Віталь Рымашэўскі: у 2017 годзе беларусы сцвердзілі, што ў нас ёсць моц змагацца за права людзьмі звацца (відэа)

02 студзеня 2018 18:56  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: у 2017 годзе беларусы сцвердзілі, што ў нас ёсць моц змагацца за права людзьмі звацца (відэа)

 

2017 год быў няпростым і нялёгкім і для Беларусі, і для беларусаў. Пра гэта ў сваім навагоднім відэазвароце заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Разам з тым ён падзякаваў беларусам за іх неабыякавасць, удзел і смеласць, якія яны праявілі ў мінулым годзе.

“У мінулым годзе беларусы па ўсёй краіне сцвердзілі, што ў нашага народу жыве прага да праўды, свабоды і справядлівасці. Тое, што ў беларусаў ёсць моц і здольнасць змагацца за права людзьмі звацца. Нам з вамі ўдалося адмяніць ганебны дэкрэт, які быў скіраваны на тое, каб абабраць і забраць у беларусаў апошняе. Удалося, дзякуючы асабістай мужнасці, неабыякавасці тысячаў і тысячаў беларусаў, што выйшлі на вуліцы нашых гарадоў па ўсёй краіне. І хай гэта яшчэ не канчатковая перамога, хай гэта толькі маленькі крок, але таксама гэта і важнае сведчанне пра тое, што беларусы могуць і ўмеюць змагацца за свае правы, пра тое, што лепшае жыццё ў нашай краіне магчыма”, – адзначыў ён.

Віталь Рымашэўскі таксама нагадаў, што ў 2017 годзе адзначаліся два 100-гадовыя юбілеі –крывавай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая “так шмат гора і бед у нашу краіну”, але таксама і заснавання Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, “якая змагалася са злачыннай камуністычнай навалай, змагалася за незалежнасць нашай краіны, за беларускую мову, за беларускі народ”. “І гэтыя два юбілеі для нас як напамін, як сведчанне, што нават у самыя злыя, самыя ліхія часы ёсць людзі, здольныя ісці за святлом”, – сказаў ён.

Той жа факт, што беларусы святкуюць Новы год паміж двума святамі Божага Нараджэння – 25 снежня і 7 студзеня – сустаршыня БХД назваў двайным напамінам, “каму мы, насамрэч, мусім дзякаваць за наша жыццё, за тое добрае, што ёсць у ім”. “2000 год таму Хрыстос прыйшоў на гэту зямлю і нарадзіўся як маленькае немаўля, зусім безабароннае ў гэтым няўтульным і жорсткім свеце, аддаючы свой лёс у нашы з вамі чалавечыя рукі. Як кожны чалавек, ён зведаў, што такое любоў, што такое сяброўства, што такое хараство гэтага свету, але таксама і што такое здрада, што такое знявага ад тых, хто завецца праведнікамі. Ён спазнаў пакуты і ўзышоў дзеля нас на крыж. Гэты значыць, што ён убачыў у кожным чалавеку, у кожным з нас нешта такое, з-за чаго варта памерці”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

У 2018 годзе ён пажадаў, “каб кожны з нас памятаў, верыў і шукаў тое добрае, светлае, што бачыў у нас Ісус Хрыстос – ува ўсіх нашых блізкіх, і ўва ўсіх нашых дальніх”. “Хай кожны з нас прыкладзе хаця б маленькае намаганне, каб убачыць гэтае святло. І тады, я перакананы, свет стане лепшым”, – пажадаў сустаршыня БХД.

 

Ён таксама выказаў пажаданне, каб падчас святкаванняў і сяброўскіх сустрэч усё часцей уздымаліся кубкі кавы ці гарбаты, а не келіх гарэлкі ці віна. “Жадаю вам цвярозага новага году і цвярозага новага жыцця. Таксама жадаю, каб урэшце мы, Беларусь, еўрапейская краіна, святкавалі Новы год па нашым беларускім, еўрапейскім часе. Жадаю нам дабраславенняў, каб 2018 год быў лепшым за мінулы”, – заключыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін