Праграма БХД. Рэформа сістэмы адукацыі
12.11.1. Сфера адукацыі беспрэцэдэнтна важная для Беларусі, бо Беларусь мае патрэбу ў выхаванні нацыянальна свядомых і духоўнамоцных пакаленняў моладзі, падрыхтаванай да жыцця ў незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай краіне. Галоўнай мэтай рэформы сістэмы адукацыі БХД бачыць пераадоленне цяперашніх крызісных з’яў.
12.11.2. Прыярытэтам пачатковай і сярэдняй адукацыі стане выхаванне асобы, якая будзе годнай часткай грамадства. Настаўнікі не павінны займацца акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў яшчэ іншымі відамі дзейнасці, якія навешваюцца сёння чыноўнікамі ад адукацыі. Высокі ўзровень заработнай платы настаўнікаў, які паступова павінен быць павялічаны да сярэднееўрапейскага ўзроўню, і высокі сацыяльны статус прафесіі гарантуюць павышэнне якасці адукацыі. Неабходна вярнуць павагу ў грамадстве да прафесіі настаўніка, як гэта было раней у Беларусі.
12.11.3. БХД прапаноўвае развіваць дыферэнцыяцыю сярэдняй адукацыі: профільныя сярэднія навучальныя ўстановы з паглыбленым вывучэннем пэўных прадметаў, куды мусяць ісці вучні з адпаведнымі схільнасцямі, а таксама профільныя кірункі ў старэйшых класах агульнаадукацыйных навучальных устаноў (напрыклад, спартыўны, прыродазнаўчы, гуманітарны, інфарматыкі і інш.). Падзел старэйшых класаў на профілі дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць час навучання у плане развіцця індывідуальных схільнасцяў вучняў, пазбягаць іх хранічнага адставання і заахвочваць да засваення новых ведаў адпаведна іх цікавасцям. Гэты этап навучання з’яўляецца падрыхтоўкай да ўласна прафесійнай дзейнасці і паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
12.11.4. Асаблівы ўхіл у выхаваўчым і навучальным працэсах у сярэдняй школе трэба надаць патрыятычнаму выхаванню, вывучэнню нацыянальнай беларускай мовы, гісторыі і літаратуры. Колькасць гадзін па гэтых прадметах мусіць быць істотна павялічана, асабліва да пачатку падзелу навучання паводле профіляў.
12.11.5. БХД выступае за абавязковае вывучэнне ў сярэднеадукацыйных навучальных установах асноў хрысціянскай культуры і этыкі. Дзеля гэтага неабходна адкрыць у педагагічных установах адпаведную спецыяльнасць для падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў. Таксама можна звяртацца да практыкі запрашэння на урокі прадстаўнікоў духавенства ўсіх традыцыйных канфесіяў Беларусі. Школьны курс па асновах хрысціянскай культуры і этыкі будзе накіраваны на вывучэнне базавых прынцыпаў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі, іх развіцця, гісторыі, а таксама на іх мірнае суіснаванне з нехрысціянскімі традыцыямі ў Беларусі – юдаізмам і ісламам. Гэты курс будзе накіраваны на выхаванне павагі да ўсіх рэлігійных канфесіяў, на павышэнне ўзаемнага даверу ў грамадстве паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў.
12.11.6. БХД лічыць неабходным аптымізаваць навучальныя планы. Напрыклад, прадмет фізкультура будзе пераведзены ў шэраг абавязковых факультатываў без выстаўлення адзнак і здачы нарматываў. Замест гэтага падчас заняткаў па фізкультуры будуць праводзіцца камандныя і развіццёвыя гульні, заняткі па фізічнаму дасканаленню вучняў. Недапушчальна цяперашняя практыка, калі непасрэдна перад дыктоўкай па мове вучняў ганяюць на фізкультуры – усе заняткі па фізкультуры мусяць быць перанесеныя на канец раскладу і ва ўстановах адукацыі мусяць быць забяспечаныя ўмовы для заняткаў (душ, спартыўны інвентар, нармальныя распранальні і інш.). Падчас навучальнага працэсу трэба больш увагі надаваць эксперыментальным формам правядзення заняткаў, выкарыстанню высокіх тэхналогіяў у працэсе навучання (кампутараў падчас заняткаў у класе, інтэрнэту).
12.11.7. БХД будзе развіваць беларускамоўную адукацыю праз стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ і класаў. Такі працэс мы бачым як паступовы, без гвалтоўных захадаў, ён павінен ажыццяўляцца на аснове свабоднага выбару дзяцей і бацькоў. Пры гэтым намі будуць забяспечаны ўсе магчымасці для набыцця пачатковай і сярэдняй адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў.
12.11.8. Улічваючы патрэбы беларускай эканомікі ў кадрах працоўных спецыяльнасцяў, БХД надае асаблівую увагу развіццю сярэдне-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Неабходна пазбавіцца стэрэатыпу, што паступленне ва ўніверсітэт ёсць гарантыя працаўладкавання і неабходнасць для паспяховай кар’еры. Трэба вярнуць павагу і цікавасць маладых людзей да працоўных спецыяльнасцяў. Для гэтых устаноў будзе забяспечана неабходная тэхналагічная база, каб навучэнцы маглі на практыцы засвоіць перадавыя тэхналогіі і метады працы.
12.11.9. БХД створыць умовы для развіцця і паўсюднага ўкаранення прыватнай адукацыі, у тым ліку дамашніх настаўнікаў, прыватных школаў, каледжаў і ўніверсітэтаў. Мы перакананыя, што выхаванне і навучэнне дома або ў прыватнай установе, больш глыбокае і якаснае, можа стварыць альтэрнатыву сістэме агульнай пачатковай, сярэдней і вышэйшэй адукацыі і даць чалавеку выбар.
12.11.10. БХД будзе спрыяць пашырэнню хрысціянскай адукацыі – ад вывучэння Закона Божага ў школах і ідэалогіі ва універсітэтах, да спрыяння адкрыццю канфесійных ды міжканфесійных навучальных установаў.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.