Прамоўца БХД у Гомельскі гарсавет распавяла, як ёй не далі стаць кандыдатам (відэа)
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Канеўская, якая зборам подпісам вылучалася ў Гомельскі гарсавет па Маскоўскай акрузе № 21, распавяла ў размове з блогерам Максімам Філіповічам пра тое, як ёй не далі стаць кандыдатам у дэпутаты.
Паводле яе, праблемы ў яе ўзніклі толькі з подпісамі. Нягледзячы на тое, што пры неабходных для рэгістрацыі 75-і яна сабарала 98. «Мне сказалі, што ў мяне подпісы ставілі не тыя людзі, якія мне давалі пашпарты. Чалавек даверыў мне свой пашпарт, я перапісала яго пашпартныя дадзеныя, але пры гэтым рукой сваёй ён нібыта не ставіў подпіс», – адзначыла актывістка.
Больш за тое, у выбаркаме ёй заявілі, што ў доме па вуліцы Матросава 7, у якім яна вырасла і жыхары якога з задавальненнем ставілі за сваю былую суседку подпісы, за яе не падпісваліся.
“Калі я папрасіла паглядзець на гэтыя подпісы, мне сказалі, што не маюць права, бо я буду аказваць ціск на гэтых людзей. І мне не паказалі дакументы, хто канкрэтна не ставіў подпісы”, – заявіла Таццяна Канеўская.
Таксама ёй заявілі, што ў некаторых падпісантаў нібыта недакладныя пашпартныя дадзеныя. Сярод такіх апынуўся і сябар сям’і, з якім актывістка знаёмая 35 гадоў. “Ён сядзеў у мяне дома з жонкай, з пашпартамі. Мы запісалі, яны распісаліся. А мне кажуць, што іх няма. Маіх сяброў”, – дадала актывістка.
Абскарджванне адмовы ў Гомельскай абласной выбарчай камісіі вынікаў не дало: было адмоўлена на тых самых падставах, што і гарадской камісіяй.