Гарадзенскім уладам перадалі больш за 700 подпісаў за паляпшэнне жыцця ў Альшанцы

06 ліпеня 2017 10:06  |  Грамадства

Гарадзенскім уладам перадалі больш за 700 подпісаў за паляпшэнне жыцця ў Альшанцы

 

Гарадзенскія
актывісты ў межах кампаніі Сацыяльна-хрысціянскага руху перадалі ў гарвыканкам
подпісы з патрабаваннямі палепшыць якасць жыцця ў мікрараёне Альшанка, у тым
ліку працу транспарту, а таксама вырашыць праблемныя пытанні інфраструктуры, у
прыватнасці, адсутнасці неабходнай колькасці дзіцячых садкоў і школ. Агулам
перададзена больш за 700 подпісаў гараджанаў.

У гарвыканкаме
актывісты перамовілі з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў, паведаміў актывіст СХР
Яўген Дудкін.

Гэтак, начальнік
аддзела рэалізацыі генеральнага плана ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва і
горадабудаўніцтва Вольга Барэйка абгрунтавала пазіцыю гарадскіх уладаў па
азначаных пытаннях, а дырэктар УКБ Гродзенскага аблвыканкаму Анатоль Урублеўскі
удакладніў, што план будаўніцтва школы да навучальнага 2018-2019 года ёсць, а
пытанне толькі ў фінансаванні, якое знаходзіцца ў кампетэнцыі горада і
вобласці. Начальнік аддзела будаўніцтва гарвыканкама Дзмітрый Сініца таксама
пацвердзіў, што пытанне будаўніцтва залежыць толькі ад фінансавання,
удакладніўшы, “гэта так бы мовіць, тэхнічны момант”.

Яўген Дудкін
таксама заклікае дэпутатаў не забываць пра абавязкі, узятыя імі на сябе аб
абароне правоў і законных інтарэсаў выбаршчыкаў, і дапамагчы ў вырашэнні
праблем жыхароў Альшанкі.

Болей навін