Акцыя «Сэлфі незалежнасці» да 100-годдзя БНР пачалася ў Менску
3 лютага ў Мінску пачалася акцыя «Сэлфі незалежнасці». Мерапрыемства прысвечана хуткаму 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і стартавала за 50 дзён да юбілейнай даты.
Акцыя пачалася каля дома № 50 па праспекце Незалежнасці – гэта будынак Белдзяржфілармоніі на плошчы Якуба Коласа, адкуль 25 сакавіка аргкамітэт па святкаванні стагоддзя БНР плануе пачаць святочнае шэсце.
Ініцыятары акцыі прапануюць свайго роду марафон сэлфі. 3 лютага акцыя прайшла каля дома № 50, 4 лютага – каля дома № 49, 5 лютага гэтага – каля дома № 48, з тым, каб да 25 сакавіка завяршыць акцыю на плошчы Незалежнасці.
У першай акцыі прынялі ўдзел сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, а таксама Яўген Афнагель, Вольга Нікалайчык, Максім Вінярскі і іншыя дэмакратычныя актывісты.
Арганізатары мерапрыемства падкрэсліваюць, што гэта не вулічнае мерапрыемства, а сумесны здымак, а таму для яго не патрабуецца дазвол сталічных уладаў.
Мерапрыемства, як паведаміў БелаПАН Павел Севярынец, здымалі пяць супрацоўнікаў міліцыі.
«Нас было 12 удзельнікаў, мы сфатаграфаваліся каля філармоніі, правялі шоу, на якім задаваліся пытанні пра гісторыю БНР. Тром пераможцам уручаны прызы – календары дат, звязаных з дзейнасцю БНР», – распавёў ён.
Пасля ўдзельнікі мерапрыемства сфатаграфаваліся на другім баку праспекта Незалежнасці, каля помніка Якубу Коласу.
«На наступныя сэлфі мы плануем запрашаць зорак: дэпутатаў, якія ў 1990-х гадах прагаласавалі за незалежнасць Беларусі, пісьменнікаў, музыкаў, палітыкаў. Сярод іх, Зміцер Дашкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў», – паведаміў ён.
Фота Сяргея Сацюка, Naviny.by