Улады Віцебску хочуць схаваць, куды ідуць грошы (відэа)
Недабудаваны дзіцячы садок, недахоп школы і паліклінікі ў мікрараёне Білева. Гэта толькі частка праблемаў, якія ўжо некалькі гадоў застаюцца неразвязаныя для жыхароў Віцебску. Каб мець магчымасць уплываць на будаўніцтва аб’ектаў у сваім горадзе, а таксама ведаць, якім чынам размяркоўваецца мясцовы бюджэт, актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі зарганізавалі збор подпісаў і накіравалі зварот з адмысловаю просьбай у Аблвыканкам.
У адказ – нечаканая рэакцыя ўладаў
«Людзям тэлефанавалі. Да людзей прыходзілі. Уводзілі іх у зман. Наваднымі пытаннямі і такім запужваннем прымушалі адмовіцца ад подпісаў«, – распавядае актывістка Алена Янушкоўская.
Копіі звароту з Аблвыканкаму трапілі ў адміністрацыю гораду, працаўнікі якой пачалі спраўджваць, ці сапраўды рэальныя асобы ставілі свае подпісы. А менавіта – пачалі тэлефанаваць падпісантам. У некаторых выпадках да грамадзянаў прыходзілі на працу і браліраспіскі ў стылі: «Прашу зварот не разглядаць. Яго сутнасць мне невядомая». Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, ужо адзін факт тэлефоннага званка парушае заканадаўства аб калектыўных зваротах ды можа разглядацца як ціск.
«Наш закон не дазваляе службовым асобам правяраць падпісвалі гэтыя грамадзяне звароты, ці не. Службовыя асобы абавязаныя ў 15-дзённы тэрмін, а калі неабходна правядзенне дадатковай праверкі – у 30-дзённы тэрмін прыняць законнае і абгрунтаванае рашэнне па звароце», – тлумачыць праваабаронца.
Старшыня аблвыканкаму: «Я не ведаю»
Каб разматаць клубок ды высветліць асобу, якая дала такое даручэнне, актывісты звярнуліся ў Віцебскі аблвыканкам.
«Калі мы спыталі: на якой падставе? Дык спадар Пінін, намеснік Шарснёва – старшыні Аблвыканкаму, проста паціснуў на гэта плячыма і сказаў: «я не ведаю». Яны такімі святымі прыкідваюцца, яны нічога не ведаюць, калі самі парушаюць заканадаўства», – абураецца кіраўніца БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Што праўда, пасля сустрэчы прыйшоў адказ
«Падчас разгляду гэтага калектыўнага звароту былі праведзеныя размовы (выбарачна) з заяўнікамі. Пры гэтым уцісканне правоў, свабодаў і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў, іхных прадстаўнікоў, членаў сем’яў заяўнікаў-грамадзянаў у сувязі з іхным зваротам не дапушчанае. Праверкі сапраўднасці подпісаў не праводзілася», – зазначыў старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарснёў.
Калектыўны зварот Віцебскі аблвыканкам усё ж разгледзеў. Ды адказаў, што правы грамадзянаў, звязаныя з іх удзелам у фармаванні бюджэту і развіцці гораду, і гэтак забяспечваюцца органамі мясцовага самакіравання ў поўным памеры.