Ірына Захарава скардзіцца на адсутнасць нармальных месцаў для агітацыі ў Віцебску
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кандыдат у дэпутаты ў Віцебскі гарсавет па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Ірына Захарава 19 і 20 студзеня падала скаргі ў Віцебску гарадскую і ў Цэнтральную выбарчыя камісіі адпаведна.
У іх яна адзначае, што згодна з рашэннем Адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска ад 4 студзеня N 3 вызначаны месцы правядзення агітацыйных пікетаў. Для Чкалаўскай выбарчай акругі вызначана агітацыйная пляцоўка ЖЭУ № 19, што размешчана ў двары дома N 2 па вуліцы Чкалава.
“Правядзенне агітацыйнага пікету па дадзеным адрасе лічу немэтазгодным, бо гэта месца з’яўляецца нешматлюдным і не ахоплівае большую частку выбаршчыкаў, бо выбарчы ўчастак шматлікі (7106 выбаршчыкаў) і размешчаны ў асноўным уздоўж Маскоўскага праспекта, па няцотным баку вуліцы Чкалава”, – гаворыцца ў скарзе.
Акрамя таго, адзначае кандыдат у дэпутаты, у Менску, згодна з рашэннем Менгарвыканкама, ёсць нашмат больш магчымасцяў для агітацыі па-за памяшканняў і сустрэч з выбаршчыкамі. “Лічу дадзеную сітуацыю з магчымасцямі кандыдатаў горада Віцебска абуральнай несправядлівасцю і дыскрымінацыяй. Патрабую адмены рашэння Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска ад 2018/01/04 г N 3 і прыняцця рашэння, якое аднаўляе справядлівасць”, – заяўляе яна.
Аналагічная сітуацыя і на акрузе іншага віцебскага кандыдата ад БХД – Алены Шабуні. Гэтак, месца для пікетаў знаходзіцца зусім нават не на яе акрузе – насупраць, дзе ходзяць амаль што толькі непаўнагадовыя, бо побач са школай. Яна таксама падала скаргі ў ЦВК і гарадскую камісію.