У рэгіянальных перапісчыкаў няма анкет на беларускай мове

14 кастрычніка 2009 14:18  |  Грамадства

Жыхары беларускіх рэгіёнаў скардзяцца, што не могуць атрымаць анкету па перапісу на роднай мове.


У Магілёве перапісчыкі пачалі рыхтаваць насельніцтва да перапісной кампаніі. З людзьмі ўзгадняўся час, калі іх можна наведаць, каб запоўніць перапісныя анкеты. Падчас размоваў высвятлялася, што перапісчыкі не ведаюць пра існаванне беларускамоўных анкет, паведамляе БелаПАН.

 

«У Магілёве дзяўчына, якая прыйшла ўзгадніць час наведвання маёй сям’і, была ўвогуле не падрыхтаваня да таго, што яе сустрэнуць беларускай мовай. Разгубілася. На нашыя пытанні пра беларускамоўныя анкеты яна вінавата адказала, што іх выдавалі толькі на расейскай мове. Параіла звярнуцца да начальніцы. Начальніца параіла мужу прыйсці на ўчастак і індывідуальна запоўніць анкету. Адказала, што калі вы на раёне адны такія, то навошта тады насіць анкеты на беларускай мове», — гаворыць жыхарка Магілёва Алена.

 

У галоўным статыстычным упраўленні Магілёўскай вобласці запэўніваюць, што беларускамоўных анкет надрукавана ў дастатковай колькасці. На пытанне, чаму тады пра іх не ведаюць перапісчыкі, супрацоўнік аддзела па перапісу адказаў: «Далі вельмі вялікі корпус студэнтаў. Яны, мабыць, праслухалі, калі іх вучылі. Вось 13 кастрычніка яны атрымаюць неабходныя анкеты, і хто пажадае ў Магілёве ці ў Магілёўскай вобласці запоўніць анкету на беларускай мове – няма ніякіх складанасцяў. Любы капрыз будзем выконваць».

 

Жыхары Магілёва не адзніыя, каму перапісчыкі забываюць сказаць пра беларускамоўныя анкеты.

 

Сябра рады ТБМ Дзяніс Тушынскі адзначае: «У ТБМ паступае трывожная інфармацыя, што ў Берасці, Менску і іншых гарадах надрукавана мізэрная колькасць беларускамоўных бланкаў для перапісу. На сто расейскамоўных – некалькі беларускамоўных. Мы заклікаем грамадзян Беларусі адразу ў перапісчыкаў патрабваць толькі беларускамоўныя бланкі. Будзем звяртацца ў адпаведныя структуры, каб яны праводзілі больш дэтальны інструктаж для тых, хто будзе перапісваць, што такія бланкі ёсць».

 

Болей навін