З’езд БХД 2015 года. Абноўленая і пашыраная Праграма БХД.

03 кастрычніка 2017 14:12  |  Палітыка

З’езд БХД 2015 года. Абноўленая і пашыраная Праграма БХД.

 

13 чэрвеня 2015 года  ў прысутнасці 205 дэлегатаў і каля 100 гасцей у Менску прайшоў чарговы з’езд БХД. З’езд пераабраў сустаршынямі Георгія Змітрука, Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца, сфармаваў новую Нацыянальную раду і падрыхтаваў чарговую партыйную рэгістрацыю. Галоўным жа ягоным вынікам стала прыняццё абноўленай і пашыранай Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”– дакуманта на больш як 90 старонак з 12-ці раздзелаў, які рыхтаваўся з канца 2010-га года.

 

Канцэптуальнай асновай для Праграмы засталася палітычная платформа, выпрацаваная яшчэ ў 2005 годзе і зацверджаная на першым з’ездзе адноўленай БХД у 2009-ым. Разам з тым, на працягу 2010-2013 гадоў падчас шэрагу круглых сталоў і канферэнцыяў з удзелам экспертаў хрысціянскімі дэмакратамі былі распрацаваныя цэлыя новыя праграмныя блокі – прынцыпы ўзаемадзеяння асобы і супольнасці, арганізацыя новай структуры дзяржаўнага кіравання, сістэма мясцовага самакіравання і адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, узаемадзеянне з цэрквамі, сістэма правасуддзя, бяспекі і правааховы, палітыка ў галіне падтрымкі сям’і, адукацыі, прадпрымальніцтва, маладзёвай сферы. Трэба асабліва адзначыць ўнёсак у гэтую працу Змітра Кухлея, Алеся Шамякіна, Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавальковай, Марыны Хоміч, Максіма Гацака.

 

У абмеркаванні новых тэкстаў, іх дапаўненні і ўдакладненні найбольш актыўна ўдзельнічалі Аляксей Шэін, Юрый Клімовіч, Мікалай Баўсюк, Таццяна Севярынец, Юлія Фралова, Галіна Каржанеўская, Георгій Змітрук. Рэдагаваць Праграму мне давялося ў спецкамендатуры ў Купліне. Нарэшце, пасля канчатковага ўзгаднення сярод кіраўніцтва, 90-старонкавы тэкст быў прыняты на з’ездзе 13 чэрвеня 2015 года.

 

“Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага ідэйнага спектру: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага кансерватызму” – сцвярджае Праграма БХД- 2015. – “Мы вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з тым грэх, які увайшоў у чалавечую прыроду, не дае магчымасці для самавыпраўлення – і, як хрысьціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання ў Богачалавеку Ісусе Хрысце”.

Праграма БХД 2015 года прадугледжвае сярод іншага дэкамунізацыю грамадскага жыцця, шырокую дзяржаўную падтрымку беларускай мовы і культуры, свабоду сумлення і пашырэнне правоў цэркваў, падзел Беларусі на воласці і паветы дзеля больш эфектыўнага гаспадарання, прыватную ўласнасць на зямлю, інавацыйны і сэрвісна-лагістычны шлях развіцця эканомікі, вынішчэнне карупцыі паводле “Закону Лінкальна”, накапляльныя пенсіі, страхавую медыцыну, комплекс мер дзеля абароны жыцця і падтрымкі сем’яў, стварэнне міжканфесійнага хрысціянскага універсітэту, актыўную маладзёвую палітыку, грунтаваную на стымуляванні адказнасці.

Болей навін