Праграма БХД. Экасістэмы, біялагічная разнастайнасць і рэкрэацыя

21 лістапада 2017 08:23  |  Грамадства

Праграма БХД. Экасістэмы, біялагічная разнастайнасць і рэкрэацыя

 

11.4.1. Вялікай памылкай была неабдуманая маштабная меліярацыя за савецкім часам. У выніку яе ажыццяўлення многія асушаныя землі сталі непрыдатнымі для сельскай гаспадаркі, а такія з’явы як апустыньванне, усыханне лясоў, знікненне малых рэчак, сталі характэрнай асаблівасцю гэтых земляў. БХД лічыць неабходным па магчымасці аднавіць многія балотныя экасістэмы, дзе гэта найбольш апраўдана і не прывядзе да негатыўных эканамічных наступстваў ад вынятку гэтых земляў з сельскагаспадарчага абароту. Таксама трэба адмовіцца ад планаў па далейшай меліярацыі і торфараспрацовак прыродных балот, якія захаваліся да сённяшняга дня.

11.4.2. Нягледзячы на тое, што Беларусь захавала дастаткова вялікую біялагічную разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету, неабходна прымаць дадатковыя меры па ахове прыроднай разнастайнасці. Асабліва гэта тычыцца тых відаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзяцца на мяжы знікнення. Мы выступаем за ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны выміраючых відаў жывёльнага і расліннага свету.

11.4.3. Павага да Божага тварэння абавязвае нас да адказных паводзін у адносінах да жывёл. Абарона жывёл з’яўляецца для нас важнай задачай.

11.4.4. Беларусь мае вялізныя запасы пітной вады, вялікія лясныя масівы, у нас маюцца выдатныя мясціны для адпачынку. БХД будзе вялікую ўвагу надаваць развіццю зон рэкрэацыі і экалагічнага турызму, ствараючы максімальна прывабныя ўмовы для інвестыцыяў у гэтую галіну. Экалагічны турызм павінен стаць істотнай крыніцай папаўнення бюджэту, але разам з тым арганізаваны такім чынам, каб не аказваць негатыўнага эфекту на прыроду. Акрамя зон адпачынку ў сельскай мясцовасці і экалагічнага турызму, неабходна надаць шмат увагі развіццю зялёных зон у гарадах. На сённяшні дзень беларускія гарады маюць вельмі мала зялёных зон, таму неабходна ствараць паркі, скверы і захоўваць ужо існуючыя зоны адпачынку і зялёныя насаджэнні. Трэба адмовіцца ад планаў па забудове такіх паркаў, як, напрыклад, Севастопальскі парк і парк Дружбы народаў у Менску.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін