Віктар Грэкаў: у Магілёве грошы на трыумфальную арку ёсць, а на паліклініку “не хапае”
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кандыдат у дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў па Сараканайскай выбарчай акрузе №15 Віктар Грэкаў выступіў з радыёзваротам да выбаршчыкаў.
“Добры дзень, шаноўныя сябры!
Мяне завуць Віктар Грэкаў. Я жыву ў мікрараёне Казіміраўка. Гэты мікрараён з’яўляецца новабудоўляй, і як, напэўна, у большасці новабудоўляў, у ім адсутнічаюць многія сацыяльныя аб’екты і ў тым ліку комплексная паліклініка. Жыхары нашага мікрараёна, а гэта ў першую чаргу пенсіянеры і маладыя сем’і з дзецьмі, зараз павінны ездзіць да лекараў у розныя ўстановы горада. Напрыклад, каб дабрацца да паліклінікі №2, трэба ехаць з перасадкай двума відамі грамадскага транспарту і затраціць на гэта шмат часу.
Гэту найважнейшую праблему трэба як мага хутчэй вырашаць, і ў генеральным плане забудовы мікрараёна паліклініка прадуглежана, але ўлады адказваюць, што на будоўлю яе не хапае сродкаў. А ў гэты час тут, у гэтым мікрараёне, улады будуюць, мабыць, помнік сабе ў выглядзе вялізнай трыумфальнай аркі. І сродкі, зусім не маленькія, на гэта ў іх ёсць. А сённяшніх дэпутатаў мясцовых саветаў, якіх, на жаль, не мы з вамі выбіралі, а якіх прызначыла ўлада, гэта зусім не турбуе, і яны не звяртаюць увагі і не кантралююць, як гэта ўлада выкарыстоўвае нашы з вамі падаткі. Бо не бывае дзяржаўных грошаў, ёсць грошы народныя, i гэтыя грошы павінны траціцца на патрэбы людзей – паліклінікі, школы, добрыя дарогі, добраўпарадкаваныя двары і тэрыторыі.
Гэта будзе магчыма толькі тады, калі ў мясцовых саветах будуць не прызначаныя кімсьці зверху, а выбраныя народам дэпутаты, якія павінны кантраляваць, як і на што выкарыстоўваецца мясцовы бюджэт.
Таму я, Віктар Грэкаў, удзельнічаю ў выбарах і вылучаю сваю кандыдатуру ў Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў — каб мець магчымасць разам з вамі ўплываць на рашэнні мясцовых улад.
Калі вы згодны з маімі поглядамі і жадаеце ведаць пра рашэнні гарадскіх улад, заклікаю вас, паважаныя мае суседзі, падтрымаць мяне на выбарах у дэпутаты Магілёўскага гарсавету.
Таксама заклікаю вас далучацца да маёй каманды хрысціянскіх дэмакратаў. Мы не чакаем калі нас абяруць, мы зараз працуем і актыўна ўдзельнічаем у шэрагу лакальных і нацыянальных кампаній, такіх як “За добраўпарадкаванне прыдваровых тэрыторый”, “За чысціню паветра”, “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” і шмат іншых.
У межах кампаніі “За якасную медыцыну для ўсіх” сабрана больш за 400 подпісаў за будаўніцтва комплекснай паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка.
Яшчэ важна не толькі прагаласаваць за мяне й маю праграму, але і абараніць свой голас. Таму прымайце ўдзел у назіранні за выбарамі.
Разам мы зможам адстаяць сваё права выбару і хутчэй вырашыць мясцовыя праблемы.
З павагай да вас ваш хрысціянскі дэмакрат Віктар Грэкаў”.