Праграма БХД. Падыходы да экалагічнай палітыкі

20 лістапада 2017 08:20  |  Грамадства

Праграма БХД. Падыходы да экалагічнай палітыкі

 

11.3.1. Прырода не ведае нацыянальных межаў, таму высілкі ўсіх дзяржаў, перадусім Балта-Чарнаморскага рэгіёну і Еўропы ў цэлым мусяць грунтавацца на разуменні супольнай адказнасці за наваколле. БХД будзе весці актыўную працу і браць абавязкі па ахове навакольнага асяроддзя як на міжнародным узроўні, так і на нацыянальным. Галоўнай мэтай дзяржаўнай экалагічнай палітыкі з’яўляецца захаванне і аднаўленне навакольнага прыроднага асяроддзя Беларусі. Акрамя гэтай агульнай мэты дзяржаўная экалагічная палітыка мусіць быць накіравана на:

-ахову і паляпшэнне якасці навакольнага асяроддзя;

-ахову здароўя чалавека;

-разумнае і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў;

-міжнароднае супрацоўніцтва па выпрацоўцы мер, накіраваных на вырашэнне як рэгіянальных, так і сусветных экалагічных праблем.

11.3.2. Асабліва важнай экалагічнай праблемай, па якой неабходна актывізаваць міжнародную кааперацыю, з’яўляецца радыяцыйнае забруджванне пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Актуальнай міжнароднай праблемай з’яўляецца забеспячэнне бяспекі ахоўных збудаванняў над чацвёртым энэргаблокам ЧАЭС і недапушчэнне магчымага дадатковага радыяцыйнага забруджвання. На нацыянальным узроўні будзе спынена цяперашняя палітыка асваення тых тэрыторыяў, дзе досыць небяспечна пражыванне чалавека і шкодным з’яўляецца вядзенне гаспадарчай дзейнасці. Асаблівая ўвага па чарнобыльскай праблеме будзе нададзена навукова-даследчай дзейнасці, медыцынскаму абслугоўванню і прафілактыцы насельніцтва на забруджанных тэрыторыях, што патрабуе адпаведнага паўнавартаснага дзяржаўнага фінансавання.

11.3.3. БХД падзяляе прынцыпы экалагічнай дзейнасці ЕС, замацаваныя ў Амстэрдамскай дамове 1996 года, рэалізацыя якіх у Беларусі патрабуе дасканалення і змен у нарматыўна-прававой базе:

11.3.4. Прынцып папераджальнага дзеяння, згодна з якім дзеянні дзяржавы накіраваны на папярэджанне, прафілактыку забруджвання або іншай шкоды навакольнаму асяроддзю, пагроза нанясення якой мусіць быць улічана загадзя да прыняцця рашэння.

11.3.5. Прынцып засцярогі, у адпаведнасці з якім недахоп вынікаў навуковых даследаванняў па канкрэтнай праблеме не можа з’яўляцца прычынай адмены або адтэрміноўкі мерапрыемстваў па прафілактыцы забруджвання навакольнага асяроддзя. У некаторых выпадках немагчыма дакладна прадказаць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, але нават і ў такіх выпадках пры наяўнасці гіпатэтычнай магчымасці экалагічнага парушэння неабходна прымяняць прыродаахоўныя меры.

11.3.6. Прынцып ліквідацыі наступстваў і пакрыццё шкоды навакольнаму асяроддзю, які абавязвае, у выпадках немагчымасці пазбегнуць шкоды, мінімізаваць яе, абмежаваць маштаб яе распаўсюджвання і пасля ліквідаваць яе ў самыя кароткія тэрміны.

11.3.7. Прнцып, згодна з якім вінаваты ў шкодзе аплочвае яе пакрыццё, то бок выдаткі на прэвентыўныя меры, ачыстку і кампенсацыю за забруджванне кладуцца на вінаватых у ёй. Гэты пранцып адлюстроўвае тэндэнцыю перавагі метадаў фінансавага стымулявання, распрацаваных на рынкавай аснове, якія з’яўляюцца больш эфектыўнымі, чым метады адміністрацыйнага характару, абавязальніцтвы альбо забароны.

11.3.8. БХД выступае за далучэнне Беларусі да спецыяльнага органа ЕС, які займаецца пытаннямі навакольнага асяроддзя, – Еўрапейскага агенцтва па навакольнаму асяроддзю, што будзе азначаць удзел Беларусі ў агульнаеўрапейскай экалагічнай палітыцы.

11.3.9. Мы з’яўляемся прыхільнікамі больш гнуткіх рынкавых метадаў у экалагічнай палітыцы, у тым ліку прынцыпу “падзеленай адказнасці” паміж усімі ўдзельнікамі – дзяржавай, бізнэсам, грамадскасцю, спажыўцамі. Акрамя таго асобныя грамадзяне таксама павінны быць уключаны ў прыродаахоўную дзейнасць, задзейнічаны ў працэсах падрыхтоўкі, маніторынгу і кантролю за парушэннямі экалагічных норм. Грамадзяне маюць права на інфармацыю, удзел у падрыхтоўцы прававых актаў, права звяртацца ў суд па пытаннях абароны навакольнага асяроддзя.

11.3.10. Рынкавыя механізмы ў экалагічнай палітыцы стымулююць вытворцаў і спажыўцоў да змены паводзін на карысць экалагічна эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама да развіцця і распрацоўкі інавацыйных прыродазберагальных тэхналогіяў.

11.3.11. Да рынкавых механізмаў належаць:

-гандлёвыя дазволы (квоты) для зніжэння выкідаў або эканоміі прыродных рэсурсаў;

-экалагічныя падаткі, якія ўводзяцца для зменаў коштаў і, такім чынам, уплываюць на паводзіны вытворцаў і спажыўцоў;

-экалагічныя субсідыі і ільготы, якія ўводзяцца для стымулявання развіцця новых тэхналогіяў, стварэння новых рынкаў экалагічных тавараў, а таксама для падтрымкі высокіх узроўняў абароны навакольнага асяроддзя кампаніямі;

-схемы адказнасці і кампенсацыі для адэкватнага пакрыцця наступстваў небяспечных для навакольнага асяроддзя дзеянняў, а таксама для прадухілення шкоды.

11.3.12. БХД прытрымліваецца пераканання, што неабходна паступова памяншаць цяжар на навакольнае асяроддзе, які ўтвараецца з-за дзейнасці чалавека. Немалаважную ролю ў дасягненні гэтай мэты адыгрывае якасць аўтамабільнага транспарту, які з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных фактараў забруджвання навакольнага асяроддзя. Беларусь не мае ўласнай легкавой аўтамабільнай вытворчасці, але цяперашнія мыты на імпартныя аўтамабілі з’яўляюцца непрымальна высокімі. БХД лічыць неабходным для аўтамабіляў, старэйшых за 5 гадоў, скараціць мыты як мінімум у 2 разы і поўнасцю адмяніць мыты для новых аўтамабіляў і аўтамабіляў да 5 гадоў. Гэтая мера будзе спрыяць большай экалагічнай бяспецы аўтамабільнага парку краіны і стымуляваць грамадзян набываць новыя аўтамабілі.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін