У Гомелі прайшоў пікет за рэформу судовай сістэмы (відэа)

17 лютага 2018 13:51  |  Палітыка

 

У Гомелі 17 лютага прайшоў пікет Беларускай хрысціянскай дэмакратыі “За рэформу судовай сістэмы – супраць наркотыкаў”. Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які ўзяў удзел у акцыі, гэта тэма актуальная, бо па арт. 328 КК у Беларусі асуджаныя тысячы чалавек.

“Нібыта за распаўсюд наркотыкаў хлопчыка 16-18-і гадоў атрымліваюць па 6, 8, 12 гадоў рэальнага зняволення за тое, што ў іх знайшлі ў кішэні пыл ад марыхуаны. Наркабароны на волі, а дзеці – у вязніцы”, – заявіў ён.

“Мы прапануем усім грамадзянам далучыцца да прапаноў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі за рэформу судовай сістэмы, бо не толькі асуджаныя па арт. 328, але і ўсе людзі, якія сутыкаліся з міліцыяй, несправядлівымі судамі, з пракуратурай, ведаюць, што тое, што там творыцца, – па сутнасці прававое бязмежжа. Людзі не абароненыя. І сёння наш пікет у падтрымку ўсіх несправядліва асуджаных”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Ініцыятарам пікету была Таццяна Канеўская, прадстаўніца руху сваякоў асуджаных, якая сёлета балатавалася кандыдатам у дэпутаты, але якой, як і іншым радстаўнікам руху, улады адмовілі ў рэгістрацыі нібыта на падставе падробленых подпісаў. Але яна стала даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад Правацэнтрысцкай кааліцыі і змагла праводзіць пікеты па хвалюючай яе тэматыцы.

Пры гэтым Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што і БХД, і маці асуджаных па арт. 328 КК выступаюць супраць легалізацыі наркотыкаў, у тым ліку і марыхуаны.

 

Падрабязнасці пікету на відэа:

Болей навін