Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова нагадалі Міклашу Харасці, што за кратамі яшчэ застаюцца палітвязні
Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня
Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова сустрэліся 5 ліпеня са
спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасці.
Прадстаўніка ААН
цікавіла палітычная сітуацыя ў Беларусі, рэпрэсіі ў апошнія месяцы ў дачыненні
да хрысціянскіх дэмакратаў, новыя метады рэпрэсій і спагнанне напамерных
штрафаў, пытанні нерэгістрацыі партыі і грамадскіх аб’яднанняў.
“Спадар Міклаш
быў вельмі адкрыты, яго
цікавіла наша праграма, нашыя прапановы па рэформах у Беларусі. Наша ж пазіцыя
засталася нязменнай: мы лічым, што кантакты з Беларуссю патрэбныя, але, калі
будзе аднабаковая супраца без рэформ, дыялог толькі з уладай без грамадзянскай
супольнасці і дэмакратычных сілаў, то гэта толькі закансервуе рэжым і не
прывядзе да рэформаў. Мы падзякавалі спадару Міклашу за працу на карысць
Беларусі у той час, як некаторыя заходнія дзеячы папросту здраджваюць ідэалам
дэмакратыі. Яго прыклад дае натхненне. Было дамоўлена, што мы працягнем
знаходзіцца ў кантакце”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Таксама на
сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі. Тое, што мала толькі вызваліць
затрыманых па “Справе патрыётаў”, а трэба яшчэ не дапусціць судоў над імі. Таксама
былі названыя прозвішчы тых палітвязняў, якія застаюцца за кратамі: Змітра
Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага, Аляксея Мілюкова (Жалнова) і іншых.