Бабруйскіх актывістак пакаралі штрафам за пераход вуліцы напярэдадні 100-годзьдзя БНР
Бабруйскі аддзел ДАІ пакараў Таісію Кабанчук з аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Галіну Сьмірнову з прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці штрафам у адну базавую велічыню (24,5 рубля) кожную. Адміністрацыйная камісія інспэкцыі прызнала іх вінаватымі ў парушэньні правілаў дарожнага руху.
Разгляд справы Таісіі Кабанчук камісія ДАІ зрабіла закрытым
Паводле актывістак, пакараньне іх надуманае і незаконнае. Абедзьве сьцьвярджаюць, што супрацоўнікаў ДАІ выкарысталі, каб затрымаць іх напярэдадні сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі і перашкодзіць ім выехаць 25 сакавіка ў Менск на сьвяточны канцэрт. Вырак камісіі актывісткі будуць абскарджваць.
Са слоў Таісіі Кабанчук, яе справу разглядалі за зачыненымі дзьвярыма, і ў яе не было магчымасьці сябе абараніць.
«Супрацоўнікаў ДАІ, якія разглядалі справу, спалохала тое, што адзін з тых, хто прыйшоў мяне падтрымаць, здымаў працэс на відэа, — сказала Таісія Кабанчук. — Міліцыянты сышлі ў іншы пакой. Мяне на разгляд не пусьцілі і праз 50 хвілін абвясьцілі вырак. У пастанове няма расшыфроўкі росьпісу міліцыянтаў, якія прынялі рашэньне аб пакараньні. Прыгадваю, што справу распачынаў Хадыка, а позву выпісваў Сяргей Козыраў».
На Тасію Кабанчук склалі пратакол аб пераходзе праезнай часткі ў недазволеным месцы ўдзень 24 сакавіка пасьля таго, як яе «дужыя хлопцы ў цывільным зацягнулі ў машыну» і даставілі ў ДАІ. Акрамя парушэньня правілаў дарожнага руху, актывістку зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі. Гэтую справу 26 сакавіка Бабруйскі суд адправіў на дапрацоўку. Да суду пэнсіянэрку Кабанчук трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Смірнова: Было зразумела, што пакараюць, пытаньне заставалася — колькі дадуць
Галіна Сьмірнова, паводле супрацоўнікаў ДАІ, перайшла вуліцу ў недазволеным месцы ўначы 23 сакавіка. Яна нібыта хацела ўцячы ад праваахоўнікаў, таму яе затрымалі. Супраць актывісткі сьведчылі двое супрацоўнікаў АМАП — Дзьмітры Старапас і Юры Кавалеўскі. Галіна настойвае, што яе затрымалі каля пад’езда ейнага дома, калі яна прыехала на таксоўцы з урачыстай імпрэзы на сядзібе гарадзкой арганізацыі АГП. Пратакол аб парушэньні правілаў дарожнага руху на яе склалі, калі высьветлілася, што яна цьвярозая.
Справу разглядаў супрацоўнік ДАІ капітан Сяргей Козыраў. Як сказала актывістка, ёй не дазволілі сфатаграфаваць матэрыялы, каб у іх разабрацца.
«Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў складзены так, што прачытаць яго было немагчыма, — кажа актывістка. — Для мяне не было пытаньня, ці пакараюць мяне. Інтрыгай заставалася, колькі дадуць. Далі адну базавую велічыню. Будзем абскарджваць пакараньне».
Галіну Сьмірнову трымалі ў ізалятары больш за двое сутак. На яе, як і на Таісію Кабанчук, склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі. Бабруйскі суд адправіў гэтую справу на дапрацоўку.
Таісія Кабанчук і Галіна Сьмірнова былі заяўніцамі мітынгу ў Бабруйску да Дня Волі. Правесьці яго ў цэнтры гораду 24 сакавіка гарвыканкам не дазволіў. Прапанаваў сабрацца 25 сакавіка на стадыёне «Славянка». Актывісткі не пагадзіліся і паспрабавалі дамовіцца з чыноўнікамі пра мітынг на плошчы Перамогі, але марна.