67 гадоў таму нарадзіўся адзін з найвялікшых дабрачынцаў у гісторыі Беларусі

27 ліпеня 2017 09:14  |  Грамадства

 

67 гадоў таму нарадзіўся адзін з найвялікшых дабрачынцаў у гісторыі Беларусі

 

67 гадоў таму нарадзіўся Генадзь Уладзіміравіч
Грушавы – ініцыятар стварэння Беларускай
Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю”, доктар
філасофскіх навук (1994), прафесар (1995) і дэпутат Вярхоўнага Савета 12
склікання. Адзін з найвялікшых дабрачынцаў у найноўшай гісторыі Беларусі –
дзякуючы яму, 116 тысячаў беларускіх дзяцей атрымалі лячэнне альбо былі
накіраваныя на аздараўленне ў краіны
Еўропы і Канаду пасля Чарнобыльскай катастрофы, і каля 2 мільёнаў беларусаў
атрымалі дапамогу альбо лекі.

 

Нарадзіўся Генадзь Грушавы 27
ліпеня 1950года ў Мінску. Скончыў СШ 50 з фізіка-матэматычным ухілам, але паступіў на
філасофскі факультэт БДУ, дзе з 1973 года і да самай смерці выкладаў.

У 1978 годзе абараніў кандыдацкую
“Аказіяналізм Нікаля Мальбранша” (пераасэнсаванне філасофіі Дэкарта).

На хвалі Перабудовы і Адраджэння
Генадзь Грушавы далучыўся да Беларускага Народнага Фронту – і ў 1989 годзе
узначаліў “чарнобыльскую” Камісію БНФ. 20 лістапада заснаваў фонд “Дзецям
Чарнобыля”, які стаў справай усяго ягонага жыцця. Грушавы паставіў сваёй задачай
захаваць генафонд беларускай нацыі, падарваны Чарнобылем – і праз дабрачынныя
арганізацыі ды цэрквы усяго свету наладжваў каналы пастаўкі гуманітарнай
дапамогі, лекаў і дамаўляўся пра прыём чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне ў
краіны Еўропы і Канаду.

У 1991 годзе Генадзь Грушавы стаў прарэктарам Інстытута
сучасных ведаў.

4 снежня 1994 года прайшла
устаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, стварэнне
якой ініцыяваў Генадзь Грушавы. 21 сакавіка 1995 года БХДП была зарэгістраваная.

Пасля “рэферэндуму” 1996 года і
выбараў у Вярхоўны Савет, калі Генадзь Грушавы атрымаў перамогу на сваёй
акрузе, выбаршчыкі Генадзя Грушавога і грамадскія арганізацыі Беларусі сабралі
116 тысячаў подпісаў з патрабаваннем прызнаць абранне дэпутута Грушавога сапраўдным
– але сам Вярхоўны Савет 13 склікання указам Лукашэнкі быў распушчаны.

“Ня
мэдыкі, а філосаф Грушавы здолеў звярнуць увагу Еўропы і свету на маштабы
чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай
краіны” – напісаў пра Генадзя Грушавога у “Імёнах Свабоды” Уладзімір Арлоў.

Памёр Генадзь Уладзіміравіч 28
студзеня 2014 года ад “чарнобыльскай хваробы” – раку крыві. Пахаваны на
Паўночных могілках у Менску.

 

Павел Севярынец

Болей навін