26 лістапада нарадзіўся Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля)

27 лістапада 2017 14:05  |  Грамадства

26 лістапада нарадзіўся Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля)

 

Адам Станкевіч, калі ўзгадваў Аляксандра Астрамовіча, казаў пра яго так: “Характарам Астрамовіч быў шчыры, дзіўна просты, запальны і гарачы, заўсёды вясёлы, добры, услужны, горача пабожны і дзіўна патрыятычны”. Гарачая пабожнасць праяўлялася ў беларускамоўных казаннях пры касцёлах. Яго шчырасць прабівалася ва ўласных вершах, якія друкаваліся ў “Нашай Ніве”. А патрыятычнасць — у смелым удзелу у нацыянальных і хрысціянскіх партыях і рухах.

Нарадзіўся будучы святар 26 лістапада 1878 года ў сялянскай сям’і Сцяпана і Ганны Астрамовічаў у вёсцы Навасады Ашмянскага павета. Пачатковую адукацыю ён набыў у Гальшанах, скончыў Ашмянскую павятовую вучэльню. Пасля працаваў на бацькавай гаспадарцы, самастойна вывучаў французскую мову. З 1 студзеня 1901 года да 14 верасня 1903 года служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і ў Барысаве. Закончыў службу ў званні малодшага афіцэра.

Відавочна, што сям’я Астрамовічаў заклала Алесю цвёрды падмурак веры. Алесь з дзяцінства запаліўся жаданнем стаць святаром і не адступіўся ад яго нягледзячы на перашкоды. Напрыклад, у Віленскую духоўную семінарыю Астрамовіч паступіць не змог. Але кідацца ў роспач ён не стаў і з’ехаў у іншую сталіцу —Пецярбург. Там ён вывучыўся на аптэкара. Зусім нелагічнае рашэнне — менавіта такім яно падаецца на першы погляд. Але ж такія махінацыя былі праробленыя для таго, каб засведчыць веданне асноваў лацінскай мовы, якое было неабходнае для паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У Пецярбуржскую семінарыю ён паступіў. І, як можна здагадацца, Астрамовіч стаў асвойвайць там не толькі азы багаслоўя, але і азы беларускасці.

Астрамовіч быў высвечаны на святара ў 1910 годзе. Душпастырскую дзейнасць пачаў вікарыем ракаўскага касцёла і першую сваю Імшу адправіў у вёсцы Трабы Валожынскага павета 2 лютага 1911 года. З 2 ліпеня 1912 года да лютага 1915 года служыў у парафіі Анопаль Мінскага дэканата. Пазней быў прызначаны вікарыем у Бабруйскую парафію. Са снежня 1916 года служыў вікарыем у Смілавічах Ігуменскага павета і ў суседніх касцёлах, выконваў абавязкі адміністратара гарадзішчанскага касцёла. З 9 верасня 1917 года — пробашч касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Два гады служыў ксяндзом у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата. Там памёр 17 студзеня 1921 года, дзе і быў пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Аляксандр Астрамовіч удзельнічаў у першым з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 1917), быў сябрам Саюза ксяндзоў-беларусаў, ад якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД). Ён вітаў абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), па даручэнні яе Народнага сакратарыята арганізоўваў беларускія школы, местачковыя і павятовыя органы ўлады БНР. Пасля акупацыі Беларусі бальшавіцкай арміяй пераследаваўся за сваю нацыянальную і рэлігійна-асветную дзейнасць, некалькі тыдняў правёў у астрозе Віцебскага губчэка (1920).

Аляксандр Астрамовіч, мажліва, камусьці больш вядомы як Андрэй Зязюля. Менавіта пад такім псеўданімам ён выступаў перад беларусамі у якасці паэта. Першы свой верш «Песьня дзяўчаці» Андрэй Зязюля апублікаваў у газеце «Наша Ніва» ў 1909 годзе.

 

Большасць ранніх вершаў 1909—1912 гг. паэт друкаваў у адраджэнскай «Нашай Ніве». Якраз тады Андрэй Зязюля пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, які вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу (1909—1913), а летнія канікулы праводзіў на сваім любімым хутары Акопы. 5 чэрвеня 1912 года ў лісце да свайго духоўнага бацькі Б. Эпімах-Шыпілы паэт пісаў: «Як перапішу (апрацую) начыста «Паўлінку», — думаю напісаць паэмку «Рагнеда», гістарычную рэч з жыцця Полацкага княства, а пасля, як Бог дасць. На днях маюся з’ездзіць да кс. Астрамовіча, а стуль, пагасціўшы трохі дома, усё-ткі пастараюся быць у Вільні …”

Пасля заснавання першай беларускай каталіцкай газеты «Беларус» («Bielarus», 1913—1915) Астрамовіч шмат друкаваўся ў гэтым адраджэнска-асветніцкім штотыднёвіку. Паводле сведчання А. Станкевіча, нават дапамагаў грашыма яго рэдакцыі: «Рэдактару А. Лявіцкаму давалі на жыццё толькі 10 руб. на месяц. Неяк у гэтым часе паслаў Бог помач: штосьці даў кс. Францішак Будзька, штось кс. Астрамовіч, а ў канцы заінтэрасавалася часопісам княгіня Магдалена Радзівіліха, каторая сістэматычна пакрывала даўгі «Беларуса» аж да яго закрыцьця, гэта значыць да прыходу ў Вільню немцаў у 1915 г.». Тады ж паэт апублікаваў свой адзіны пры жыцці невялікі зборнік вершаў (лацінкай) «Z rodnaha zahonu» (Wilnia, 1914). Пазней Астрамовіч друкаваўся ў беларускіх перыядычных выданнях «Светач», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Крыніца» і інш.

Асобным выданнем пры жыцці паэта была апублікаваная яго асветніцкая паэма «Слова праўды аб мове і долі беларусаў» (Прага, 1917 г.) і ў бібліятэчцы газеты «Вольная Беларусь» (1918). Пасля ранняй смерці паэта А. Станкевіч апублікаваў у бібліятэчцы газеты «Беларуская крыніца» яго паэму «Аленчына вяселле» (асобнае выд. 1923 г.) і зборнік вершаў (лацінкай) «З роднага загону» (1913), які ўключаў большасць вядомых твораў А. Зязюлі.

Вершы Зязюлі — хрысціянскія, прасякнутыя гарачай любоўю да Бацькаўшчыны. Астрамовіч у іх казаў пра цярністы шлях беларусаў:

Узіраемся ўвыш

І шукаем тых зор,

Што вядуць нас праз крыж

У нябесны прастор.

Памёр Аляксандр Астрамовіч 17 студзеня 1921 года, пахаваны ў Сянне. У 1990-ых Алесь Бяляцкі спрабаваў расшукаць ягоную магілу, але не знайшоў.

 

Вікторыя Чаплева

Болей навін