47 гадоў таму памёр Адольф Клімовіч
Заява тых, хто лічыць, што рэлігія – справа прыватная і ў публічным жыцці не павінна выстаўляцца напаказ, з’яўляецца памылковай.
Адольф Клімовіч
Адзін з ідэолагаў і кіраўнікоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адольф Клімовіч нарадзіўся ў сям’і каваля ў вёсцы Казаноўшчына ля мястэчка Клюшчаны на Віленшчыне. З малых год усвядоміў сябе беларусам, з юнацтва – адказным хрысціянінам. Сваім галоўным настаўнікам лічыў Казіміра Сваяка (ксяндза Кастуся Стэповіча). Менавіта Адольфа Клімовіча скіравалі клюшчанцы сваім дэлегатам на Беларускую канферэнцыю ў Вільню напрыканцы студзеня 1918-га. І з гэтага часу стаў ён беларускім хрысціянскім дзеячам буйнога маштабу. А паралельна скончыў і Беларускую гімназію ў Базыльянскіх мурах, і Беларускія настаўніцкія курсы там жа і тэхнічны ўніверсітэт у Празе.
Калі атрымаў Клімовіч партбілет БХД – пэўнай інфармацыі няма. Але ўжо на настаўніцкіх курсах 1921 года ў яго была выразная хрысціянска-дэмакратычная пазіцыя.
Першы выступ Адольфа Клімовіча ад беларускай хрысціянскай дэмакратыі – на канферэнцыі славянскіх культурных працаўнікоў у Празе ў чэрвені-ліпені 1926 года. У Празе Клімовіч ачольваў нешматлікі гурток студэнтаў прыхільнікаў хрысціянскай дэмакратыі, і на ўсялякіх сустрэчах і ў друку праяўляў сябе як хрысціянін і беларус. Гэта выклікала павагу і аказвала ўплыў.
З 6 да 16 лістапада 1928 года Адольф Клімовіч здаў практычны і тэарэтычны экзамен па сваёй вучобе ў Тэхнічным універсітэце і атрымаў дыплом інжынера-агранома. З гэтага часу для многіх старых і новых знаёмцаў ён перадусім – інжынер Клімовіч. Так жа ён будзе названы і на ўласным надмагільным помніку.
У снежні 1928-га ён вяртаецца ў Вільню. На той час беларускія каталіцкія святары былі вымушаныя падпарадкавацца забароне свайго касцёльнага кіраўніцтва і спыніць актыўную дзейнасць у складзе БХД. І ім на смену прыйшлі маладыя энергічныя свецкія актывісты, у тым ліку Адольф Клімовіч. Ён актыўна ўдзельнічаў у з’ездзе партыі 1931 года – і ўзяў на сябе адказнасць узначаліць ЦК БХД. Пяць нялёгкіх гадоў – з 1931 па 1936 – Клімовіч кіраваў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй.
З прыходам у Вільню бальшавікоў, 12 ліпеня 1940 года Адольф Клімовіч быў упершыню арыштаваны і прабыў у зняволенні па 2 мая 1941-га. Падчас нямецкай акупацыі займаўся беларускімі справамі. З новым прыходам бальшавікоў сышоў з Вільні ў мястэчка Жыліны Троцкага павету, адгадаваў бараду, змяніў прозвішча на Клімавічус і ўладкаваўся арганістам у мясцовы касцёл. Гэта на нейкі час уратавала, але 14 жніўня 1952-га Адольф усё адно быў арыштаваны і 28 лютага 1953-га асуджаны на расстрэл. Але хуткая смерць Сталіна прынесла змены і ў прысуд, які быў зменены на 25 гадоў канцлагераў.
У 1956-м Клімовіча вызваліла хрушчоўская “адліга”. Па вяртанні на радзіму ён ізноў служыў арганістам у касцёле. Клапаціўся-даглядаў старыя беларускія могілкі на Ліпаўцы і Росах. У канцы 1960-х стаў ініцыятарам стварэння сымбалічнага помніка заснавальніку БХД ксяндзу Адаму Станкевічу на яго радзіме ў Арлянятах, поўнасцю склаў для яго тэкст (9 радкоў), дзе Станкевіч называўся выдатным грамадска-культурным дзеячам, патрыётам Беларусі – бадай, максімум, з таго, што можна было тады добрага сказаць пра гэтага вялікага чалавека.
Пакінуў шмат матэрыялаў для пешых падарожжаў па Вільні, якія меркавалася ў далейшым выдаць асобнай кніжкай – “Беларускі праваднік па Вільні”. Лёс гэтай амаль гатовай да выдання кнігі дагэтуль ня высветлены. Але ёсць падставы меркаваць, што менавіта яна была выкарыстана Лявонам Луцкевічам для ягоных “Вандровак па Вільні”.
Адольф Клімовіч сканаў у віленскай чыгуначнай бальніцы, у выніку моцнай спрацаванасці сэрца. Пакінуў пра сябе памяць, як чалавек энцыклапедычных ведаў, надзвычай спакойны, шчыры і ветлівы, для якога натуральна было праяўляць спагаду і да людзей, і да жывёлаў, і да птушак…
Адпявалі Адольфа Клімовіча тры каталіцкія ксяндзы ў касцёле на Віленскім Звярынцы, у тым ліку, вышэйшы каталіцкі духаўнік, прэлат Чэславас Крывайціс, з якім Адольф адбываў пакаранне ў сталінскіх лягерах. Потым аналагічную службу правялі на кватэры і жалобная працэсія рушыла на радзіму нябожчыка. Ларыса Геніюш напісала тады: “Пахавалі, як і жадаў, – ля сэрца маці.” Крыж у пачатку пахавальнай працэсіі нёс былы старшыня БХД Павел Каруза.
Андрэй Мельнікаў