Рабіць тут і цяпер: гутарка з Вольгай Кавальковай

01 лютага 2018 10:50  |  Галоўныя навіны

Рабіць тут і цяпер: гутарка з Вольгай Кавальковай

 

Каля месяца таму чарговай, чацвёртай па ліку, сустаршынёй аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” была абраная жанчына – Вольга Кавалькова, вядомая па правядзенні шэрагу сацыяльных кампаній у Беларусі. Мы паразмаўлялі з ёй і даведаліся, для чаго ёй гэта, і як сацыяльна-палітычная актыўнасць можа быць карыснай хрысціянам.

Krynica.info: У БХД самая дзіўная структура ў параўнанні з іншымі беларускімі партыямі і арганізацыямі – чатыры сустаршыні. Для чаго такая структура, што яна вам дае, і ці не прасцей адмовіцца ад гэтага і ўвесці адзіную пасаду кіраўніка з намеснікамі?

Вольга Кавалькова: Насамрэч тут пытанне не як прасцей, а як эфектыўней. З часу аднаўлення дзейнасці БХД у нас заўсёды было сустаршынства, і яно паказала сваю эфектыўнасць у сённяшніх ўмовах. Кожны сустаршыня адказвае за пэўныя накірункі дзейнасці, але па ўсіх пытаннях мы ўсе камунікуем і прымаем рашэнні разам. Сустаршыні ў БХД усе розныя – з рознай адукацыяй і жыццёвым досведам, і мы добра дапаўняем адно аднога. А ва ўмовах рэпрэсій і ціску пры сустаршынстве менш шанцаў, што ўсіх адначасова могуць затрымаць і не будзе каму кіраваць партыяй. Падчас падзеяў вясны 2017 года БХД была амаль адзінай структурай, якая працягвала актыўную працу, калі лідараў затрымлівалі і давалі суткі.

Krynica.info: Для чаго вам персанальна трэба гэтая пасада? Проста пункцік у рэзюмэ ды сацсетках альбо нешта большае?

Вольга Кавалькова: Я ніколі у жыцці нічога не раблю дзеля пункцікаў. Я заўжды раблю толькі тое, што лічу важным, карысным і дасягальным. Калі б пяць гадоў таму мне хтосьці сказаў, што я буду адным з лідараў апазіцыйнай партыі, то я б рассмяялася. Тады такіх планаў у мяне не было. Але чым больш я працавала, тым больш разумела, што палітыка – гэта маё, як і хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці. Новая пасада – па-першае, гэта сведчанне майго ўнёску ў дзейнасць і развіццё партыі за 6 гадоў, што я з’яўляюся яе актывістам, а па-другое, давер і падтрымка з боку сябраў партыі. Новыя людзі у кіраўніцтве – гэта заўжды надзеі на лепшыя змены і новыя магчымасці. Спадзяюся, я апраўдаю гэты давер.

Krynica.info: Як лічыце, ці можна ўвогуле рэалізавацца ў палітычнай сферы ў Беларусі, тым больш у апазіцыі?

Вольга Кавалькова: Рэалізавацца магчыма, у тым ліку і ў тых умовах, якія есць у Беларусі. Для гэтага патрэбна шмат працаваць і мець поспехі у гэтай працы, быць прафесійным, дыпламатычным, умець браць адказнасць, быць мэтанакіраваным, моцным, гатовым да канкурэнцыі і верыць у тое, што ты робіш.

Krynica.info: “А што ты зрабіў?” – такое пытанне часта чуюць апазіцыйныя настроеныя людзі ад сваіх крытыкаў. Ці ёсць вам што адказаць на гэтае пытанне?

Вольга Кавалькова: У БХД ёсць важны прынцып працы – тут і цяпер. Гэта азначае, што няважна, калі мы прыйдзем да ўлады, мы жывём у гэтай краіне цяпер, і мы хочам, каб у тых законах, якія прымаюцца уладай, улічвалася нашае меркаванне, каб нават не будучы пры ўладзе, але змагаючыся за яе, мы ўплывалі на сённяшнюю палітыку.

IMG_8073

Як вядома, крытыкаваць нашмат прасцей, чым узяць і нешта зрабіць. Я лічу, што з маім прыходам у партыю БХД стала больш прафесійная партыяй. Мы, нават не знаходзячыся ва ўладзе, паспяхова праводзім кампанію «У абарону жыцця», у якой дамагліся зменаў у Закон «Аб ахове здароўя», таксама у межах кампаніі «Абаронім нашых дзецей ад алкаголю» мы дамагліся забароны рэкламы алкагольных  брэндаў пад маркай пітной вады (Сваяк, Бульбаш). А зараз ёсць праект Указа аб абмежаванні часу і месцаў продажу алкаголю. Поспехі працы можна працягваць пералічваць, яны тычацца і нацыянальных кампаній, і рэгіянальных. Усіх гэтых зменаў мы дамагліся дзякуючы механізму грамадскага ціску: мы распрацоўваем заканадаўчыя прапановы, абгрунтаванне да гэтых прапановаў і збіраем подпісы грамадзян у іх падтрымку. А потым камунікуем з прадстаўнікамі ўладаў, дэпутатамі і міністрамі. Па розных кампаніях гэта розная колькасць, ад 100 подпісаў да 50 000. Калі ўлады бачаць, што гэта не прапанова і патрабаванне аднаго чалавека, то яны вымушаны рэагаваць. Калі б мы былі ва ўладзе, то, зразумела, было б прасцей. Але тое, што мы не ва ўладзе, не азначае, што мы павінны сядзець, глядзець і пагаджацца з тымі законамі, якія прымае улада. Мы павінны працаваць.

Krynica.info: Вы скончылі Акадэмію МУС, працавалі ў дзяржструктурах. З чаго вы так кардынальна змянілі сваё жыццё? Ці не шкадуеце, што сышлі ў апазіцыю?

Вольга Кавалькова: Я сваё жыццё кардынальна не змяняла. Калі я працавала на дзяржпасадах, то я дапамагала людзям у вырашэнні іх пытанняў унутры сістэмы, а зараз дапамагаю звонку. І досвед працы ў дзяржструктурах мне ў гэтым дапамагае. Жыццё не змянілася, змянілася месца. Я вырасла ў сям’і, у якой ніколі не падтрымлівалі палітыку дзейнай улады. На сямейных святах тата часта спрачаўся са сваякамі з рэгіёнаў, і палітыка была адзінай спрэчнай тэмай. Зараз амаль усе яны змянілі сваё стаўленне і таксама не падтрымліваюць дзеянні ўлады. Яшчэ ў 2002 годзе я пісала пратэсныя апазіцыйныя вершы, але да 2011 года не ведала і не спрабавала даведацца пра нейкія апазіцыйныя партыі. Напэўна, як і большасць беларусаў. А Акадэмію МУС я абрала з-за якасці адукацыі і прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў.

Krynica.info: Ці не абвінавачвалі вас з-за вашага мінулага ў працы на КДБ?

Вольга Кавалькова: Я ніколі не чула ў свой бок такіх абвінавачанняў. І калі шчыра, то мяне мала цікавіць тое, што пра мяне могуць так падумаць. Для такіх думак ці пытанняў павінны быць падставы. Трэба ацэньваць чалавека па яго дзеяннях, як сказана ў Новым Запавеце: „Па іхных пладах пазнаеце іх”. (Мацв. 7, 16-20).

Krynica.info: Як вашая палітычная і грамадская дзейнасць сумяшчаецца з хрысціянскімі прынцыпамі і прызначэннем жанчыны? Як жа “палітыка брудная справа”? І ці не варта, кажучы словамі «вялікіх», сядзець на кухні і варыць боршч, а не па плошчах шастаць?

Вольга Кавалькова: Пакажыце мне, дзе хрысціянства кажа, што ў мужчыны і жанчыны рознае прызначэнне?! Бог стварыў нас свабоднымі ў сваім выбары, ён даў нам таленты, якія мы павінны рэалізаваць згодна свайму пакліканню. Я бачу сваё пакліканне ў прасоўванні хрысціянскіх каштоўнасцей ва ўладзе, у палітыцы і ў жыцці. Палітыку робяць людзі. І калі кажуць, што гэта брудная справа, то маюць на увазе не вельмі сумленных людзей і папулістаў. Задача ж хрысціянскіх дэмакратаў – змяніць гэта стаўленне сваім прыкладам. І ўвогуле, каму і што варта рабіць, чалавек вырашае сам: камусьці варыць боршч падабаецца, а камусьці – кіраваць партыяй ці краінай. Гэта выбар. І тут няважна, жанчына ты ці мужчына. Але такому падыходу яшчэ доўга прыйдзецца вучыць грамадства. Для мяне прыклад моцнага палітыка – гэта Ангела Меркель. Праблема ў Беларусі, як і ў Расеі, што жанчын у палітыцы не успрымаюць сур’ёзна, а ўспрымаюць як фэйкавых кандыдатаў. Тут, канешне, важна, як самі жанчыны сябе паводзяць, і ці даюць яны падставы для такога стаўлення. Гэтае стаўленне трэба змяняць.

Krynica.info: У мінулым годзе вы адсядзелі сем сутак за акцыю пратэсту ў Маладзечне, адыгрывалі вядучую ролю падчас акцыю на праспекце Незалежнасці 25 сакавіка. Ці не было вам страшна?

Вольга Кавалькова: Не, страшна не было. Падчас падзей вясны 2017 я больш даведалася пра сябе. Таму што абставіны, у якіх выпала апынуцца, паказалі мне, што я не баюся, не губляюся, а наадварот станаўлюся яшчэ больш сабранай і моцнай. Ты пра гэта не даведаешся, пакуль не адчуеш на сабе. IMG_8074

Krynica.info: БХД як партыі і яе адгалінаванням у якасці грамадскіх арганізацый беларускія ўлады адмаўлялі ў рэгістрацыі больш за 20 разоў. Чаму так? Можа, лепш пайсці ў іншыя, зарэгістраваныя, партыі, над якімі не вісіць “дамоклаў меч” адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і ў якіх ёсць больш арганізацыйных магчымасцяў?

Вольга Кавалькова: Адмаўлялі таму, што БХД мае вялікі патэнцыял. Улады баяцца канкурэнцыі. Тым больш каштоўнаснай. Я не баюся адказнасці. БХД – гэта не выбар арганізацыі. Гэта выбар каштоўнасцей. Я тут таму, што я сама – праваслаўная хрысціянка, і таму, што мне важныя хрысціянскія каштоўнасці і ідэі дэмакратыі. Тым больш я лічу сваё з’яўленне ў БХД дабраславеннем, бо на першую сустрэчу ў партыю мяне запрасіў праваслаўны святар. Як прыйшла, так і не магу, і не хачу, і не планую сыходзіць. Бо з дапамогай партыі можна рабіць нашмат больш карыснага, чым паасобку.

Krynica.info: 22 студзеня БХД падала дакументы на рэгістрацыю ў чарговы раз. Што вы чакаеце ад яе?

Вольга Кавалькова: Гэта будзе сёмая спроба рэгістрацыі палітычнай партыі. На жаль, ведаючы досвед БХД, шмат чакаць не прыходзіцца. Але надзея ёсць заўжды. Кожная падача дакументаў на рэгістрацыю – гэта добрая магчымасць мабілізацыі сябраў партыі і далучэнне новых людзей.

Krynica.info: Моладзевую і сеньёрскую арганізацыі БХД узначальваюць жанчыны. Жанчыны кіруюць дзвюма абласнымі арганізацыямі хрысціянскіх дэмакратаў і шэрагам гарадскіх ды раённых. Вось цяпер і вы сталі сустаршынёй. Ці не значыць гэта, што жанчыны захопліваюць уладу ў партыі? Альбо ў вас ёсць нейкія гендарныя квоты?

Вольга Кавалькова: Улада належаць тым, хто за яе змагаецца, хоча трымаць і каго падтрымліваюць людзі. Я радая, што ў БХД шмат жанчын, але нам ёсць куды расці. Гендарных квотаў у нас няма, але ў праграме партыі есць раздзел, які прысвечаны роўнасці мужчын і жанчын. IMG_8097

Krynica.info: Вы ўзначальваеце таксама Сацыяльна-хрысціянскі рух. Што будзе з ім? Ці будзеце спрабаваць “усядзець на двух крэслах”, альбо варта чакаць нейкіх ракіровак?

Вольга Кавалькова: Сацыяльна-хрысціянскі рух – гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей, якія хочуць вырашаць важныя для сябе і грамадства пытанні, абараняць  хрысціянскія каштоўнасці, але для якіх палітыка не стаіць на першым месцы. На бліжэйшы год запланаваны шэраг сацыяльных кампаній у рэгіёнах, а таксама агульны сход, дзе мы будзем падводзіць вынікі працы і будзем разам прымаць рашэнне аб кіраўніцтве і стратэгіі, а таксама падаваць дакументы на рэгістрацыю.

Krynica.info: За што вы адказваеце ў партыі? Якія планы на бліжэйшую дзейнасць як вас у партыі, гэтак і БХД у цэлым? Што нам чакаць ад хрысціянскіх дэмакратаў і Вольгі Кавальковай у бліжэйшыя год-два?

Вольга Кавалькова: Як сустаршыня партыі я буду займацца распрацоўкай заканадаўчых прапановаў па кампаніях, якія мы лічым важнымі і патрэбнымі для нашай краіны, лабіяваннем іх на усіх узроўнях і камунікацыяй з уладамі і хрысціянскімі супольнасцямі па гэтых кампаніях. У аснове працы нашай партыі павінны быць два прынцыпы: адкрытасць і прафесіяналізм. БХД – гэта народная партыя, і гэта азначае, што мы павінны быць больш адкрытымі да людзей, мы павінны не толькі казаць, але чуць, што хочуць і што патрэбна людзям. Мы павінны быць прафесійнымі. Гэта азначае, што для таго, каб дасягнуць зменаў, недастаткова толькі крытыкаваць уладу, патрэбна мець якасныя прафесійныя прапановы па вырашэнні гэтых пытанняў. За апошнія гады мы маем добрыя прыклады, калі законы мяняліся па нашых прапановах.  

Прафесіяналізм дае нам магчымасць звонку ўплываць на рашэнні, якія прымае улада. І быць гатовымі атрымаць гэту уладу і захаваць яе ў нашых руках. Krynica.info: Часта можна пачуць такія меркаванні, што БХД – гэта “секта”. Наколькі яно праўдзівае? З другога боку, ці не баіцеся страціць сваю хрысціянскую сарцавіну і мэтавую аўдыторыю, уключаючы у свой склад людзей няверуючых ці веруючых, але не ў Хрыста?

Вольга Кавалькова: Мы не секта і не царква, мы палітычная партыя. Хрысціянска-дэмакратычныя партыі існуюць па усім свеце. У нас есць дзве мэтавыя групы – адна з іх больш вузкая – гэта хрысціяне ўсіх канфесій, а другая – гэта ўсе астатнія грамадзяне краіны. БХД – гэта народная партыя, і гэта азначае, што мы павінны быць больш адкрытымі да людзей, мы павінны не толькі казаць, але чуць, што хочуць і што патрэбна людзям. Мы павінны працаваць на тое, каб не выглядаць як «секта», мы павінны быць партыяй большасці, якая заснавана на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах і кожны хто да нас звяртаецца, павінен адчуваць клопат і абарону. Мы не павінны дзяліць людзей на сваіх і чужых. Гэта не хрысціянскі падыход. Калі чалавек працуе на дзяржаўнай пасадзе, гэта не азначае, што ён вораг. І мы яму не ворагі. Тое ж і з людзьмі, якія належаць да іншых веравызнанняў. Для таго, каб пераканаць гэтых людзей, мы павінны выкарыстоўваць праўду і канкрэтныя аргументы. Калі ж выкарыстоўваць размытыя заявы, то людзі могуць падумаць, што мы далёкія ад рэальнасці, у іх можа скласціся ўражанне, што іх да чагосьці прымушаюць. А людзі хочуць быць свабоднымі, хочуць мець права выбару. Таму за нашымі выказваннямі павінны стаяць пэўныя каштоўнасці. Паўсюль ёсць розныя людзі, ёсць і тыя, хто, як і мы, бачыць праблемы і хацеў бы іх вырашаць. Мы павінны шукаць хаўруснікаў. Нас яднае тое, што усе мы жывем у гэтай краіне і хочам жыць лепш.

Krynica.info: Навошта хрысціянам далучацца да БХД, падтрымліваць яе? Што гэта ім дасць?

Вольга Кавалькова: Палітычная партыя – гэта інструмент, з дапамогай якога можна вырашаць праблемы, якія існуюць у хрысціянскіх канфесій. У пратэстанцкіх прыходаў, напрыклад, застаюцца праблемы з заканадаўствам (рэгістрацыяй), у каталіцкіх святароў – праблемы з тым, каб патрапіць у Беларусь і стала тут жыць і працаваць, у праваслаўных – праблемы з адкрыццём храмаў і вяртаннем маёмасці. IMG_8183

Адна з нашых задач – дапамагаць і спрыяць вырашэнню такіх пытанняў. Нам патрэбны добры «Закон аб свабодзе веравызнання», згодна якому ўсе канфесіі будуць мець роўныя правы і магчымасці. І мы можам разам працаваць у гэтым накірунку. Хрысціяне маюць запавет любові для бліжняга; у грамадскай сферы гэты запавет выражаецца ў панятку сацыяльнай адказнасці хрысціян. Кожны чалавек вольны выбіраць спосаб ажыццяўлення гэтай адказнасці. БХД – гэта аб’яднанне людзей, якія маюць супольныя каштоўнасці, заснаваныя на біблейскіх запаветах і евангельскім вучэнні Іісуса Хрыста. Дзейнасць БХД накіравана на стварэнне такіх ўмоў у беларускім грамадстве, якія б спрыялі найлепшаму раскрыццю талентаў нашых людзей. У партыі дастаткова надзённых і эфектыўных кампаній, да якіх можна далучацца, а можна таксама ствараць новыя. Чалецтва ў БХД дае магчымасці працаваць у камандзе аднадумцаў, рэалізоўваць таленты, дадзеныя Богам, дабівацца перамог на карысць грамадзян Беларусі тут і цяпер.

Бліц-апытанне:

1. Хто, калі не Лукашэнка?

Я:)

2. Брусель ці Масква?

Брусель, а потым Масква

3. Рэвалюцыя ці рэформы?

Рэформы

4. Кніга ці фільм?

Фільм дома, кніга у вандроўках

5. Малітва ці дзеянне?

Малітва падчас дзеяння  

Гутарыў Максім Гацак, фота Надзеі Гацак, Krynica.info

Болей навін