэповіч, якія раней уваходзілі ў склад прэзідыюму,ад уваходу ў новы прэзідыюм адмовіліся, “матывуючы гэта перашкодамі, зьвязанымі з выпаўненьнем пасольскіх абавязкаў”. У Рэвізійную камісію былі абраныя Баляслаў Грабінскі (старшыня), кс.Вінцэнт Гадлеўскі і А.Вашковіч, кандыдатам — студэнт Я.Ушакевіч”. (BiełaruskajaKrynica, № 54, 30 лістапада 1928 года).
Нарэшце, 13 снежня 1931 года адбыўся 6-ты з’езд БХД, на які прыбыў 101 дэлегат, прычым як ад каталікоў, так і ад праваслаўных, і 24 госці. З’езд пашырыў праграму, дапоўніў статут і выбраў новы ЦК партыі –інжынер Адольф Клімовіч (старшыня), Якім Красоўскі (першы віцэ-старшыня), Мікалай Дварэцкі (другі віцэ-старшыня), доктар Станіслаў Грынкевіч, Я.Чарнэцкі, В.Ярмалковіч, Я.Шутовіч (скарбнік), В.Таўкінь, Б.Бабарыка, рэдактар Я.Пазьняк (сакратар) і А.Сянкевіч. У Рэвізійную камісію былі абраныя выдавец Язэп Найдзюк, актор Аляксандр Яцына, рэдактар В.Васілеўскі і студэнт Язэп Малецкі. Адзначым, што абодва намеснікі старшыні прэзідыюму ЦК БХД былі праваслаўнымі (Беларуская Крыніца, № 41, 17 снежня 1931 года).
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе