Віншуем з 70-годдзем Анатоля Астапенку!

07 жніўня 2017 09:25  |  Грамадства

Віншуем з 70-годдзем Анатоля Астапенку!

 

Беларуская хрысціянскай дэмакратыя шчыра віншуе з
70-годдзем навукоўца, пісьменніка, аднаго з адраджэнцаў
хрысціянска-дэмакратычнага руху 1990-х, былого сустаршыню Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Анатоля Астапенку. Жадаем яму моцнага здароўя, трывалай
веры, плёну ў працы і дзейнасці і Божага дабраславення!

 

Анатоль Астапенка нарадзіўся 7 жніўня 1947 года ў вёсцы Мсцібава
Ваўкавыскага раёна ў сям’і настаўніка фізікі. У 1949 г. сям’я пераехала ў
г.п. Васілевічы Гомельскай вобласці. У 1964 годзе з срэбраным медалём скончыў
Васілевіцкую СШ.

У 1964 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага
педінстытута, а ў 1967 г. перавёўся вучыцца на фізічны факультэт Беларускага
дзяржаўнага універсітэта, які закончыў у 1970 г. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР
па спецыяльнасці “Тэарэтычная і матэматычная фізіка”. Напісаў кандыдацкую
дысертацыю “Ферміён-антыферміённае ўраўненне і спектр мас мезонаў” і
абараніў яе ў 1986 г.
У 1998 г. было прысвоена званне дацэнта па спецыяльнасці “Інфарматыка,
кіраванне і вылічальная тэхніка”.

Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН бССР (1975 –
1985 гг.), затым навуковым навуковым супрацоўнікам на
факультэце прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1985-1989),
старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (1989-1996),
дацэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, МГЭІ і БНТУ (1996-2012).
З 2012 г. – дацэнт Інстытута бізнеса і менеджмента тэхналогій БДУ.

Напісаў вучэбныя дапаможнікі: “Лекцыі па сістэме праграмавання TURBO-PASCAL 5.5”.
(Мн., 1996); “Правовая информатика”. (Мн., 2007), “Лабораторный практикум по
курсу «Основы информационных технологий и программирования» (Мн., 2016).

На пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у распрацоўцы
тэрміналогіі па інфарматыцы на беларускай мове. Выступаў з дакладамі на
навуковых канферэнцыях па
беларускамоўнай тэрміналогіі. Больш за 10 год (з 1990 г.) выкладаў у
Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і універсітэце культуры цыкл
прадметаў па інфарматыцы і праграмаванню на беларускай мове.

Анатоль Астапенка – удзельнік Устаноўчага з’езду БНФ у Вільні ў 1989 г. У
1990 годзе заснаваў Нацыянальна-дэмакратычную партыю Беларусі і да яе раколу
быў старшынёй партыі. Гэта была першая партыя пасля ўсталявання шматпартыйнасці.

У 1994 г.
па яго ініцыятыве была створана Беларуская нацыянальная партыі (БНП), якую ён ўзначальваў
да закрыцця партыі ў 1998 г.
Напісаў праграму БНП, дзе ўпершыню нацыяналізм адкрыта абвяшчаецца базавай
каштоўнасцю грамадства, а сфармуляваныя прынцыпы БНП адлюстроўвалі прынцыпы
хрысціянска-дэмакратычнай ідэалогіі ва ўмовах Беларусі. У праграмных дакументах
БНП пазіцыянавала сябе як партыя хрысціянска-дэмакратычнага накірунку.

З 1998 г.
Анатоль Астапенка – намеснік старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай
сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ).

У 2005 – 2006 гадах – сустаршыня
аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Удзельнічаў
у стварэнні праграмы БХД.

Яшчэ з 80-х гадоў ХХ ст. Анатоль Астапенка займаўся вывучэннем беларускай культуры, гісторыі і рэлігіі. У
1994 годзе надрукаваў у часопісе “Маладосць” свой першы публіцыстычны артыкул
“Міф аб талерантнасці беларусаў” і з таго часу
пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Выступае ў перыядычным друку па
палітычных пытаннях, праблемах беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнага
адраджэння.

Абгрунтаванню нацыянальнай ідэі ў хрысціянстве была прысвечана першая
публіцыстычная кніга А. Астапенкі “Хрысціянства і нацыянальная ідэя” (Мн.
1998). Свае ідэі і роздум над праблемамі нацыянальнага адраджэння беларусаў А.
Астапенка абагульніў у наступнай кнізе “Паслухайце нацыяналіста”, якая была
выдадзена ў 2000 г.
у Вільні.

У 2004 годзе была напісана манаграфія “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце”,
стаўшая асновай аднаймённай дысертацыі.
У 2005 г.
Анатоль Астапенка атрымоўвае навуковую ступень доктара паліталогіі Міжнароднай
акадэміі інфармацыйных тэхналогій МАІТ). У 2006 г. ён абраны
член-карэспандэнтам МАІТ.

У 2007 годзе быў прыняты ў шэрагі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У 2010 годзе выйшла яго фундаментальнае даследванне Беларускай нацыянальнай
ідэі ў выглядзе ёмістай (734 стар.) кнігі “Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе.
Дослед беларускага нацыяналізму”, выд. Санкт-Петербург, “Невский простор”,
2010.

У сваёй навуковай і публіцыстычнай дзейнасці стаіць на пазіцыях беларускага
нацыянальнага адраджэння, хрысціянскіх каштоўнасцей і веры ў будучыню Беларусі.

Усяго ім надрукавана каля 150 навуковых і публіцыстычных артыкулаў.

А. Астапенка вядомы яшчэ і выдавецкай дзейнасцю. Ён складальнік унікальных
адрыўных календароў “Беларусь праваслаўная”, “Хрысціянскія святыні” і
“Беларускі календар” за 2004 – 2007 гады.

Анатоль Астапенка працуе і жанры прозы. У 2012 годзе пад
псеўданімам Антон Кулон у выдавецтве “Логвінаў”
выйшла кніга літаратурнай дакументалістыкі (creative non fiction) “Сіняя кніга беларускага алкаголіка”. У 2013
годзе у выдавецтве “Харвест” выходзіць перапрацаваны варыянт гэтай кнігі на
рускай мове. А ў 2016 годзе быў напісаны цыкл апавяданняў “Між светам тым і
гэтым”, які ўключае і некалькі фантастычных твораў.

Улічваючы навуковую і грамадска-палітычную работу, Амерыканскі Біяграфічны
Інстытут ў 2003 г.
узнагародзіў А. Астапенку Сусветным Медалём Гонару, а ў 2004 г. ён абраны Чалавекам
Году.

 

Паводле аўтабіяграфіі

Болей навін