86 гадоў таму памёр ксёндз-хадэк Міхал Пятроўскі
Ксёндз Міхаіл Пятроўскі –
адзін з першых кіраўнікоў мясцовых суполак БХДЗ, стваральнік структураў
хрысціянскай дэмакратыі ў Шаркаўшчыне, на Ашмяншчыне і Вілейшчыне.
Будучы ксёндз нарадзіўся
3 кастрычніка 1889 года ў мястэчку Празарокі Дзісенскага павету ў сялянскай
сям’і. Навучаўся на памочніка аптэкара, але ў 1905 годзе здаў уступныя іспыты ў
Віленскую духоўную семінарыю. Паколькі вольных месцаў на курсе не было
(паўнакроўнае пакаленне пакліканняў спарадзіла хвалю святароў-беларусаў), яго
залічылі толькі на наступны год, у 1906-ым.
У 1912 годзе Міхаіл
Пятроўскі быў высвечаны на ксяндза.
Як адзін з найбольш
здольных вучняў, пасля заканчэння семінарыі ён паступіў у Пецярбург, у
мітрапалітальную Духоўную акадэмію – і тут апынуўся ў асяроддзі свядомых
ксяндзоў-беларусаў. Міхась Пятроўскі быў частым госцем і на кватэры Браніслава
Эпімах-Шыпілы, і ў хаце “матора” БХДЗ, Фабіяна Абрантовіча, кшталтаваў веру і
веды разам з Адамам Лісоўскім, Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім,
Андрэем Цікотам і іншымі лідэрамі беларускага хрысціянскага руху.
У 1917-ым менавіта ксёндз
Міхал Пятроўскі узначаліў хадэцкую працу на Дзісеншчыне і Браслаўшчыне. Як
сведчыць Адам Станкевіч, Пятроўскі апекаваўся суполкамі БХДЗ ня толькі ў
Шаркаўшчыне, дзе быў пробашчам, але і ў Барадзенічах, і ў Дзісне, і ў Друі, і ў
Іказні.
З 1919 года Міхась
Пятроўскі быў пераведзены ў Баруны на Ашмяншчыне – і разгарнуў хадэцкую працу
там. Таксама ў Барунах Міхаіл Пятроўскі за свой кошт і ахвяраванні парафіянаў
арганізаваў і ўтрымліваў прытулак для сіротаў і дзяцей бедных бацькоў.
Урэшце, няўрымслівы
ксёндз так раздражніў сваёй беларускай працай польскія шавіністычныя колы, што
перад выбарамі ў Польскі сейм быў арыштаваны – 28 чэрвеня 1921 года яго
абвінавацілі ў “імкненні да палітычнага перавароту” і некалькі месяцаў
пратрымалі ў турме на Лукішках.
Адзін з удзельнікаў
Беларускага з’езду Віленшчыны і
Гарадзеншчыны 9-10 чэрвеня 1919, ксёндз Міхал як адзін з найбольш аўтарытэтных
дзеячаў нацыянальнага руху быў выбраны ў ягоную Цэнтральную Раду.
У 1925 годзе ксёндз Пятроўскі быў зноў абвінавачаны ў
“беларускай агітацыі” сярод жыхароў парафіі Даўгінава.
Напрыканцы жыцця Міхаіл Пятроўскі быў пробашчам парафіі Вінная
на поўдні Пінскай дыяцэзіі. Памёр 26 ліпеня 1931 года і быў пахаваны на тамтэйшых могілках.
Павел Севярынец