У Маладзечне прайшоў пікет за якасную медыцыну
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Раман Ганчароў, які з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога савета дэпутатаў, правёў у Маладзечне агітацыйны пікет за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання.
“Зараз у Маладзечне вельмі мала вузкіх спецыялістаў, і часам, каб атрымаць талончык да ўрача, неабходна прачнуцца а 5 і адстаяць вялікую чаргу. Не хапае якаснага сучаснага абсталявання”, – адзначыў актывіст.
Паводле яго, у Беларусі неабходна павялічваць заробкі медработнікаў, каб прывабліваць моладзь у гэтую сферу, набываць абсталяванне, уводзіць электронныя чэргі. “Медыцына – гэта наша здароўе, здароўе нашых дзяцей, наша будучыня. Укладаць сюды жыццёва неабходна. Нельга дапускаць, каб звычайны медагляд ператвараўся ў пекла. Запрашаю далучацца да маёй каманды і кампаніі “Права выбару”. Разам мы пераможам. Жыве Беларусь!” – заявіў Раман Ганчароў.