Павел Севярынец: будзем грукацца, пакуль не адчыняць
Заяўку на сустрэчу з кіраўніком Менскага гарвыканкаму сябры аргкамітэту сьвяткаваньня 100 год незалежнасьці БНР падалі 25 студзеня, але адказу на яго не было.
Цяпер ліст знайшоўся, чыноўнікі абяцалі адказаць. У мінулым годзе ўлады парушылі закон: не адказалі на заяўку аб акцыі на Дзень Волі своечасова.
Арганізацыйны камітэт па сьвяткаваньні 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі абяцае дамагацца сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам, заявіў чалец аргкамітэту, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, піша БелаПАН.
Пасьля чатырох няўдалых спробаў абмеркаваць зь менскімі ўладамі правядзеньне акцыі 25 сакавіка, аргкамітэт сьвяткаваньня вырашыў напісаць пісьмовы зварот.
Ліст з просьбай аб сустрэчы з Шорцам, які падпісалі 13 прадстаўнікоў аргкамітэту, быў пададзены ў Менгарвыканкам яшчэ 25 студзеня. У ім прасілі дазволіць на 25 сакавіка ня толькі традыцыйнае шэсьце і мітынг (якія дазваляюць не заўсёды, нярэдка брутальна разганяюць), але і канцэрт у цэнтры гораду. Яшчэ адзін зварот з просьбай арганізаваць сустрэчу быў накіраваны ў гарвыканкам 2 лютага.
Адказаў на пісьмовыя звароты пакуль не было. Севярынец расказаў на прэс-канфэрэнцыі, што 8 лютага быў на прыёме ў кіраўніка аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў — там даведаўся, што «ліст знайшоўся», на яго паабяцалі даць афіцыйны адказ.
«Шорац ні ад каго ня бегае, па Курапатах вы сустракаліся, і тут праблемаў няма», — пераказваў Севярынец адказ чыноўнікаў Менгарвыканкаму. Сам Севярынец мяркуе, што гарадзкія ўлады ня ведаюць, што адказаць пра акцыю 25 сакавіка, бо рашэньне прымае асабіста Лукашэнка.
За леташні правал зь «недазабаронай» акцыі на Дзень Волі нікога не пакаралі
Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна жа Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.
«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.