Разгортванне БХД у 2006-2008 гадах

06 верасня 2017 12:50  |  Грамадства

 

Прэзідэнцкая кампанія 2006 года, дзе быў вылучаны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Алесь Мілінкевіч (яго аргкамітэт БХД падтрымліваў адпачатку), дазволіла хадэкам істотна пашырыць свае шэрагі і ўзмацніць уплыў. Аляксей Шэін працаваў кіраўніком прэс-службы, а потым спічрайтэрам Мілінкевіча, Віталь Рымашэўскі адказваў за правядзенне кампаніі адзінага па найвялікшым раёне Менску – Фрунзенскім, я стаў даверанай асобай кандыдата. Падчас кампаніі нашай важнай задачай было далучэнне да БХД новых людзей – і ў выніку ўлетку 2006 года лік сябраў аргкамітэту ўжо перавышаў 150 чалавек .

Вялікую ролю ў разгортванні БХД адыграла кампанія “За свабоду веравызнання”, ініцыяваная Віталём Рымашэўскім і Аляксеем Шэіным:  у красавіку 2007 года супольна з пратэстанцкімі цэрквамі, з удзелам каталіцкіх і праваслаўных актывістаў аргкамітэт БХД распачаў збор подпісаў за ўнясенне зменаў у дзеючы закон “Аб свабодзе сумлення” (рэпрэсіўны ў дачыненні да неправаслаўных вернікаў). Летам 2007 года дзясяткі цэркваў і сотні актывістаў БХД па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы з падпіснымі аркушамі. Збор вёўся ў больш як 70 населеных пунктах, у дамах малітвы, парках, спальных раёнах, цэлы аўтобус зборшчыкаў прыехаў на каталіцкі фэст у Будславе (18 чалавек было затрымана) – і ўжо ў лютым 2008 года 50 000 подпісаў былі перададзеныя ва ўладныя ўстановы.

Змены ў закон прынятыя не былі, але пасля масавай кампаніі ўлады спынілі практыку паўсюднага пераследу незарэгістраваных грамадаў, хростаў, набажэнстваў, высылкі місіянераў. Вынік кампаніі істотна падвысіў вядомасць і аўтарытэт БХД сярод вернікаў.

Па вызваленні з Малога Сітна мэтанакіраваныя аб’езды  беларускіх рэгіёнаў пачаў і я сам –  і за паўтара гады правёў сустрэчы ў больш як 120 гарадах, вёсках і мястэчках.

У выніку першыя рэгіянальныя суполкі БХД былі створаныя ў вялікіх гарадах праз хрысціянскіх актывістаў, маладафронтаўцаў і ўдзельнікаў кампаніі “За свабоду веравызнання”. Рэгіянальнымі лідэрамі БХД сталі пратэстанты Павел Наздра (электрык, Мазыр), Юрась Ступакоў (вайсковец, Баранавічы), Андрусь Любянчук (прадпрымальнік, Берасце), Георгій Зьмітрук (прадпрымальнік, Кобрын), Георгій Салаўёў (пастар, Лепель), Віктар Мезінцаў (прадпрымальнік, Наваполацк), Таццяна Шамбалава (студэнтка, Магілёў), Віктар Двурэчынскі (дыякан, Слуцк), праваслаўныя Таццяна Севярынец (настаўніца, Віцебск), Мікалай Баўсюк (фермер, Гародня), Іван Бедка (доктар, Слонім), Таісія Кабанчук (настаўніца, Бабруйск), Юрый Нагорны (пенсіянер, Ворша), Зміцер Кухлей (навуковец, Масты), Кастусь Жукоўскі (прадпрымальнік, Гомель), Аляксей Змушко (прыватны ахоўнік, Рэчыца), каталікі Вадзім Бароўскі (прадпрымальнік, Ліда), Зміцер Лупач (журналіст, Глыбокае), Аляксей Цюлькоў (ветэрынар, Асіповічы), Генрык Рынкевіч (настаўнік, Полацк), Дзяніс Лаеўскі (студэнт, Маладэчна), Юрась Жылко (рабочы, Жодзіна) і многія іншыя.

На восень 2008 года суполкі БХД былі створаныя  прыблізна ў паўсотні гарадах Беларусі, і спіс сябраў аргкамітэту уключаў каля 500 чалавек.

У Менску, дзе за працу адказваў  Віталь Рымашэўскі, гарадскую арганізацыю разбудоўвалі  студэнты Дзяніс Кобрусеў і Зміцер Трафімчук, праваабаронца Ірына Логвін, пісьменніца Галіна Каржанеўская.

Ва Управе БХД ў 2007-2008 гадах склалася моцная каманда мэнэджэраў: пад кіраўніцтвам Дзяніса Садоўскага працавалі сакратар Наталля Васілевіч, арганізатарка экскурсіяў Валерыя Чарнаморцава, медык Валянціна Шычко, студэнткі Любоў Каменева і Ірына Губская.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін