3 верасня памёр Пётра Татарыновіч

04 верасня 2017 13:45  |  Грамадства

3 верасня памёр Пётра Татарыновіч

 

Пётра Татарыновіч (2 чэрвеня (15 чэрвеня) 1896, в. Гайнін, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 3 верасня 1978, Рым) — беларускі каталіцкі святар, культурны дзеяч, палітык, перакладчык і публіцыст. Прыхільнік беларусізацыі царкоўнага жыцця. Сябра Цэнтральнага камітэту БХД.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Слуцку вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю, дзе далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. У 1921 г. рукапаложаны ў святары. Займаўся рэлігійнай дзейнасцю ў Пінску (1921—1922), Навагрудку (1922—1924). У 1924—1926 з’яўляўся прэфектам пачатковых і сярэдняй школ у Баранавічах, арганізаваў там Саюз каталіцкай моладзі. За патрыятычнае выхаванне беларускай каталіцкай моладзі пераследаваўся польскімі ўладамі, быў пераведзены на Мазовію. Пасля вяртання служыў у Дамачаве Брэсцкага павета (1927—1932), дзе аднавіў касцёл.

У 1928 г. стаў сябрам Цэнтральнага камітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 У 1936 годзе ў Мядзведзічах Ляхаўскага раёна пабудаваў Беларускі дом, які перадаў створанаму на ініцыятыву БХД Беларускаму інстытуту гаспадаркі і  культуры.

У 1932—1939 спрыяў пашырэнню уніяцтва на Століншчыне (Гарадная, Альпень, Мерлінскія хутары). У час Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Варшаве. Там жа выкладаў рэлігію ў беларускай школе. З Варшавы пераехаў у Вільню, потым — у Мінск. У канцы вайны П. Татарыновіч апынуўся ў эміграцыі. У лютым 1945 пераехаў з Ратэнбурга (Германія) у Рым.

У 1945—1949 гадах вучыўся ў Папскім інстытуце ўсходніх навук. Абараніў доктарскую дысертацыю. Стаў заснавальнікам беларускага вяшчання ватыканскага радыё, і з 1949 да 1971 быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана». Займаўся выдавецкай справай. З верасня 1950 да 1975 рэдагаваў і друкаваў у Рыме лацінкай беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс «Źnič». У 1961 г. Апостальскі Прастол надаў яму званне прэлата, а затым прызначыў членам Найвышэйшай рады для эміграцыі. На П. Татарыновіча была ўскладзена задача апекавацца над беларусамі-католікамі ў эміграцыі.

З 1929 году супрацоўнічаў з Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданняў «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Друкаваўся на старонках беларускага уніяцкага часопіса «Да злучэньня» (1932—1937). Аўтар перакладу і тлумачэньняў кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954), «Лісты Святых Апосталаў» (1974). Пераклаў на беларускую мову раман Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956).

 

 

Аляксей Шэін

Болей навін