Вольга Кавалькова: Рэалізацыя атамнага праекту ў Беларусі магчымая толькі па выніках народнага рэферэндуму і шырокага экспертнага абмеркавання

30 студзеня 2018 17:51  |  Палітыка

Вольга Кавалькова: Рэалізацыя атамнага праекту ў Беларусі магчымая толькі па выніках народнага рэферэндуму і шырокага экспертнага абмеркавання

 

Зялёны партал працягвае карыстацца нагодай набліжэння выбараў у мясцовыя саветы і звяртаецца да прадстаўнікоў розных палітычных партый і рухаў з пытаннямі пра экалагічныя складнікі іх праграмаў, погляды на пэўныя экалагічныя праблемы і спосабы іх вырашэння.

Сённяшняя наша суразмоўца – сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова. І мы задаем ёй традыцыйныя пытанні пра будаўніцтва АЭС ў Беларусі, зялёную энергетыку, развіццё турызма ды іншыя.

Экалагічныя пытанні ў беларускай палітыцы традыцыйна сыходзяць на другі план, але адпаведныя пункты звычайна ёсць у праграмах палітычных партый. Якія экалагічныя праблемы па меркаванні беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў з’яўляюцца прыярытэтнымі для Беларусі?

У праграме нашай партыі, якая была прынятая на апошнім з’езде БХД, ёсць раздзелы “Энергетыка” і “Ахова навакольнага асяроддзя”. У прынцыпе, яна дастаткова вялікія, як і ўся праграма.  Асноўныя праблемы, якія там уздымаюцца, – гэта радыяцыйнае забруджанне пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (мы лічым, што наступствы катастрофы недаацэненыя ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах, і што заніжана колькасць ахвяр); маштабная меліярацыя земляў, якая была праведзена ў савецкія часы, і ў выніку якой мы маем зараз асушаныя землі, непрыдатныя і для сельскай гаспадаркі; ссыханне лясоў; знікненне малых рэк; шматразовае павышэнне нарматываў узроўню забруджвання паветра ў гарадах з высокай канцэнтрацыяй небяспечных вытворчасцяў; забруджванне прамысловымі і камунальнымі водамі натуральных водных аб’ектаў; захаванне разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету; праблемная экалагічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці, якая звязаная з уздзеяннем на навакольнае асяроддзе буйных жывёлагадоўчых комплексаў і хімізацыяй сельскай гаспадаркі.

Цікава, але з боку падаецца, што зацікаўленасць беларускіх палітыкаў у экалагічнай тэматыцы вельмі няўстойлівая. Як думаеце, чым гэта абумоўлена?

Мне падаецца, што ў Беларусі існуюць больш актуальныя і прыярытэтныя напрамкі, якія патрабуюць увагі грамадзянаў і палітыкаў у першую чаргу. Гаворка ідзе перш за ўсё пра эканамічны стан дзяржавы, бо ў нашай краіне адбываецца пагаршэнне ўзроўню жыцця людзей. Таксама надзвычай важныя сацыяльная палітыка і медыцына. І палітыкі акцэнтуюць увагу на тым, што людзям найбольш важна сёння. І калі ёсць зацікаўленасць людзей у пэўных пытаннях, дык, напэўна, мы больш рэагуем на гэтыя пытанні.

Яшчэ адна праблема – гэта тое, што мы пра навіны, якія паўплываюць на экалогію (што будуецца нейкі завод альбо штосьці падобнае), даведваемся па факце, калі ўжо прынята рашэнне, калі ўжо зацверджаны бюджэт.  І ў выніку мы можам рэагаваць толькі нейкім метадам грамадскага ціску на ўладу, казаць, што мы не згодныя з прынятымі рашэннямі. Калі б мы былі ва ўладзе, дык я ўпэўнена, што такіх сітуацый не адбывалася б. Былі б грамадскія слуханні па будаўніцтве тых жа заводаў, і мясцовыя ворганы ўлады прымалі б рашэнні ў згодзе з насельніцтвам, якое жыве ў акрузе.

Мне ўзгадваецца сітуацыя, якая не зусім звязана з экалогіяй, але вельмі добра ілюструе справы. У Шабанах планавалі пабудаваць дзіцячую паліклініку, а потым жыхары даведаліся, што замест паліклінікі будзе басейн. Ніхто людзям загадзя пра гэта не сказаў, – яны даведаліся, калі рашэнне было ўжо прынята. І гэта вельмі вялікая праблема: патрэбы насельніцтва ніяк, нажаль, не ўплываюць на рашэнні ўлады.

Але ж у цэлым я думаю, эканамічная сітуацыя – тое, што людзей хвалюе, што яны будуць есці і дзе яны будуць працаваць, – найбольш актуальна для Беларусі. Таму і ўвага да экалогіі такая няўстойлівая.

Якая афіцыйная пазіцыя БХД па будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы?

Мы лічым, што ў бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстоўвання атамнай энергетыкі ў вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі. Зараз Беларусь імпартуе электраэнергію, вырабленую на атамных станцыях за мяжой, і рэалізацыя ўласнага атамнага праекта дазволіць павысіць энергетычную дыверсіфікацыю і зменшыць залежнасць краіны ад імпарту гэтых энергарэсурсаў.

Але разам з тым БХД выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, бо лічыць, што гэта праект абумоўлены палітычна і не адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам.

Улічваючы катастрофу на Чарнобыльскай АЭС і тыя выпадкі, якія адбываліся ўжо падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС, мы лічым, рэалізацыя атамнага праекту ў Беларусі магчымая толькі па выніках народнага рэферэндуму і шырокага экспертнага абмеркавання.

Добра, адыдзем ад тэмы АЭС. Давайце паразмаўляем пра паляванне. Тэма дазволу палявання даволі актуальна для Беларусі. З аднаго боку, ёсць аргумент, што паляванне – гэта добры спосаб прыцягнуць турыстаў, але з іншага боку паўстае пытанне, наколькі этычна забіваць жывёлаў дзеля забавы. Як вам падаецца, якія перспектывы развіцця гэтага пытання ў нашай краіне?

Канечне, калі казаць з пункту гледжання этыкі, дык зразумела, што любая жывёла – гэта Божае стварэнне, і нашыя паводзіны ў адносенні да жывёл павінны быць адказнымі. Абарона жывёл застаецца для БХД важнай задачай. Але ёсць заканадаўства, і ва ўсім свеце паляванне дазволена.

Мы лічым, што ў межах заканадаўства і пэўнага кантролю за гэтай сферай дазвол на паляванне магчымы. Але вельмі важна, каб выкарыстоўваліся заканадаўчыя абмежаванні да часу палявання, да атрымання адпаведнага дазволу. Нажаль, я ведаю шмат прыкладаў, калі гэтыя патрабаванні не выконваюцца на практыцы, і гэта прыводзіць да таго, што паляванне ажыццяўляецца без дазволу. Безумоўна патрэбны вялікі кантроль на месцы.

У дачыненні да тэмы палявання я б увогуле не выкарыстоўвала тэрмін “турызм”. На тэрыторыі Беларусі дазволена паляваць, але наколькі мы павінны гэта рэкламаваць і прыцягваць у нашую краіну паляўнічых, – гэта вялікае пытанне. Напрыклад, мой сябра з Віцебскай вобласці распавядаў, як ён разам з інспектарам службы газазабеспячэння праводзіў нейкую інспекцыю і ўбачыў, як на вышцы стаяў нейкі п’яны мужчына, які пачаў казаць “я прыехаў з Расіі, што вы тут робіце, ідзіце адсюль”. Яны тлумачылі яму, што ён не мае права там паляваць, бо там ідзе газапровад, але ён рэагаваў агрэсіўна і не пагаджаўся сыходзіць. З-за такіх гісторый я лічу, што ў тэме палявання трэба ажыццяўляць вельмі жорсткі кантроль, каб такія людзі не мелі магчымасці паляваць.

Але калі адысьці ад тэмы турызму і палявання, так ці інакш узнікае пытанне пра паўнамоцтвы самой дзяржавы. Напрыклад, зараз можна здаваць у арэнду азёры. І ў мяне ёсць прыклады, калі людзі, набліжаныя да выканкамаў, арганізоўвалі юрыдычныя асобы, бралі ў арэнду і “апрацоўвалі” да такой ступені, што фактычна знішчалі там усю рыбу. Гэта проста ўзаконенае браканьерства!

Звычайным жыхарам забаронена сеткамі лавіць, але калі ты бярэш возера ў арэнду, дык можаш выкарыстоўваць сеткі. І калі чалавек звяртаўся ў выканкам і расказваў, што ён такія парушэнні бачыў, дык яму адказвалі: “Ну, у вас жа фатаздымкаў няма, значыцца нічога не было.” І людзі абураюцца, бо яны на свае вочы гэта бачылі, але ім кажуць “Нясіце відэа!”

Усё можна добра арганізаваць, калі ў людзей ёсць давер да мясцовых уладаў, і калі ёсць жорсткі кантроль над паляваннем і рыбалоўствам.

З гэтае пытанне цесна звязанае з пытаннем рэальных паўнамоцтваў адпаведных кантралюючых ворганаў. Ці можа інспектар назваць арэндатара браканьерам і прыцягнуць яго да адказнасці?

У цяперашняй сітуацыі, верагодна, і не можа, бо калі паглядзець на прозвішча старшыні сельскага савета і прозвішча дырэктара гэтага садовага кааператыва, які ўзяў возера ў арэнду, дык гэта можа быць адно і тое ж прозвішча. І часта ў рэгіёнах арэндатары – гэта акурат не “людзі з вуліцы”. Можа, мясцовыя жыхары і самі б арэндавалі, каб толькі ніхто нічога з гэтым возерам не рабіў, але пра гэта не ідзе нават гаворка.

 

Я аналізавала тэндэры па некаторых азёрах, і аказалася, што ўсё адбывалася ў закрытым рэжыме, людзям ніхто ні пра што не паведамляў, хоць яны два гады пісалі ў міністэрства і прасілі, каб гэтыя азёры ў арэнду не здавалі. Тобок меркаванне мясцовых жыхароў зноўку ж ніяк не ўлічваецца.

Болей навін