74 гады таму быў забіты Адам Дасюкевіч
Адам Дасюкевіч – легенда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Апошні рэдактар “Крыніцы”, ратаўнік Барыса Кіта ад смерці, абаронца беларусаў падчас вайны, бургамістр Паставаў, забіты акупантамі, чалавек надзвычай сціплы ў звычайным жыцці.
“Ціхі, працавіты патрыёт” – напісаў пра яго ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” сябра Рады БНР Язэп Малецкі.
Нарадзіўся Адам у вёсцы Копцевічы Ашмянскага павету (цяпер Смаргонскі раён) 5 чэрвеня 1911 года, калі многія будучыя лідэры БХД ужо былі высвечаныя на святарства – прычым ягонай матуляй была сястра Адама Станкевіча.
Адась рана застаўся без маці – яна загінула, калі бацька быў на Першай сусьветнай. Прытулілі яго з сястрычкай добрыя людзі.
У 1933 годзе скончыў Віленскую Беларускую Гімназію – гняздо беларускасці, дзе выкладалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, а з 1937-39 гадах узначаліў Беларускі Студэнцкі Саюз.
У 1936 -38 гадах рэдагаваў газету БХД “Беларуская Крыніца”. Настаўнічаў у Варапаеве.
У 1940 годзе Адам пабраўся шлюбам з Лідзіяй Сікорай – дачкой знакамітага садавода Івана Сікоры, і ў 1941-ым, дзеля цяжкасці з працай, маладая сям’я выехала ў БССР, каб дапамагаць даглядаць знакаміты сікораў сад.
Напрыканцы 1941 года, калі немцы ўжо цалкам занялі Беларусь і наладжвалі цывільную адміністрацыю на месцах, на прапанову дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Камітэту Язэпа Малецкага і братоў Пецюкевічаў, менавіта агранома Адама Дасюкевіча прызначылі старшынём Пастаўскага павету і бурмістрам Паставаў.
Аднаго разу немцы рабілі ў Паставах экзекуцыю, і нейкі чын СС прыйшоў да дырэктара настаўніцкай сэмінарыі Барыса Кіта, каб запатрабаваць у яго студэнтаў для прыборкі вуліцаў ад трупаў. Кіт адмовіўся. Немец прыгразіў расстрэлам. Кіт адмовіў зноў. Тады эсэсавец дастаў пісталет і стрэліў. У апошні момант Адам Дасюкевіч выбіў пісталет, і куля увайшла ў сцяну.
Так быў уратаваны будучы творца амерыканскага касмічнага цуду.
Але Дасюкевічу гэтага не прабачылі.
31 кастрычніка 1943 года, калі нацысты чарговы раз запатрабавалі здаць збожжа для вывазу ў Нямеччыну, Адам Дасюкевіч адказаў: людзі ўжо аддалі ўсё, што маглі. Зондэрфюрэр СС, прысланы забясьпечыць здачу і перавоз харчавання, застрэліў Дасюкевіча проста на вуліцы.
Пахаванне хрысціянскага дэмакрата Адама Дасюкевіча ператварылася ў маніфестацыю. Сотні й сотні людзей не пабаяліся прайсці працэсіяй па вуліцах Паставаў – і пакінулі на могілках мноства вянкоў з бел-чырвона-белымі стужкамі.
Павел Севярынец