Грамадзянская пазіцыя. Як прамоўца БХД, які жыве ў Швейцарыі, дапамагае беларусам

06 лютага 2018 20:21  |  Палітыка

Грамадзянская пазіцыя. Як прамоўца БХД, які жыве ў Швейцарыі, дапамагае беларусам

 

У 2006 годзе бабруйчанін Аляксандр Сапега ажаніўся на швейцарцы і пераехаў у Цюрых. Малады чалавек быў далёкі ад беларускай культуры і гісторыі, але за мяжой выразна зразумеў, што не хоча губляць свае карані. Тады і з’явілася ідэя стварыць Асацыяцыю беларусаў Швейцарыі, якая аб’яднала некалькі сотняў чалавек.

Сёння яны не толькі спрабуюць захаваць і перадаць сваім дзецям веданне беларускай мовы і традыцый роднай краіны, але і актыўна дапамагаюць суайчыннікам. Сам жа Аляксандр часта бывае на радзіме, з якой яго звязваюць не толькі настальгічныя ўспаміны, але і даволі смелыя ініцыятывы па захаванні культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.

Два помнікі Тадэвушу Касцюшку і прах Магдалены Радзівіл

Некалькі гадоў таму ў Аляксандра з’явілася ідэя ўвекавечыць памяць Тадэвуша Касцюшкі – беларускага, польскага, літоўскага і амерыканскага нацыянальнага героя. Ён памёр у швейцарскім горадзе Залатурн, дзе было прынята рашэнне ўсталяваць помнік. Грошы на яго стварэнне збіралі швейцарскія беларусы, але напярэдадні ўрачыстага адкрыцця з прэтэнзіяй выступіў польскі бок, які запатрабаваў, каб з шыльды на помніку знік надпіс на беларускай мове.

– Гэта была дыпляматычная вайна, і шараговыя палякі дагэтуль не разумеюць, для чаго яе задумалі, – успамінае Аляксандр.

У выніку надпіс на пастаменце ўдалося адваяваць, а сам канфлікт быў вырашаны на ўзроўні некалькіх дзяржаў. І паслужыў штуршком для новай ініцыятывы па ўстаноўцы аналагічнага помніка ў Беларусі.

– Гэта была нагода для таго, каб пераасэнсаваць вобраз нацыянальнага героя. Беларусы сталі задаваць пытанне: а чаму ў нас дагэтуль няма такога помніка? І самі сабралі на яго грошы – хтосьці даваў два рублі, а хтосьці і дзве тысячы.

Сродкі на помнік збіраліся на краўдфандынгавай платформе «Талака», і ў выніку 10 лютага скульптура Тадэвуша Касцюшкі будзе ўсталяваная на яго радзіме ў Мерачоўшчыне (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).

– Я як раз і прыехаў для таго, каб перавезці помнік з Харкава, дзе ён быў выраблены, – кажа Аляксандр.

А праз тыдзень пасля адкрыцця помніка, 17 лютага, будзе рэалізаваны яшчэ адзін праект бабруйчаніна, звязаны з гісторыяй знакамітага роду Вялікага княства Літоўскага. У сталічным касцёле Залатога Роха адбудзецца ўрачыстае перапахаванне урны з прахам Магдалены Радзівіл – мецэнаткі і грамадскага дзеяча, якая на мяжы 19 і 20 стагоддзяў актыўна падтрымлівала развіццё беларускай культуры.

Пасля рэвалюцыі Магдалена Радзівіл з’ехала ў Еўропу і памерла ў Швейцарыі, запавядаючы пахаваць сябе ў Мінску. Толькі цяпер сваякі змаглі выканаць яе волю, эксгуміравалі і крэміравалі прах памерлай, а пасля перадалі скрыню Аляксандру Сапегу з тым, каб ён перавёз яе ў Беларусь.

– Яе прах знаходзіцца ў Мінску, у Чырвоным касцёле амаль год, – кажа Аляксандр – Увесь гэты час вяліся перамовы пра месца пахавання Магдалены. Першапачаткова прах хацелі перавезці ў Нясвіж, да якога яна ніякага дачынення не мае. Але ў выніку быў абраны кампрамісны варыянт – касцёл Залатога Роха.

Аляксандр кажа, што падчас эксгумацыі ў магіле апынулася два шкілеты. Другі належаў дачцэ Магдалены, быў крэміраваны і адпраўлены ў Варшаву па патрабаванні сваякоў. Дарэчы, нашчадкі Радзівілаў пацвердзілі свой удзел у перапахаванні праху Магдалены ў Менску.

– Мне здавалася, што гэта вельмі простая справа – са згоды сям’і ўзяць і перавезці астанкі ў Беларусь. Але аказалася, што гэта – таксама палітыка, для вырашэння пытання спатрэбіўся амаль год.

«У Швейцарыі думаюць пра дапамогу іншым»

У швейцарцаў, па словах Аляксандра, іншы менталітэт. Яны не жывуць у доўг і не бяруць крэдыты на куплю мабільнага тэлефона, тэлевізара. Лічаць, што лепш месяц як след папрацаваць і купіць сабе тое, што хочацца.

Сярэдні заробак у Швейцарыі эквівалентны 6-8 тысячам даляраў ЗША. Частку заробленых сродкаў большасць жыхароў гэтай краіны ахвяруе на дабрачыннасць. Сям’я Аляксандра ў гэтым стаўленні – не выключэнне.

– Калі ў швейцарскім грамадстве чалавек дасягае нейкіх вышынь, пачынае адчуваць сябе бяспечна ў фінансавым плане, у яго з’яўляецца сацыяльная актыўнасць. У Швейцарыі думаюць пра дапамогу іншым. Вядома, могуць сустракацца эгаісты, якія аддаюць перавагу клапаціцца выключна пра сябе, але ў цэлым дабрачыннасць, актыўны лад жыцця з сацыяльнага пункту гледжання ў швейцарцаў у крыві. Для іх абсурдна праводзіць вечары перад тэлевізарам ці ж кожны дзень марнаваць час на прыгатаванне ежы, калі часам можна распарадзіцца больш рацыянальна.

Дабрачыннасцю займаецца і Аляксандр. Калі гаворка ідзе аб дапамозе беларусам у Швейцарыі, арганізацыі святаў ці ж рэалізацыі культурна-асветніцкіх праектаў, то на гэтыя мэты выдаткоўваюцца сродкі сяброў асацыяцыі, як сябе называюць швейцарскія беларусы, а таксама членскія ўнёскі.

– Калі патрэбна дапамога, мы проста кідаем кліч і збіраем грошы. Звычайна ахвяруюць ў межах 50-100 долараў, – кажа Аляксандр.

Калі гаворка заходзіць пра дабрачыннасць у Беларусі, то на гэта сыходзяць асабістыя грошы сям’і Сапегі. Напрыклад, муж і жонка за свой кошт у мінулым годзе памянялі 30 вокнаў у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі па вуліцы Арджанікідзэ, 40. Рэгулярна для дзяцей-сірот сям’я арганізоўвае паходы ў кіно, у парк, у музей. Па ініцыятыве Аляксандра для дзяцей з Клічаўскага раёна аднойчы былі арандаваны два аўтобусы для паездкі ў Бабруйск.

– Мы тады іх у кіно звозілі, – успамінае Аляксандр.

Ведаючы аб актыўнай грамадзянскай пазіцыі бабруйчаніна, па дапамогу да яго звяртаюцца многія беларусы.

– Прапаноўваюць і бізнес сумесны арганізаваць, і купіць фамільныя рэліквіі. Дапамагаю шматлікім, але далёка не ўсім.

«Дзеля дапамогі іншым даводзіцца ахвяраваць сваімі інтарэсамі»

Павышаную ўвагу да Аляксандра як да дабрачынцы з боку былых суайчыннікаў мужчыну некалькі напружвае. Бабруйчанін кажа, што яму цяжка адмаўляць людзям, але і ўсім адразу дапамагчы ён не ў стане.

– Выбіраю тых, для каго гэтая дапамога сапраўды будзе важная.

Адзін з апошніх выпадкаў – аплата запазычанасці за камунальныя паслугі жанчыны са Слонімскага раёна: выпадак стаў здабыткам грамадскасці і выклікаў бурныя дыскусіі ў электронных СМІ. Многія выказвалі меркаванне, што жанчына, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў, не варта дапамогі.

– Не мне судзіць, вартая яна яе ці не. І не мне вырашаць, ці пойдзе ёй гэтая дапамога на карысць, – кажа Аляксандр і дадае, што ўсё ж выдаткаваў час і разабраўся ў сітуацыі перш, чым пагасіць даўгі сельскай жыхаркі.

– Яна завінавацілася за электрычнасць 70 рублёў, ёй яго адключылі. А потым прызналі ўмовы пражывання непрыдатнымі для пецярых дзяцей і пазбавілі маці бацькоўскіх правоў. Яна не п’е, працуе ў мясцовай гаспадарцы, але атрымлівае капейкі. Пасля прымусовай выплаты часткі аліментаў на дзяцей у яе застаецца рублёў 40-50 на жыццё. А доўг дзяржаве за ўтрыманне дзяцей «старымі» грашыма складае больш за 200 мільёнаў.

Аляксандр прызнаецца, што не можа вярнуць жанчыне дзяцей. Але давесці да ладу дом ён ёй усё ж дапаможа – памяняе вокны, прывязе шпалеры і клей.

– А далей ужо дзяржава павінна вырашаць, як дапамагчы ёй выйсці з тупіка. У Швейцарыі людзі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, атрымліваюць сур’ёзную сацыяльную падтрымку. У Беларусі ж былі задзейнічаны ўсе магчымыя механізмы, каб гэтая жанчына апынулася ў бязвыхаднай сітуацыі.

Грамадская дзейнасць для сям’і Аляксандра ўжо стала часткай паўсядзённага жыцця, якую ў сілу велізарнай загружанасці даводзіцца планаваць на некалькі месяцаў наперад. Але часам здараюцца форс-мажоры, і тады планы кардынальна мяняюцца.

– Дзеля дапамогі іншым даводзіцца ахвяраваць сваімі інтарэсамі, – прызнаецца мужчына. – Цяпер мы з сям’ёй павінны былі адпачываць у Лондане, але ў апошні момант я здаў квіткі і прыехаў у Беларусь, каб вырашыць пытанне з помнікам Касцюшкі. Ну, і бабруйчан падтрымаць. Пасля выпадку ў Слонімскім раёне дапамог бабруйскай шматдзетнай сям’і разлічыцца за камунальныя паслугі. Прозвішча называць не буду – не думаю, што гэтыя людзі хочуць афішаваць свае праблемы.

«Еўропа павінны ведаць пра Курапаты»

Наступны глабальны праект Аляксандра Сапегі звязаны Курапатамі. Дакладней, з фільмам «Жоўты пясочак» па апавяданні Васіля Быкава, прысвечаным расстрэлу людзей у Курапатах. Стужка рэжысёра Аляксея Туровіча пабачыла свет у верасні 2017 года, а ў хуткім часе будзе прадстаўлена ў Швейцарыі на нямецкай мове.

– Усе правы на агучванне фільма ў мяне ўжо ёсць, цяпер абмяркоўваюцца тэхнічныя моманты. Мне вельмі не хацелася, каб гэты фільм быў з субтытрамі. Пазней планую зрабіць агучку «Жоўтага пясочку» на французскай. Еўропа павінна ведаць пра Курапаты.

 

Святлана Галоўкіна. Фота Аляксандра Чугуева. «Вечерний Бобруйск»

Болей навін