Эдвард Роп: пачынальнік хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі

25 ліпеня 2017 08:45  |  Грамадства

Эдвард Роп: пачынальнік хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі

 

25 ліпеня спаўняецца 78 гадоў з дня смерці
пачынальніка хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі Эдварда Ропа.

 

Эдвард Марыя барон фон
дэр Роп (14 снежня 1851, маёнтак Ліксна, Дынабургскі павет Віцебскай губерніі,
цяпер Латвія — 25 ліпеня 1939). Прадстаўнік інфлянцкага баронскага роду, продкі
якога паходзяць ад нямецкага крыжака, выхадца з Саксоніі Тэадорыха з Ропы, які
пасяліўся на тэрыторыі сучаснай Латвіі ў ХІІІ стагоддзі. Па маці – сваяк
“ліцвінскай Жанны д’Арк” Эміліі Плятэр, якая праславілася сваім удзелам у
паўстанні 1830-1831 гадоў. Сярод яго продкаў былі сярод іншага прадстаўнікі княскіх
родаў Вішнявецкіх, Палубінскіх і Агінскіх.

У сем гадоў страціў
бацьку Юлія Эмерыха Ропа, выхоўваўся маці ў глыбокай веры. У 1875 годзе скончыў
Пецярбургскі ўніверсітэт, пасля чаго працаваў у акружным судзе, затым – у
Сенаце і Міністэрстве дзяржаўнай маёмасці Расіі. Пасля трагічнай гібелі ў
Венецыі нявесты вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу. У 1886 годзе скончыў Ковенскую
рымска-каталіцкую духоўную семінарыю. 26 ліпеня 1886 года высвечаны ў дыякана,
2 жніўня таго ж года – у святара. У 1890 годзе ўдасканальваў адукацыю на
тэалагічных факультэтах універсітэтаў у Інсбруку (Аўстрыя) і Фрэйбургу (Швейцарыя).

3 1889 годзе ксёндз у
Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія), у 1892-1893 гадах – Курляндскі дэкан, з 1896-га –
канонік капітулы Жамойцкай дыяцэзіі. 9 красавіка 1902 года прызначаны біскупам
Ціраспальскім (цэнтр – у Саратаве), высвечаны ў біскупа 16 лістапада таго ж
года. Сучаснікі адзначалі яго «дбайнае служэнне Касцёлу, арыстакратычны такт,
глянец і выхаванне высокай дыпламатычнай маркі».

9 лістапада 1903 года
прызначаны біскупам Віленскім. На гэтай пасадзе абараняў святароў ад пераследу
з боку ўладаў, падтрымліваў выданне каталіцкай прэсы і духоўнай літаратуры,
змагаўся з дапамогай пастырскіх пасланняў і казанняў з развіццём сацыялістычных
ідэй. Увёў у практыку абмеркаванне справаў дыяцэзіі са святарамі. У адказ на
забарону віленскага губернатара правесці першы сход святароў накіраваў 20
верасня 1904 года пратэст расійскаму ўраду. У 1905 годзе апублікаваў таксама
інструкцыі для катэхізатараў, нягледзячы на нараканні міністра асветы на тое,
што іх не адобрыла міністэрства.

Эдвард Роп быў адным з
першых буйных дзеячоў каталіцызму ў Беларусі і Літве, які прызнаў правы
беларускай мовы. Выступаў супраць атаясамлівання каталіцызму з польскасцю,
спрыяў увядзенню літоўскай і беларускай моў у касцёльнае жыццё дзеля лепшага
разумення беларускім і літоўскім каталіцкім насельніцтвам асноў веры. Так,
сваім цыркулярам дазволіў, каб малітвы, катэхізіс, свяшчэнную гісторыю і
гісторыю Касцёла выкладалі дзецям, якія размаўляюць па-беларуску, на беларускай
мове.

“Беларуская мова
павінна на самой справе, а не толькі на словах атрымаць прызнанне. Яна мае
права на існаванне і развіццё, а таму павінна вывучацца нароўні з велікарускай
мовай у народных школах. Беларуская літаратура не павінна мець перашкодаў для
свайго развіцця, як рускімі, так і лацінскімі літарамі. <…> Не жадаючы
быць паланізатарам беларускага народу (гэта не павінна быць задачай рэлігіі),
пры тлумачэнні дзецям ісцін веры трэба выкарыстоўваць мову, на якой яны
гавораць у сваёй хаце, г.зн. – беларускую. Духавенству трэба прыняць удзел у
стварэнні агульнай, па магчымасці ўсім зразумелай літаратурнай беларускай
мовы”, – пісаў ён, накіроўваючы прадстаўнікоў духавенства ў камісію па
абмеркаванні пытання аб мовах пры віленскім генерал-губернатары летам 1905
года. За гэта абвінавачваўся ў занядбанні польскай нацыянальнай ідэі.

Актыўна ўдзельнічаў у
палітычным жыцці, належаў да руху краёўцаў, якія выступалі за аўтаномію
беларуска-літоўскіх губерняў у складзе Расійскай Імперыі.

Менавіта біскуп Роп быў ініцыятарам
і заснавальнікам першай хрысціянска-дэмакратычнай партыі на тэрыторыі Беларусі
– Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, якая стваралася з мэтай
абароны каталіцкага (беларускага, літоўскага і польскага) насельніцтва
Паўночна-Заходняга Краю, а таксама за аўтаномію і абарону інтарэсаў Краю. Па
словах біскупа, партыя стваралася “на аснове справядлівасці, любові і
згуртаванасці пад знакам крыжа”. Яна канчаткова
аформілася на з’ездзе 7 лютага 1906 года, у якім удзельнічалі прадстаўнікі
духавенства, буйных землеўладальнікаў, працоўных і сялянаў.

Для распаўсюджвання сваіх
ідэй Канстытуцыйна-каталіцкая партыя выдавала польскамоўныя хрысціянска-дэмакратычныя
газеты «Nowiny Wileńskie» (студзень-люты 1906), «Towarzysz pracy» (люты-сакавік
1906), «Przyjaciel ludu» (са студзеня 1906). Два апошнія выданні былі
арыентаваныя на працоўных і сялян. Акрамя таго, 1 сакавіка 1906 года біскуп
Эдвард Роп набыў штотыднёвік «Kurier Litewski», у якім неўзабаве сталі
публікавацца ўсе партыйныя матэрыялы.

На выбарах у І Дзяржаўную
думу ККПЛіБ, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, здолела правеці шэраг
дэпутатаў, у тым ліку біскупа Эдварда Ропа, караля вузкакалейкі Баляслава
Ялавецкага, ксяндза Антонія Сангайлу, селяніна Марціна Жукоўскага. Але пад
ціскам уладаў Эдвард Роп мусіў пакінуць кіраўніцтва Канстытуцыйна-каталіцкай партыяй,
а сама партыя была неўзабаве забароненая.

У Думе біскуп прадстаўляў
Віленскую губерню і ўваходзіў у «Кола тэрытарыяльнае», якое аб’ядноўвала
дэпутатаў-“краёўцаў” ад Беларусі, Літвы і Украіны, і ў фракцыю аўтанамістаў. Выступаў
супраць рэвалюцыйнага руху. Актыўна процідзейнічаў русіфікацыйнай палітыцы,
дамагаўся кампенсацыі маёмаснай шкоды, нанесенай расійскімі ўладамі Каталіцкай
царкве, у прыватнасці, рэквізіцыямі касцёлаў, кляштараў, зямельных участкаў. Выступаў
супраць крайнасцяў у палітыцы: “Не жадаем гвалту, не жадаем унутранай барацьбы,
а імкнемся да паступовага развіцця”.

Актыўна рыхтаваўся да
ўдзелу ў выбарах у ІІ Дзяржаўную Думу, але пастаўлены 3 снежня 1906 года
міністрам унутраных спраў перад выбарам: альбо пакінуць займаемую пасаду, альбо
адмовіцца ад дэпутацтва ў Думе, быў вымушаны зняць сваю кандыдатуру. Тым не
менш адыграў важную ролю ў заключэнні пагаднення паміж сялянамі і
землеўласнікамі Віленскай губерні.

Таксама быў
заснавальнікам хрысціянска-дэмакратычнага Каталіцкага саюзу працоўных.

У кастрычніку 1907 года,
нягледзячы на пратэст Святога Пасаду, загадам міністра ўнутраных спраў адхілены
ад кіравання дыяцэзіяй. Быў абвінавачаны ў непрымальнай для духоўнай асобы
палітычнай актыўнасці, у імкненні паланізаваць літоўцаў і беларусаў, у
арганізацыі масавага пераходу з праваслаўя ў каталіцтва. Быў высланы з Вільні 5
кастрычніка 1907 года і быў вымушаны правесці некалькі тыдняў у кляштары пры касцёле
Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, затым дзесяць гадоў пад наглядам паліцыі ў
маёнтку свайго брата Нішча (Віцебская губерня) і ў Тыфлісе (Тбілісі, Грузія).
Абавязкі адміністратара Віленскай дыяцэзіі пачаў выконваць мінскі дэкан Казімір
Міхалкевіч.

Эдвард Роп узгадваецца
сярод заснавальнікаў (разам з князем Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, баронам
Казімір Шафнагелем, ксяндзамі Вінцэнтам Гадлеўскім і Аляксандрам Астрамовічам)
у 1915 годзе першай правай менавіта беларускай партыі – “Хрысціянскай злучнасці”.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі
Часовы ўрад дазволіў вярнуцца яму са ссылкі. Паколькі тэрыторыя Віленскай
дыяцэзіі была акупаваная нямецкімі войскамі, Эдвард Роп пасяліўся пры касцёле
Святой Кацярыны ў Петраградзе. 29-31 траўня 1917 годзе ўдзельнічаў у першым
сінодзе расійскіх каталіцкіх святароў візантыйскага абраду на чале з
мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім.

Са згоды Часовага ўраду
25 ліпеня 1917 года прызначаны Папам Рымскім Бенедыктам XIV арцыбіскупам
Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе. На
гэтай пасадзе працягваў падтрымліваць беларускую мову, у тым ліку ідэю яе
ўвядзення ў набажэнства. Падчас візітацыі ім касцёлаў усходняй Беларусі
некаторыя ўрачыстыя набажэнствы праводзіліся на беларускай мове.

Улетку 1917 года дазволіў
дзейнасць суполак БХДЗ на базе каталіцкіх парафіяў.

Летам 1917 года
мітрапаліт ад імя Ватыкана заключыў пагадненне з Часовым урадам па пытаннях,
якія тычыліся становішча Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Расіі і заснавання
дыяцэзій. У кастрычніку распрацаваў разам з камісарам Часовага ўраду Сяргеем
Катлярэўскім царкоўную канстытуцыю. Арцыбіскуп таксама падтрымліваў Каталіцкі
Касцёл усходняга абраду, высвяціў некалькі дыяканаў. Быў сябрам Ліквідацыйнай
камісіі па справах польскай дзяржавы. Заснаваў Хрысціянска-дэмакратычную партыю
Расіі.

Эдвард Роп не прыняў
Савецкай улады і называў Савецкі ўрад «пасланцамі д’ябла». Пратэставаў супраць
дэкрэта пра аддзяленне Царквы ад дзяржавы ад 23 студзеня 1918 года, а таксама
накіраваў у Наркамат юстыцыі пралата Канстанціна Будкевіча для вядзення
перамоваў па гэтым пытанні, якія не прынеслі поспеху. У 1918 годзе як кіраўнік каталікоў Расіі
звярнуўся з лістом да савецкага ўрада з патрабаваннем спыніць негалосную
цэнзуру, якой падвяргаліся казанні, следствам чаго стала правядзенне некалькіх
ператрусаў у рэзідэнцыі арцыбіскупа.

2 красавіка 1919 года
выдаў загад, паводле якога ў каталіцкіх парафіях ствараліся на чале з
пробашчамі касцёльныя камітэты, якія мусілі падпісаць з савецкімі ўладамі
дамовы аб сваёй адказнасці за касцёльную маёмасць. Таксама для каардынацыі
дзейнасці ў Петраградзе заснаваў і кіраваў Цэнтральным камітэтам Магілёўскай
архідыяцэзіі. Камітэт распрацоўваў меры па супрацьстаянні бальшавіцкім антырэлігійным
кампаніям і ажыццяўленню дэкрэта «Аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад
Царквы», у частцы нацыяналізацыі царкоўнай маёмасці. Цыркуляры мітрапаліта
заклікалі духавенства ўсяляк процідзейнічаць правядзенню ў жыццё гэтага дэкрэта
і канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў.

Арыштаваны 19 красавіка
1919 года ў Петраградзе як закладнік пасля ўзяцця Вільні Чырвонай Арміяй. Арышт
арцыбіскупа выклікаў шматлікія акцыі пратэсту сярод каталіцкага насельніцтва і
зварот вернікаў да народнага камісара юстыцыі Пятра Красікава, з прычыны чаго
мітрапаліт быў пераведзены з Петраграда ў Маскву – спачатку на Лубянку, затым у
Бутырскую турму.

Ад расстрэлу яго
выратавала хадайніцтва Ватыкана. Папскі нунцый у Варшаве Ахіл Рацці (будучы
Папа Рымскі Пій XI) і Чырвоны Крыж вялі перамовы з савецкім урадам аб абмене
мітрапаліта Ропа на камуністычнага дзеяча Карла Радэка, які знаходзіўся ў
зняволенні ў Германіі. 17 лістапада 1919 года арцыбіскуп быў вызвалены і выехаў
у Варшаву, дзе працягваў лічыцца кіраўніком Магілёўскай архідыяцэзіі.

Неаднаразова спрабаваў
вярнуцца на занятыя бальшавікамі тэрыторыі, у тым ліку пры падрыхтоўцы Папскай
місіі дапамогі галадаючым Паволжа ў 1921 годзе. Для пашырэння каталіцкіх місій
у Расіі заклікаў ужываць практыку бірытуалізму святароў, якія б маглі
адначасова выкарыстоўваць лацінскі і візантыйскі абрады.

У 1922 годзе прызначаны
трон-асістэнтам Святога Прастола. З 1924 года – кіраўнік заснаванага па яго
ініцыятыве Люблінскага місіянерскага інстытута па працы з Расіяй, кіраўнік сакратарыята
Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1923 годзе звярнуўся да Сусветнага кангрэсу
хрысціянскіх рэлігій з заклікам прыняць рэзалюцыю супраць рэлігійных пераследаў
у Расіі.

З 1938 года жыў у Познані,
дзе і памёр 25 ліпеня 1939 года. У 1983 году парэшткі арцыбіскупа фон Ропа
перанесеныя ў Беласток, дзе пахаваныя ў катэдральным касцёле.

Максім Гацак

Болей навін