128 гадоў таму нарадзіўся Люцыян Хвецька

05 снежня 2017 02:40  |  Грамадства

128 гадоў таму нарадзіўся Люцыян Хвецька

 

Люцыян Хвецька нарадзіўся 22 лістапада (5 снежня) 1889 года ў вёсцы Малышоўка Сакольскага павету Гродзенскай губерні (цяпер у складзе мястэчка Дамброва-Беластоцкая, Сакольскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча) у сялянскай сям’і Антона і Міхаліны з Драчынскіх Хвецькаў. Вучыўся ў народнай школе ў Дамброве. У 1904 годзе скончыў Сакольскае гарадское 3-класнае вучылішча. У Гродне вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907-1911 гадах навучаўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, затым – у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў у 1915 годзе са ступенню магістра тэалогіі.

У 1913 годзе быў адным з ініцыятараў (разам з ксяндзамі Генрыкам Бэтам і Паўлам Пякарскім) беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Супрацоўнічаў з віленскім каталіцкім тыднёвікам «Biełarus» (1913-14) і петраградскім часопісам «Świetač» (1916) пад псеўданімам Л. Малышэвіч. Пасвячоны ў святары 31 траўня 1914 года біскупам Янам Цеплякам. Служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. З лістапада 1915 года працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі і аканома. Паводле ўспамінаў ксяндза Віталіса Хамёнка, “Абавязак Эканома ў тыя рэвалюцыйныя й ваенныя часы ў так вялікім ды неспакойным горадзе, як тагдышні Петраград, дык сапраўды вымагаў неабыякога спрыту й гэраізму. Гэты абавязак шмат перашкаджаў і прафэсуры ды іншай ідэйнай працы”. 

Ва ўмовах пэўнай лібералізацыі палітычнага жыцця ў Расіі ў траўні 1917 года заснаваў сумесна з ксяндзом Фабіянам Абрантовічам Хрысціянска-дэмакратычную Злучнасць, якая запачаткавала шматгадовую дзейнасць беларускай хадэцыі, быў суарганізатарам з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску 24-25 траўня 1917 года. Летам 1917 года заснаваў у Петраградзе выдавецтва, якое пачало выпускаць беларускамоўную каталіцкую літаратуру. Вядомыя дзве кніжкі, выдадзеная гэтай суполкай. Гэта былі “Касцёльныя песні / Сабраў Вінцэнты Гожэльняскі” (30 старонак з нотамі). Аўтарам другой быў ксёндз Аляксандр Астрамовіч: “Зязюля А. Слова праўды аб мове і долі беларуса (пасвячаю беларускай моладзі): [Верш(ы)]”.

Менавіта Люцыян Хвецька – ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец газеты «Krynica».

Пасля закрыцця камуністычнымі ўладамі каталіцкай духоўнай семінарыі з кастрычніку 1918 года зноў прызначаны вікарыем Пецярбургскага пракафедральнага касцёла, з лістапада 1919 года па 1923 года – яго пробашч. З кастрычніка 1920 года арганізатар і сакратар багаслоўскіх курсаў. У 1921 годзе ездзіў служыць у Гатчыну, Колпіна і Пскоў. 5 снежня 1922 года быў арыштаваны «за супраціў падчас закрыцця касцёлу», але хутка вызвалены. З 1922 года кіраваў падпольнай духоўнай семінарыяй. У мемарандуме 15 сакавіка 1923 года беларускіх соймавых паслоў-католікаў Папу Рымскаму быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 10 сакавіка 1923 года па справе біскупа Яна Цепляка і групы петраградскіх святароў. Абвінавачваўся “ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацы з мэтай супрацьдзеяння дэкрэту аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы”. На судовым працэсе 21-26 сакавіка яго разам з біскупам Янам Цеплякам і дэканам Канстанцінам Будкевічам пракурор патрабаваў асудзіць да вышэйшай меры. 26 сакавіка асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення паводле арт. 40, 68, 69-1, 119 і 121 КК РСФСР. Адасланы ў Сакольніцкую турму. У выніку польска-савецкага абмену палітычных вязняў 1 лютага 1925 года быў дэпартаваны ў Польшчу.

У 1925-1926 гадах выкладаў Закон Божы ў Шыманове пад Варшавай, капелан мясцовага кляштару сясцёр Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1926-1931 гадах, дзякуючы падтрымцы біскупа Эдварда Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне, займаўся ўнійнай працай сярод праваслаўных.

З Любліна пераведзены ў Пінскую дыяцэзію. Пачаткова служыў пробашчам у Ставах, з 1932 года пробашч парафіі Шчытнікі пад Брэстам. З 1933 года ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. Паводле рапарту пінскай паліцыі, “атачаў клапатлівай апекай … выхаванцаў беларускай і ўкраінскай нацыянальнасці, непрыхільна ставіўся да польскіх патрыётаў”. Апякаў таксама створаны пры семінарыі ўнійны гурток. У 1938 годзе пад ціскам ваяводы скасаванае выкладанне беларускай мовы ў семінарыі і зніжаная падпіска на беларускі і ўкраінскі друк. У 1933-1939 гадах скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады, з 1935 года пралат. Ганаровы канонік Магілёўскай архідыяцэзіі, грэміяльны канонік Пінскай дыяцэзіі, Папскі шамбялян.

З верасня 1939 года працаваў у Хотаве (зараз Стаўбцоўскі раён). Стаў аб’ектам нападаў і пабояў мясцовых партызанаў (паводле іншых звестак, нямецкай паліцыі). У лютым 1944 года падчас аднаго з такіх нападаў уцёк з плябаніі ў бялізне і босы, моцна застудзіўся, захварэў і 28 красавіка 1944 года памёр у стаўбцоўскім шпіталі. Пахаваны пры Хотаўскім касцёле.

 

 

Максім Гацак

Болей навін