72 гады таму камуністы расстралялі віцэ-старшыню БХД

25 ліпеня 2017 08:49  |  Грамадства

 

72 гады таму, 25 ліпеня 1945 года, камуністы
расстралялі віцэ-старшыню БХД Станіслава Грынкевіча.

 

Станіслаў Грынкевіч –
віцэ-старшыня БХД ў 1931-1936 гадах, лекар-псіханеўролаг, публіцыст,
перакладчык і драматург, адзін з выбітных інтэлектуалаў
хрысціянска-дэмакратычнага руху ХХ стагоддзя.

Нарадзіўся Стась
Грынкевіч у вёсцы Новы двор Сакольскага павету (зараз Падляскае ваяводства
Польшчы) 2 лютага 1902 года. Ягоны дзядзька ксёндз Францішак Грынкевіч быў,
паводле сведчання Адама Станкевіча, адным з будзіцеляў беларускага
хрысціянскага руху на Гарадзеншчыне ў пачатку стагоддзя. Жывучы ў дзядзькі, пад
уплывам ксяндза Францішка Станіслаў стаў прынцыповым беларусам.

Вучыўся Станіслаў Грынкевіч
у Гродзенскай гімназіі і на медычным факультэце Віленскага універсітэта. Пазнаёміўся
з тэорыямі псіхааналітыкаў Фройда ды Юнга, якія аказалі істотны ўплыў на яго як
прафесіянала. Скончыў Познаньскі універсітэт па спецыяльнасці “псіханеўралогія
і гігіена”, затым працаваў у Познаньскім шпіталі і вар’ятні Харошчы ля
Беластока.

Станіслаў Грынкевіч
захапляўся тэатрам, даследваў гісторыю і тэхналогію тэатральнага мастацтва – і
ўрэшце сам стаў драматургам. Ягоная п’еса “Жанімства па радыё” (1927) з
поспехам ставілася і ў тэатральных гуртках БХД, і ў прафесійных тэатрах Другой
Рэчы Паспалітай ажно да вайны. Паводле Уладзіміра Конана, Грынкевіч – адзін з
самых кампетэнтных тэарэтыкаў і практыкаў беларускага тэатру ў міжваенны час.

Публіцыстыка Станіслава
Грынкевіча надзвычай шматстайная ды разнапланавая. Публікаваўся ён ў хадэцкай
прэсе – “Крыніцы”, “Студэнцкай думцы”, “Калосьсі”. Выдаваў брашуры – “Рады здаровым
і хворым” супольна са сваёй жонкай Ядзвігай Грынкевіч, “Аб тэатры”(1927),
“Народ” (1927). Выдаў аповесць “Царква. Помства. Вязніца” (1928). Ягоныя
артыкулы “Культура і задачы нацыянальнай працы”(1935), “Аб праве на
Бацькаўшчыну” (1936), “Трагічны крызіс” (1939) ставяць яго ў шэраг галоўных
ідэолагаў беларускага руху паміж войнамі.

У 1934 годзе Грынкевіч
пераклаў на беларускую мову кнігу знакамітага каталіцкага містыка Тамаша
Кемпійскага “Следам за Хрыстусам”.

У 1931 годзе на з’ездзе
БХД Станіслаў Грынкевіч быў абраны віцэ-старшынём партыі. Відавочна, хадэкі
імкнуліся ўзмацніць кіраўніцтва аўтарытэтнымі постацямі, і Грынкевіч, вядомы як
дасведчаны доктар, публіцыст і творца, прыдаўся на гэтую ролю як найлепш.

З 1938 Станіслаў
Грынкевіч перабіраецца ў Вільню. У 1939
годзе як адзін з лідэраў беларускага руху быў арыштаваны Саветамі, але здолеў
уцячы з цягніка.

У часе вайны Станіслаў
Грынкевіч не ішоў на супрацу з немцамі, стараўся трымацца ўбаку ад адкрытай
палітыкі – але тым жа часам каардынаваў працу з польскім падполлем і праз яго –
з заходнімі альянтамі. У разгар вайны, калі параза Нямеччыны ўжо была
прадвызначанай, менавіта Грынкевіч спрабаваў падрыхтаваць стварэнне на базе
колішняй БХД незалежніцкай беларускай сілы.

Улетку 1944 года
Грынкевіч быў схоплены НКВД. Яго этапавалі ў Менск, потым у магілёўскую турму. 25
ліпеня 1945 года Станіслава Грынкевіча расстралялі ў турме ў Магілёве.

 

Павел Севярынец

Болей навін