Праграма БХД. Праблемы сістэмы адукацыі

12 снежня 2017 16:03  |  Грамадства

 

12.10.1. Перманентная рэформа сістэмы адукацыі, якая ажыццяўляецца ў Беларусі ўжо дзесяцігоддзе, не прывяла да станоўчых зрухаў. Наадварот, мы назіраем паглыбленне крызісных з’яў.

12.10.2. Адна з праблем у адукацыі – нізкія заробкі настаўнікаў сярэдніх навучальных устаноў і прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых навучальных устаноў. Асабліва востра стаіць пытанне аплаты працы выкладчыкаў сярэдніх навучальных устаноў, сярод якіх пераважаюць жанчыны менавіта з-за нізкай зарплаты і непрэстыжнасці працы ў школе.

12.10.3. Сярэдняя адукацыя не арыентавана на развіццё асобы згодна з індывідуальнымі прыярытэтамі асобы – уніфікаваныя навучальныя планы і праграмы, адсутнасць прафесійнай дыферэнцыяцыі ў старэйшых класах ускладняюць вучням выбар будучай прафесіі адпаведна сваім схільнасцям. На сённяшні дзень у Беларусі сярэдняя адукацыя страціла выхаваўчую функцыю. Замест гэтага робіцца ўхіл на дасягненне нейкіх абстрактных фармальных паказчыкаў, хаця галоўнай функцыяй сярэдняй адукацыі мусіць быць выхаванне годнай асобы, перадача гэтай асобе пазітыўных мадэляў сацыяльных паводзін і арыентацыя на будучую прафесію. Сёння ў Беларусі поўнасцю ліквідавана патрыятычнае і нацыянальна арыентаванае выхаванне – у школьнай праграме скажоныя вельмі важныя акцэнты нацыянальнай гісторыі, колькасць беларускамоўных школ і класаў проста мізэрная. Праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па вынішчэнні нацыянальнай самасвядомасці і замена яе на ідэалагічны сурагат фальшывых ідэяў.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін