Выбары 2018: Найбольшыя страты ў кандыдатах зазналі Рух «За Свабоду» і БХД (відэа)

18 студзеня 2018 14:01  |  Галоўныя навіны

Выбары 2018: Найбольшыя страты ў кандыдатах зазналі Рух «За Свабоду» і БХД (відэа)

 

Каля Камароўскага рынку ў Мінску 18 студзеня адбыўся агітацыйны пікет і прэсавая канферэнцыя правацэнтрысцкай кааліцыі. 

З выбарцамі і журналістамі камунікавалі старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідар АГП Анатоль Лябедзька, а таксама іншыя актывісты.


Як паведаміў Юры Губарэвіч, па Мінску сярод 7 прэтэндэнтаў ад Руху, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзян, зарэгістравалі толькі два чалавекі –Юрася Губарэвіча і Юрася Меляшкевіча. Такія яскравыя прэтэндэнты як Вольга Быкоўская, Віктар Янчурэвіч, Мікіта Семяненка, Дзяніс Дашчынскі былі знятыя з дыстанцыі па надуманых прычынах. У бальшыні прэтэндэнтаў адшукалі па 10 нібыта несапраўдных подпісы, што дастаткова, каб адмовіць у рэгістрацыі, а Мікіце Семяненку нават прыпісалі неіснуючую ў яго ўласнасці кватэру. 

Адмовілі ў рэгістрацыі і актывістам БХД, якія таксама вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзян. «Выбівалі», па словах Віталя Рымашэўскага, самых актыўных і новых актывістаў, прынамсі прадстаўнікоў ініцыятывы «Матчын Рух 328», на якіх аказваўся ціск ужо напачатку кампаніі. 

Лідары Руху «За Свабоду» і БХД заявілі, што будуць неадкладна абскарджваць усе выпадкі нерэгістрацыі.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што пакуль што ўсіх 17 вылучэнцаў ад партыі АГП па краіне зарэгістравалі. Сярод іх такія вядомыя асобы як блогеры Максім Філіповіч і Андрэй Павук.

На пікеце таксама прысутнічалі зарэгістраваныя і незарэгістраваныя кандыдаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якія паразмаўлялі з людзьмі. За акцыяй назіралі два спецслужбоўцы ў цывільным.

Новы Час

Болей навін