Віталь Рымашэўскі: чакаць Аляксандра Лукашэнку ў Бруселі не выпадае
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі мяркуе, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не паедзе на саміт Усходняга партнёрства, які мае адбыцца 24 лістапада ў Бруселі.
«Чакаць Аляксандра Лукашэнку ў Бруселі не выпадае, канешне, калі не здарыцца цуд, калі раптам міністр замежных справаў Нямеччыны не прывязе ў сваім партфелі заўтра такія прапановы, якія не зрабіў ЕС у апошнія месяцы напярэдадні гэтага саміту. Я думаю, што гэтага не будзе», – заявіў ён.
Пакуль жа, паводле яго, узровень узаемадзеяння не той і “Ангела Меркель пакуль не гатовая сустракаць Аляксандра Рыгоравіча кветкамі”.
“Стаўленне Еўрасаюза і Беларусі ў апошнія два гады нагадвае казку пра рыбака і залатую рыбку, дзе ЕС выступае ў ролі выканаўцы жадання беларускіх уладаў – залатой рыбкі, а беларускі МЗС – у ролі старога, які бясконца прасіў новых падарункаў. А калі сур’ёзна, то нягледзячы на ўсе намаганні беларускіх і еўрапейскіх дыпламатаў, наша краіна да гэтага часу з’яўляецца аўтсайдарам у еўрапейскіх адносінах. Сённяшні ўзровень адносін Беларусі з ЕС нашмат ніжэй, чым нават адносіны ЕС з Расіяй”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Прычыны гэтага ён бачыць у тым, “што асноўным гульцом на міжнароднай арэне з’яўляецца не беларускае МЗС і нават не Аляксандр Лукашэнка, а беларускі КДБ і іншыя сілавыя структуры, якія ў патрэбны момант ўмеюць прадаць фэйк пра джыпы, які “прарываюцца на мяжы “, распачаць дзясяткі крымінальных спраў, кінуць на некалькі месяцаў ні ў чым нявінных актывістаў у турму. Кінуць у турму толькі за тым, каб потым выпусціць, але ў чарговы раз падарваць імідж Беларусь на міжнароднай арэне… Без змяненняў у сістэме кіравання краінай, захавання правоў чалавека поўнафарматнае супрацоўніцтва не магчыма. І чым хутчэй зразумеюць гэта беларускія ўлады – тым лепш будзе для ўсіх”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.