У Гародні пачынаюцца штодзённыя перадвыбарчыя пікеты

25 студзеня 2018 14:38  |  Палітыка

У Гародні пачынаюцца штодзённыя перадвыбарчыя пікеты

 

У Гародні вызначылі час і парадак правядзення перадвыбарчых агітацыйных акцыяў кандыдаты ад дэмакратычных сілаў у мясцовыя саветы. Ужо 25-га студзеня прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і „Права выбару” пачнуць сумесныя пікеты, дзе будуць інфармаваць і размаўляць з гарадзенцамі пра мясцовыя выбары.

Кажа Мікола Салянік, кандыдат ў гарадскі і абласны саветы:

– Найбольш спрыяльныя, найбольш эфектыўныя метады працы з выбаршчыкамі – гэта сустрэчы на пікетах. Трэба людзям не баяцца гаварыць праўду, гаварыць, у якіх умовах яны жывуць, гаварыць, як яны жывуць, як яны жывуць у параўнанні з суседзямі – з Польшчай, з Літвой, з Латвіяй, іншымі краінамі Еўразвязу. Спрабаваць дагрукацца да шараговых выбаршчыкаў, каб яны не баяліся.

На думку яшчэ аднаго дэмакратычныга  кандыдата ў дэпутаты гарадскога савета Ігара Банцара, магчымым спосабам прыцягнуць увагу выбарцаў да выбараў маглі б быць сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі непасрэдна ля дзвярэй іх кватэраў, але гэта вымагала б шмат фізічных сілаў ад кандыдатаў і іх груп давераных асобаў. Таму, пры малых рэсурсах, якія даюцца кандыдатам у дэпутаты, сябры правацэнтрысцкай кааліцыі выбралі пікеты. Пры чым, пікеты плануецца праводзіць штодня, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Кажа Ігар Банцар:   

– Там чалавек, незалежна ад таго, хоча, або не хоча, ён побач ідзе – бачыць і чуе штосьці. Да яго не трэба адчыняць дзверы, не трэба персанальна з кімсьці размаўляць… Улада таксама не дурная і разумее, што ў людзей апатыя, што ў выбары не вераць, таму яны адмянілі ўзровень яўкі, і ў адрозненні ад прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў ім цяпер усё роўна – прыйдзе пяць чалавек, ці дзесяць, ці дваццаць. Цяпер не трэба наганяць яўку, таму што адпаведна заканадаўству нават калі прыйдзе пяць чалавек і прагаласуюць, будзе лічыцца, што выбары адбыліся. Яўка для ўлады цяпер непатрэбная.

Кажа Сяргей Верамеенка, актывіст БХД:

– Будзем разам. Бо аднаму добра толькі булку есці – уся дастанецца.

 

У кааліцыі аб’ядналі свае намаганні ў выбарчай агітацыі сябры Аб’яднанай гарадзянскай партыі, незалежнага прафсаюза РЭП, Партыі БНФ, Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. 

Болей навін