Заява Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
У сувязі з ганебнымі акцыямі кампаніі “Легалайз”, якую прасоўвае і рэкламуе арганізацыя «Дзея», дыскрэдытуючымі дэмакратычную апазіцыю і абражаючымі хрысціян нашай краіны, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе:
Мы абураныя акцыяй, каторую праводзіла кампанія “Легалайз” арганізацыі «Дзея» пад час Хрыстовага Раства, 25 снежня 2017 году. Гэтая акцыя і кампанія «легалайза», што праводзіцца “Дзеяй” – за легалізацыю/дэкрыміналізацыю наркотыкаў, дагэтуль рэкламуюцца на афіцыйных старонках «Дзеі». Падчас «калядавання» сябры «Дзеі» хадзілі гораду Мінску і спявалі беларускія калядныя песні, дзе Імя Хрыста было замененае на слова «ганджубас» (што значыць «нарката»).
«Ганджубас радзіўся, свет узвесяліўся,
Ганджубаса раджэнне – свету на збаўленне » , і гэтак далей.
На адных пікетах сябраў “Дзеі” – лагатып 100 гадоў БНР і бел-чырвона-белы сцягі, на іншых – патрабаванне легалізацыі наркотыкаў, ганьбаванне беларускіх нацыянальных хрысціянскіх гімнаў. Тэму ўжо падхапіла БТ. Недарэчная і правакацыйная кампанія “легалайзу” дыскрэдытуе і ставіць пад удар кампаніі, што праводзяцца дэмакратычнымі сіламі краіны, у тым ліку святкавання 100-годдзя БНР.
Як дэмакратычная арганізацыя, мы не можам забараніць каму-небудзь выступаць нават з такім абразлівымі для ўсіх хрысціянаў акцыямі як «канапляная каляда», дзе падчас святкавання Каляд, у рэлігійных песнях беларускага народа імя “Хрыстос” замяняецца на «ганджубас» (наркотыкі).
Кожны мае права на свабоду веравызнання і свабоду выказвання, аднак абразу і прыніжэнне веры іншага чалавека (а ў дадзеным выпадку ідзе гаворка аб хрысціянах нашай краіны) мы лічым недапушчальнымі і амаральнымі. Акрамя таго, ганьбіцца хрысціянская культурная спадчына беларускага народа.
Мы заклікаем арганізацыю “Дзея” і яе сябраў спыніць ганьбаванне хрысціянскай культурнай спадчыны беларускага народа праз СМІ і сацыяльныя сеткі.
Мы заяўляем аб тым, што катэгарычна асуджаем ганьбаванне беларускіх нацыянальных хрысціянскіх гімнаў. а таксама кампанію за легалізацыю наркотыкаў.
Мы перакананыя, што імя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, як і імя ўсяго дэмакратычнага беларускага руху не павінна стаяць побач з такімі сумнеўнымі кампаніямі, не мусіць асацыявацца з акцыямі, падобнымі «канаплянай калядзе» альбо мітынгу за легалізацыю наркотыкаў.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя