Міжнароднае прызнанне БХД

11 верасня 2017 10:43  |  Грамадства

Міжнароднае прызнанне БХД

 

Міжнародныя сувязі адноўленай БХД з самага пачатку сталі больш шырокімі й трывалымі, чым у БХД міжваеннай. Спярша хадэкі навялі кантакты з еўрапейскай супольнасцю выразна хрысціянскіх партыяў – ЕСPМ, а затым выйшлі на ўзровень агульнаеўрапейскага саюзу найбуйнейшых хрысціянска-дэмакратычных і кансерватыўных партыяў ЕРР. Ужо ў 2009 годзе ў Варшаве на саміце, дзе прысутнічалі Ангела Меркель, Нікаля Сарказі, Сільвіё Берлусконі, Дональд Туск і іншыя правацэнтрысты -кіраўнікі краінаў, БХД падала заяўку на ўступленне ў ЕРР.

Лідэры БХД у складзе дэлегацыяў дэмакратычных сілаў Беларусі  і асабіста сустракаліся з вядучымі сусветнымі палітыкамі свайго часу: у снежні 2007 года – з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, у  2008-2009 гадах  – кіраўнікамі Еўрапейскага парламенту Хансам-Гертам Пётэрынгам ды Ежы Бузэкам, прэзідэнтамі Еўрапейскай Народнай партыі  Вільфрэдам Мартэнсам і Жазэ Долем, сенатарам і кандыдатам у прэзідэнты ЗША Джонам Маккейнам, прэм’ер-міністрам Літвы Анрусам Кубілюсам, міністрамі замежных спраў Швецыі Карлам Більтам, Польшчы – Радаславам Сікорскім, Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам ды многімі іншымі. Тэмамі сустрэчаў былі адстойванне незалежнасці Беларусі і падтрымка дэмакратыі, развіццё хрысціянскай дэмакратыі і дзяржаўная рэгістрацыя БХД.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін